Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Растоўскай вобласьці пасьля атакі дронаў загарэлася нафтабаза. Пажар тушаць больш за 200 чалавек


Вынікі ўкраінскай атакі на нафтабазу ў Бранскай вобласьці Расеі ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Вынікі ўкраінскай атакі на нафтабазу ў Бранскай вобласьці Расеі ў студзені 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Агонь распасюдзіўся больш як на 3 тысячы квадратных мэтраў.

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Васілій Голубеў у ноч на 18 чэрвеня паведаміў аб атацы дронаў на нафтабазу ў горадзе Азоў, на паўднёвым захадзе рэгіёну.

«Папярэдне, ахвяр няма», — паведаміў Васіль Голубеў у сваім Telegram-канале.

Пажар пачалі тушыць а 4-й раніцы. Паводле ўладаў, у тушэньні задзейнічана 208 чалавек, 39 адзінак тэхнікі і адзін пажарны цягнік. Агонь распасюдзіўся больш як на 3 тысячы квадратных мэтраў.

Голубеў падкрэсьліў, што па выніках маніторынгу «перавышэньня дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў» і «рызыкі распаўсюду пажару на іншыя аб’екты» няма.

Інфармацыю аб атацы на Растоўскую вобласьць афіцыйныя крыніцы ва Ўкраіне пакуль не камэнтуюць. У той жа час ва Ўзброеных сілах Украіны паведамілі аб удары ракетамі «Нэптун» па нафтавым тэрмінале ў Краснадарскім краі.

«У выніку ўдару згарэлі некалькі тэхнічных памяшканьняў і пашкоджаны трубаправод. Паводле папярэдняй інфармацыі, удар нанесьлі ракетамі «Нэптун», — адзначаецца ў паведамленьні.

Расея працягвае атакаваць Украіну

У Сытуацыйным цэнтры Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі, што расейскія войскі цягам апошніх содняў абстралялі 11 абласьцей краіны.

З розных відаў узбраеньня расейцы атакавалі 77 населеных пунктаў і 95 аб’ектаў інфраструктуры.

«Ёсьць загінулыя і параненыя сярод цывільных, колькасьць ахвяр удакладняецца», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Ва ўмовах вайны пацьвердзіць у незалежных крыніцах заявы абодвух бакоў немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG