Расея і Ўкраіна 25 чэрвеня правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі. З палону на радзіму вярнуліся па 90 вайскоўцаў з кожнага боку. Гэта быў пяты абмен з пачатку 2024 году і 53-ы з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня.
Як высьветліла Свабода, сярод вызваленых з расейскага палону беларускіх добраахвотнікаў з палку імя Каліноўскага — Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзёгцева няма.
Ва Ўкраіне беларусаў адразу ўключылі ў сьпіс для абмену
Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў трапілі ў палон падчас бою, які адбыўся ля гораду Лісічанск Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. Тады група беларускіх добраахвотнікаў трапіла ў расейскую пастку.
У тым баі загінулі камандзір батальёну «Волат» Іван «Брэст» Марчук і трое добраахвотнікаў — Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў.
Відэа з палоннымі «Тромблі» і «Кляшчом» зьявіліся на расейскіх z-каналах. Хлопцы сьведчылі, што трапілі ў палон. З таго бою выйшлі трое беларусаў.
Украіна ўключыла Яна Дзюрбейку і Сяргея Дзёгцева ў сьпіс для абмену яшчэ ў ліпені 2022 году. Але Расея іх не ўключае ў сьпісы для абмену.
Што вядома пра Дзюрбейку і Дзёгцева
Ян «Тромблі» Дзюрбейка вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, працаваў на Менскім мэханічным заводзе імя Вавілава. У 2020 годзе далучыўся да пратэставага руху. 1 лістапада быў затрыманы і асуджаны на 15 дзён арышту падчас шэсьця ў Курапаты, потым на яго завялі крымінальную справу. У выніку «Тромблі» быў вымушаны выехаць з краіны.
Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — мянчук, вырас у мікрараёне Масюкоўшчына. Працаваў у кампаніі «Мостра-Груп», дыстрыб’ютары спажывецкіх тавараў. За час пратэстаў 2020–2021 гадоў адседзеў 25 дзён арышту.
Форум