Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе заклікалі Расею і Беларусь вярнуць Украіне дзяцей і прывіталі новыя санкцыі супраць Менску


 Саміт у Брусэлі 27 чэрвеня 2024 году. Фота AP
Саміт у Брусэлі 27 чэрвеня 2024 году. Фота AP

Эўрапейская рада па выніках пасяджэньня 27 чэрвеня ўхваліла высновы, у якіх прывітала ўхваленьне 14-га пакета санкцый супраць Расеі і ўзгадненьне далейшых абмежавальных захадаў супраць Беларусі.

«Эўрапейская рада заклікае да поўнага і эфэктыўнага выкананьня санкцый, а таксама да далейшых захадаў у супрацьдзеяньні іх абыходу, у тым ліку праз трэція краіны. Эўрапейскі Зьвяз па-ранейшаму гатовы і далей абмежаваць здольнасьць Расеі весьці вайну і заклікае ўсе краіны не аказваць ніякай матэрыяльнай ці іншай падтрымкі агрэсіўнай вайне Расеі», — адзначаецца ў высновах.

У дакумэнце адзначаецца, што Эўразьвяз «па-ранейшаму глыбока занепакоены лёсам усіх украінскіх дзяцей і іншых цывільных асоб, незаконна дэпартаваных і перамешчаных у Расею і Беларусь».

«Эўрапейская рада паўтарае свой настойлівы заклік да Расеі і Беларусі неадкладна забясьпечыць іх бясьпечнае вяртаньне ва Ўкраіну. [Эўрарада] вітае ініцыятывы, накіраваныя на тое, каб дапамагчы вярнуць украінскіх дзяцей дадому ў свае сем’і і супольнасьці, у тым ліку Міжнародную кааліцыю за вяртаньне ўкраінскіх дзяцей, у якой Эўрапейскі Зьвяз цяпер мае статус назіральніка», — адзначаецца ў высновах Эўрапейскай рады.

26 чэрвеня старшынёўства Бэльгіі ў Эўразьвязе паведаміла, што «амбасадары ў прынцыпе дамовіліся аб новым пакеце санкцый супраць Беларусі».

«Гэты пакет узмацніць нашы меры ў адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку і супрацьдзеяньне абыходу санкцый», — адзначалася ў паведамленьні.

Згодна з праектам адпаведнага рашэньня, Эўразьвяз дапаўняе раней ухваленыя санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны. У прыватнасьці, размова ідзе аб забароне экспарту, імпарту і транзыту шэрагу прадукцыі і тэхналёгій двайнога прызначэньня, якія маглі або могуць перадавацца ў Расею празь Беларусь у абыход абмежаваньняў, уведзеных супраць расейскіх уладаў і эканомікі.

Апроч таго, прапануюць увесьці забарону на абарачэньне мэталюргічнай прадукцыі, мікраэлектронікі, марскіх навігацыйных тавараў, абсталяваньне для энэргетыкі, нафтаперапрацоўкі і вырабу звадкаванага прыроднага газу, на сырую нафту, на праграмнае забесьпячэньне для кіраваньня прадпрыемствамі і прамысловасьцю, на прадметы раскошы, а таксама на тэхналёгіі для гэтых галін эканомікі.

Выключэньні пры пэўнай працэдуры могуць прымяняцца пры экспарце-імпарце тавараў і тэхналёгій, неабходных для мэдыцыны ці фармацэўтыкі, для гуманітарнай сфэры, для сфэры надзвычайных сытуацый або для дзейнасьці дыпляматычных устаноў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG