Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Экспэрты праекту адзначаюць, што ўлады ўзялі курс на «адмову нават ад кіраваных экспэрымэнтаў зь пераразьмеркаваньнем палітычнага ўплыву ўнутры сыстэмы».
У дакладзе падкрэсьліваецца, што электаральная кампанія 25 лютага «на ўсіх сваіх стадыях была пазбаўленая нават імітацыйных элемэнтаў канкурэнцыі, уласьцівых беларускім выбарам да 2020-х гадоў».
Пацьвярджае гэта, на думку аналітыкаў, «зачыстка партыйнага поля», якая прайшла перад выбарамі. У выніку ў Беларусі працягваюць легальна дзейнічаць толькі чатыры праўладныя партыі. Пры гэтым альтэрнатыўным кандыдатам не дазвалялі нават ствараць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў, а «адзіны апазыцыянэр, які публічна заявіў пра сваё жаданьне пайсьці на выбары, былы старшыня партыі „Зялёныя“ Дзьмітры Кучук, неўзабаве пасьля кампаніі быў арыштаваны па крымінальнай справе».
Аўтары дакладу лічаць, што пасяджэньне УНС у красавіку «стала апагеем паступовай нармалізацыі культу асобы Аляксандра Лукашэнкі», і зьвяртаюць увагу на тое, што фармат мерапрыемства «максымальна наблізіўся да савецка-кітайскіх узораў правядзеньня зьездаў кіраўнічай партыі і іншых вярхоўных калегіяльных органаў».
Аналітыкі заяўляюць, што вясной гэтага году ў Беларусі таксама «працягнулася мілітарызацыя па ўсіх напрамках — ад сфэры адукацыі да кадравай палітыкі».
«Унутры гэтага трэнду асобна можна вылучыць нетыповае для беларускага рэжыму ўзмацненьне інфраструктуры ўплыву аднаго з вышэйшых сілавікоў — Мікалая Карпянкова», — гаворыцца ў дакладзе. Удакладняецца, што гэта выявілася, у прыватнасьці, у працягу практыкі «стварэньня рэгіянальных атрадаў спэцназу ўнутраных войскаў, якія накіраваныя на барацьбу з „экстрэмізмам“». «Байцы гэтых падразьдзяленьняў сыстэматычна прыцягваюцца да затрыманьняў апанэнтаў улады», — адзначаюць экспэрты.
«Праз выбары ў Каардынацыйную раду (КР) у дэмакратычных сілах адбываецца інстытуцыяналізацыя структураў з альтэрнатыўным офісу Сьвятланы Ціханоўскай поглядам на прыярытэты і задачы апазыцыі», — падкрэсьліваецца ў дакладзе.
«Гаворка пакуль не ідзе аб адкрытым апаніраваньні структурам Ціханоўскай або непрызнаньні яе лідэрства. Аднак большасьць са сьпісаў, якія прайшлі ў КР, прапануюць розныя варыянты мадыфікацыі прыярытэтаў дэмсілаў: ад лябіяваньня мацнейшага міжнароднага ціску на рэжым і абʼяднаньня дыяспары ў адзіны вялікі рух да фокусу на мабільнасьці, візавых праблемах беларусаў і перамовах зь Менскам дзеля вызваленьня палітвязьняў», — адзначаюць аўтары дакладу.
У каманду праекту «Беларускі трэкер пераменаў» уваходзяць заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман, асацыяваны аналітык Эўрапейскай рады ў міжнародных адносінах Павел Слюнькін, акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі, дырэктарка і старшы супрацоўнік Цэнтру новых ідэяў Леся Руднік і Генадзь Коршунаў, а таксама незалежны сацыёляг Філіп Біканаў.
Форум