Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра стратэгію Расеі: Пуцін вымывае ідэнтычнасьць у Беларусі, Грузіі і на Каўказе


Уладзімір Зяленскі каля сваёй адміністрацыі ў Кіеве, 22 чэрвеня 2024
Уладзімір Зяленскі каля сваёй адміністрацыі ў Кіеве, 22 чэрвеня 2024

«Заўсёды адна і тая схема: замацавацца, узяць тэрыторыю пад акупацыю — вайной, як у нас, або палітычна, або дзьвюма войнамі, як у Чачэніі, па-рознаму», — так прэзыдэнт Украіны ацаніў расейскую палітыку.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што галоўная мэта Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў вайне з Украінай — зьнішчыць яе незалежнасьць і нацыянальную ідэнтыфікацыю.

«Ягоная перамога ў ягонай галаве, гэта, як кажуць пра людзей хірургі, — несумяшчальнасьць з жыцьцём Украіны. Вось гэта для яго перамога. Тэрыторыя можа быць нейкая, нават людзі — яны могуць размаўляць па-ўкраінску, але ня ўсе, і патроху вымываць украінскую незалежнасьць. Тое, што ён вымывае ў Беларусі. Паглядзіце, ягоная ж перамога абсалютна зразумелая. Гэта вымываньне ідэнтычнасьці любога народу. Гэта самае галоўнае», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію калумністцы амэрыканскага выданьня The Philadelphia Inquirer Трудзе Рубін.

Паводле яго, усё гэта Расея ажыцьцяўляла на Каўказе, і атрымала яна гэтую палітыку ў спадчыну ад Савецкага Саюзу.

«Вы паглядзіце, ён жа [Пуцін] максымальна вымываў іх ідэнтыку — і Чачэнія, і з Грузіяй ён зараз гэта робіць. Заўсёды адна і тая схема: замацавацца, узяць тэрыторыю пад акупацыю — вайной, як у нас, або палітычна, або дзьвюма войнамі, як у Чачэніі, па-рознаму. То бок акупаваць, потым, адпаведна, зьмена ўлады, заканадаўства, вымываньне незалежнасьці, аб’яднаньне праз фармат таго ці іншага саюзу, выдумляюцца гэтыя саюзы — або ў бясьпецы, або саюз эканамічны — і раствараецца ў гэтым расейскім брудзе. Вось гэтая гісторыя, чаму мы павінны быць моцнымі. Каб ня страціць сваю краіну», — заявіў украінскі прэзыдэнт.

Уладзімір Зяленскі мяркуе, што Пуціну «праглынуць» Украіну больш складана.

«Мы большыя, чым тыя, каго ён праглынуў. І чаму Грузія сёньня мае, на жаль, вялікія праблемы са сваёй незалежнасьцю і сваёй будучыняй — бо яны меншыя, і яны знаходзяць сёньня на найвышэйшым узроўні з расейскім бокам кампраміс», — мяркуе прэзыдэнт Украіны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG