Міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў, што ў адказ на заклік Варшавы дапамагчы ў вызначэньні асобы забойцы польскага памежніка Менск выставіў абвінавачаньні ў адрас Польшчы.
«Беларусь адказала зусім нездавальняюча — замест таго, каб шукаць і выдаваць нам забойцу, прагучалі абвінавачваньні Польшчы ў нібыта спыненьні супрацы з памежнай службай», — працытавала выданьне pap.pl Радослава Сікорскага.
Міністар замежных спраў Польшчы назваў абвінавачаньні Менску «чарговай хлусьнёй».
«Раней ілжыва сьцьвярджалася (беларускім бокам), што менавіта Польшча парушыла пагадненьне аб рэадмісіі (працэдуры, зьвязаная зь вяртаньнем людзей, якія нелегальна перайшлі на тэрыторыю ЭЗ). [...] Я правяраў, гэта няпраўда. Гэта Беларусь спыніла выкананьне пагадненьня аб рэадмісіі пасьля санкцый, уведзеных ЭЗ супраць Беларусі пасьля таго, як Беларусь вымусіла прызямліцца ў Менску эўрапейскі самалёт зь беларускім дысыдэнтам Раманам Пратасевічам», — патлумачыў Радослаў Сікорскі.
Міністар замежных спраў Польшчы на прэсавай канфэрэнцыі 17 чэрвеня нагадаў, што часоваму паверанаму Беларусі ўручылі ноту пратэсту праз гібель польскага жаўнера з патрабаваньнем да беларускіх уладаў высьвятляць асобу забойцы і перадаць яго польскім уладам.
Загінулага Матэвуша Сітэка рашэньнем міністра абароны Польшчы Ўладыслава Касіняка-Камыша пасьмяротна павысілі ў званьні да старшага сяржанта, а таксама ўзнагародзілі залатым мэдалём «За заслугі ў абароне краіны».
Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку.
Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар у грудзі нажом, прывязаным да палкі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.
Што вядома пра забітага на мяжы зь Беларусьсю польскага жаўнера
- Матэвуш Сітэк быў родам зь вёскі Плевіца Мазавецкага ваяводзтва. У 2020–2022 гадах вучыўся ў вайсковай клясе 3-й сярэдняй школы Мікалая Каперніка ў Вышкаве.
- Вучнем ён неаднаразова ўдзельнічаў у патрыятычных і дабрачынных акцыях.
- Першапачаткова Сітэк служыў у шэрагах Сіл тэрытарыяльнай абароны Польшчы. У 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгадзе служыў да 18 сьнежня 2023 году.
- Адразу пасьля завяршэньня навучаньня яго накіравалі на патруляваньне польска-беларускай мяжы з прычыны міграцыйнага крызісу, які там працягваецца з 2021 году.
Форум