Часовая спэцыяльная камісія, якую стварылі ў Вярхоўнай радзе для праверкі выкарыстаньня бюджэтных сродкаў у будаўніцтве фартыфікацыйных і інжынэрных загарод, праверыць выкананьне гэтых работ на мяжы зь Беларусьсю.
«У нашых плянах праверыць фартыфікацыі, якія будавалі на мяжы зь дзяржавай Беларусь. Гэта Валынская, Ровенская, Жытомірская, Кіеўская вобласьці. І там далей пайшла Сумская. То бок мы там таксама будзем правяраць», — сказаў намесьнік старшыні камісіі, дэпутат фракцыі «Бацькаўшчына» Міхайла Цымбалюк у этэры ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Паводле яго, неўзабаве яны правядуць сустрэчу з начальнікам Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі, бо гэта адзін з рэгіёнаў, у якім ёсьць заўвагі да будаўніцтва фартыфікацыйных загарод.
«Тое, што маем, у нас ня толькі Харкаўшчына, трывожныя сыгналы ёсьць у нас зь іншых абласьцей. І наша задача — праверыць тую інфармацыю і высьветліць ісьціну. Дзе яна пацьвердзіцца, тады жорстка рэагаваць, а дзе гэта недакладная інфармацыя, яе зьняпраўдзіць. Таму што гэта вельмі адчувальная тэма, і мы цудоўна ўсьведамляем, што большасьць гэтых матэрыялаў маюць ступень абмежаванай дзяржаўнай таямніцы. Каб гэтую інфармацыю, якую агучваюць прадстаўнікі камісіі, ня выкарысталі ворагі», — патлумачыў дэпутат.
Міхайла Цымбалюк дадаў, што першую лінію фартыфікацый стваралі вайскоўцы, а другую і трэцюю — цывільныя арганізацыі.
Вярхоўная Рада Ўкраіны 22 траўня ўхваліла рашэньне аб стварэньні часовай спэцыяльнай камісіі па выкарыстаньні бюджэтных сродкаў на стварэньне фартыфікацый на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй, а таксама на вытворчасьць і набыцьцё дронаў.
Камісія будзе працаваць цягам году, а праз паўгода яе дзейнасьці парлямэнт павінен заслухаць на пленарным пасяджэньні справаздачу.
Раней урад Украіны паведамляў пра выдзяленьне зь бюджэту амаль 38 мільярдаў грыўняў (амаль адзін мільярд даляраў у эквіваленце. — РС).
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляў пра будаўніцтва трох ліній абароны па ўсёй лініі фронту і на мяжы зь Беларусьсю.
У Менску заявілі пра пераход на ўзмоцнены рэжым аховы мяжы з Украінай
У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі 20 чэрвеня заявілі пра ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы ў сувязі зь нібыта павелічэньнем у сумежнай Жытомірскай вобласьці Ўкраіны колькасьці вайскоўцаў, у тым ліку «сіл спэцыяльных апэрацый і спэцпадразьдзелаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны» зь цяжкім узбраеньнем нямецкай і амэрыканскай вытворчасьці.
«Памежная служба Рэспублікі Беларусь на мяжы з Украінай нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме і супольна зь Міністэрствам абароны рэагуе на зьмену абстаноўкі шляхам павелічэньня шчыльнасьці прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы, у тым ліку за кошт магчымасьцяў манэўровых груп паўднёвага кірунку, аснашчаных сучасным узбраеньнем і вайсковай тэхнікай. Праводзяцца дадатковыя захады па выведцы і кантролю стану рэжыму дзяржаўнай мяжы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Паводле Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, супольныя дзеяньні зь беларускімі Ўзброенымі сіламі «накіраваныя на недапушчэньне нагнятаньня абстаноўкі на мяжы і папярэджаньне правакацый».
- Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
- Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.
Форум