Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца Рады Эўропы раскрыла дэталі дарожнай мапы па інтэграцыі ў арганізацыю дэмакратычнай Беларусі


Генэральная сакратарка Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 19 чэрвеня 2024
Генэральная сакратарка Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч і Сьвятлана Ціханоўская, Вільня, 19 чэрвеня 2024

Распрацоўка дарожнай мапы па інтэграцыі Беларусі ў Раду Эўропы стала адной з тэмаў перамоваў Сьвятланы Ціханоўскай з генэральнай сакратаркай Рады Эўропы Марыяй Пейчыновіч-Бурыч 19 чэрвеня ў Вільні.

Складаньне гэтага дакумэнту, заявіла Сьвятлана Ціханоўская па выніках сустрэчы, «запатрабуе экспэртнай і тэхнічнай падтрымкі», паведамляе «Позірк».

«Гэтая дарожная мапа будзе каардынаваць нашы намаганьні і забясьпечыць яснасьць у дачыненьні да нашых мэтаў, — сказала Ціханоўская. — Як мы заўсёды кажам, нам трэба больш Рады Эўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Радзе Эўропы. Я ўпэўнена, што разам мы забясьпечым дэмакратычную будучыню для Беларусі».

Зьвяртаючыся да Пейчыновіч-Бурыч, беларуская дэмакратычная лідэрка падкрэсьліла, што тая два гады таму «зрабіла немагчымае»:

«Пад вашым кіраўніцтвам беларускія дэмакратычныя сілы фармалізавалі адносіны з Радай Эўропы; вы спынілі хоць якое-небудзь супрацоўніцтва з нелегітымным дыктатарам».

«Вы адчынілі для нас шмат якія дзьверы і паказалі, што нетрадыцыйныя часы патрабуюць нетрадыцыйных рашэньняў, і мы дзякуем вам за пастаянную падтрымку, — сказала палітык. — Рада Эўропы — наш стратэгічны саюзьнік, і мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва ў рамках кантактнай групы і шырэй. Цяпер кантактная група падрыхтавала свой двухгадовы плян дзеяньняў. Ён уключае ў сябе розныя мерапрыемствы па тэмах правоў чалавека, культуры, СМІ, моладзі і падсправаздачнасьці».

Па словах Ціханоўскай, зараз таксама ідзе праца над адкрыцьцём інфармацыйнага пункту Рады Эўропы па Беларусі ў Вільні, што «дапаможа яшчэ больш умацаваць» супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў і арганізацыі.

Прапанову распрацаваць дарожную мапу ўступленьня ў Раду Эўропы «будучай дэмакратычнай Беларусі» Сьвятлана Ціханоўская ўпершыню выказала ў студзені гэтага году на пленарным пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу.

Генэральная сакратарка Рады Эўропы: Зь нецярпеньнем чакаем дня, калі Беларусь пачне жыць у дэмакратычнай будучыні

«Спыніць адносіны з дыктатарам» і пачаць працаваць «са свабоднымі сіламі Беларусі» было «мудрым і правільным выбарам», заявіла генэральная сакратарка Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч па выніках сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай 19 чэрвеня ў Вільні, паведамляе дэталі «Позірк».

«Мне заўсёды прыемна сустракацца і абменьвацца з вамі меркаваньнямі, паколькі вы і вашыя калегі нястомна адданыя лепшай будучыні для сваёй краіны, Беларусі, і імкняцеся да таго, каб вашыя суайчыньнікі жылі ва ўмовах свабоды, магчымасьцяў і годнасьці, якія нясуць правы чалавека, дэмакратыя і вяршэнства права — каштоўнасьці, якія адстойвае Рада Эўропы», — сказала яна.

Пейчыновіч-Бурыч нагадала, што пасьля пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022 годзе Рада Эўропы «хутка прыпыніла» адносіны з Расеяй, а затым выключыла яе са сваіх шэрагаў.

«Улічваючы актыўную ролю Беларусі ў падтрымцы гэтай поўнамаштабнай агрэсіі, мы таксама спынілі супрацоўніцтва зь яе кіраўніцтвам і Беларусьсю ў той жудасны момант», — сказала яна.

Яна паведаміла, што ў верасьні 2022 году Рада Эўропы прыняла рашэньне стварыць кантактную групу, каб зь яе дапамогай супрацоўнічаць зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю.

Яна назвала асобныя кірункі яе дзейнасьці:

«Група ўзгадніла сьпіс падзей на 2024–2025 гады, сярод іх ёсьць канкрэтныя рэчы, — адзначыла яна. — Гэта навучаньне беларускіх юрыстаў і праваабаронцаў эўрапейскім стандартам і прынцыпам правоў чалавека, падрыхтоўка ініцыятыў па павышэньні адказнасьці ў пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня, частковы ўдзел у сэсіях нашай Парлямэнцкай асамблеі, удзел у дзейнасьці нашага Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў. У гэтым пляне важнае месца займаюць мерапрыемствы для беларускіх журналістаў, а таксама для грамадзянскай супольнасьці і моладзевых арганізацый».

Пейчыновіч-Бурыч выказала ўпэўненасьць, што «ў недалёкай будучыні» ўсе веды і вопыт, якімі дзеліцца Рада Эўропы, дэмсілы змогуць выкарыстоўваць «у свабоднай і дэмакратычнай Беларусі».

«Канечне, мы зь нецярпеньнем чакаем таго дня, калі Беларусь пачне жыць у дэмакратычнай будучыні, дзе людзі змогуць свабодна выказваць сваё меркаваньне, змогуць адчуць роўнасьць і справядлівасьць, будуць ведаць, што іх ніколі ня зробяць палітычнымі зьняволенымі. Сёньня ў краіне несправядліва ўтрымліваюць каля 1400 чалавек, у тым ліку партнэраў Рады Эўропы», — дадала яна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG