Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: 70% украінцаў лічаць, што Зяленскі павінен заставацца прэзыдэнтам да заканчэньня ваеннага становішча


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Такія вынікі апытаньня, якое правёў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) з 26 траўня па 1 чэрвеня. Апыталі па тэлефоне 2011 рэспандэнтаў на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, падкантрольнай Кіеву.

Падчас апытаньня 70% рэспандэнтаў пагадзіліся з тым, што Ўладзімір Зяленскі павінен заставацца прэзыдэнтам да заканчэньня ваеннага становішча (22% ня згодныя, 8% не далі пэўнага адказу ці адмовіліся адказваць). У залежнасьці ад рэгіёну пражываньня, за захаваньне Зяленскім прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў да канца вайны выказаліся ад 65 да 74% апытаных.

Паводле апытаньня КМІС, большасьць украінцаў (56%) хутчэй або цалкам ухваляюць дзейнасьць Зяленскага на пасадзе прэзыдэнта Украіны (хутчэй або цалкам не ўхваляюць — 37%). У папярэднім апытаньні ў верасьні 2023 году 77% ухвалілі яго працу.

Рэспандэнтам было прапанавана адказаць, якое з васьмі словаў/фразаў лепш за ўсё апісвае іх стаўленьне да прэзыдэнта. Хаця назіраецца тэндэнцыя зьмяншэньня долі тых, хто захапляецца прэзыдэнтам (з 33% у ліпені 2022 году да 8% цяпер), у цэлым большасьць украінцаў (69%) ставяцца да яго нэўтральна-пазытыўна.

Большасьць украінцаў (58%) згодныя са сьцьвярджэньнем, што «ўкраінскія ўлады не павінны ісьці на кампрамісы ў перамовах. Украіна будзе працягваць барацьбу столькі, колькі спатрэбіцца» (30% ня згодныя з гэтым сьцьвярджэньнем).

Доля тых, хто згодны з гэтым сьцьвярджэньнем, зьнізілася за апошнія два гады (у траўні 2022 году паказчык складаў 80%), але і цяпер большасьць украінцаў па-ранейшаму за тое, каб працягваць барацьбу столькі, колькі спатрэбіцца. Пры гэтым са сьцьвярджэньнем, што вынікі магчымых перамоваў з Расеяй трэба выносіць на рэфэрэндум, згодныя 65% (ня згодныя — 25%).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG