Сейм Літвы ўдакладніў палажэньні закону, які забараняе рэтрансьляваць і распаўсюджваць праз інтэрнэт радыё- і тэлепраграмы, створаныя, наўпрост ці ўскосна кіраваныя, кантраляваныя або фінансаваныя Расеяй і Беларусьсю — дзяржавамі, вызначанымі як пагроза для нацыянальнай бясьпекі Літвы.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце літоўскага парлямэнту, зьмены ў закон аб публічнай інфармацыі падтрымалі 99 дэпутатаў, тры ўстрымаліся, а супраць не прагаласаваў ніводзін дэпутат.
Абмежаваньні на рэтрансьляцыю і распаўсюд беларускіх і расейскіх тэлерадыёпраграм у Літве ўвялі пасьля пачатку Расеяй поўнамаштабнай вайны супраць Украіны. Летась у верасьні забарону падоўжылі на адзін год — да 1 кастрычніка 2024 году. Цяпер, з улікам таго, што Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы вызначыў Расею і Беларусь як пагрозы для нацыянальнай бясьпекі краіны, забарона ўводзіцца на нявызначаны тэрмін.
Забарона ня будзе дзейнічаць у дачыненьні да каналаў, якія рэтрансьлююцца зь іншых краін Эўразьвязу або краін, якія ратыфікавалі Эўрапейскую канвэнцыю аб тэлебачаньні бязь межаў.
Форум