Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пратэстаў у Ерэване па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 98 чалавек, улады завялі справу


Паліцыя Армэніі прымяняе супраць пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты. Ерэван, 12 чэрвеня 2024
Паліцыя Армэніі прымяняе супраць пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты. Ерэван, 12 чэрвеня 2024

Сьледчы камітэт Армэніі завёў крымінальную справу пасьля сутыкненьняў паміж паліцыяй і мітынгоўцамі падчас пратэстаў у Ерэване.

У армянскім СК заявілі, што ўвечары 12 чэрвеня ўдзельнікі пратэстаў «пачалі беспарадкі», адмовіліся падпарадкоўвацца патрабаваньням паліцыі і прымянялі да яе гвалт, у прыватнасьці наносілі праваахоўнікам удары нагамі і рукамі і кідалі ў іх розныя прадметы.

Сьледчыя вывучаюць відэазапісы, зробленыя на месцы здарэньня, і вызначаюць асобы ўдзельнікаў беспарадкаў.

Тым часам Міністэрства здароўя Армэніі паведамляе, што па мэдыцынскую дапамогу пасьля сутыкненьняў пратэстоўцаў і паліцыянтаў у цэнтральным раёне Ерэвана зьвярнуліся 98 чалавек. Паводле зьвестак ведамства, 66 асобаў выпісаныя пасьля аказаньня мэдыцынскай дапамогі, яшчэ 32 чалавекі застаюцца ў шпіталях з траўмамі лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасьці.

Увечары ў сераду, 12 чэрвеня, падчас правядзеньня ў Нацыянальным сходзе Армэніі «ўрадавай гадзіны» мітынгоўцы вырашылі падысьці бліжэй да агароджы будынка парламэнту, некаторыя зь іх сталі разьбіраць частку загарод. У адказ на гэта сілавікі прымянілі да пратэстоўцаў сьвятлашумавыя гранаты.

Ужываньне спэцсродкаў у паліцыі Армэніі растлумачылі тым, што ўдзельнікі акцыі пратэсту нібыта «кідалі ў паліцыянтаў бутэлькі, пры спробе прарвацца праз сьцяну паліцыі адабралі ў паліцыянтаў каскі і дубінкі».

Амбудсмэн Армэніі Анаіт Манасян паведаміла, што пратэстоўцы паведамілі аб выпадках «неадпаведных і непрапарцыйных» мер, якія прымяняюцца паліцыянтамі. Вядома, у прыватнасьці, што аднаму з пацярпелых асколкам гранаты адарвала ручыцу, яго праапэравалі.

Супрацоўнікі паліцыі, у сваю чаргу, заявілі, што ўдзельнікі акцый «кідалі ў іх бок розныя прадметы, у выніку чаго яны атрымалі цялесныя пашкоджаньні». Раненьні, паводле некаторых зьвестак, атрымалі 17 паліцыянтаў.

У сталіцы Армэніі ўжо некалькі дзён працягваецца акцыя непадпарадкаваньня ўладам, арганізатарам якой выступіў кіраўнік Тавускай япархіі Армянскай апостальскай царквы, архіяпіскап Баграт Галстаньян. Удзельнікі мітынгаў патрабуюць адстаўкі ўраду на чале зь Ніколам Пашыньянам і фармаваньня новага кабінэту міністраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG