Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посьпех правых на эўрапейскіх выбарах. Ці варта гэтага асьцерагацца?


Палдік галасоў на выбарах у Эўрапарлямэнт
Палдік галасоў на выбарах у Эўрапарлямэнт

Эўрапейскія «ўльтраправыя» ўжо больш не такія ўжо і «ультра-». Не таму, што яны зьмяніліся, а таму, што іхная пазыцыя больш ня ёсьць маргінальнай.

Абражальныя мэтафары ў іх адрас, якія дапускае ў прэсе левацэнтрысцкі мэйнстрым, на эўрапейскіх выбарнікаў не спрацавалі.

На выбарах правалілася акурат усе сілы зьлева ад цэнтру, асабліва левыя «зялёныя». Трохі паправілі свае пазыцыі правацэнтрысты і моцна ўзмацніліся больш радыкальныя правыя.

У Нямеччыне, дзе я жыву, трохі ўмацавалася правацэнтрысцкая хрысьціянска-дэмакратычная кааліцыя і моцна вырасла правая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD), нягледзячы на месяцы фактычна агульнанацыянальнай агітацыйнай кампаніі супраць AfD ва ўсіх асноўных СМІ. Балючую паразу пацярпелі лявацкія партыі кіроўнай кааліцыі — сацыял-дэмакраты і асабліва зялёныя.

У Латвіі, па сьпісах якой я галасаваў, перамаглі правацэнтрысты з «Новага адзінства» і правыя з «Нацыянальнага аб’яднаньня». Акрамя іх, у Эўрапарлямэнт пройдуць такія яскравыя палітыкі, як два былыя бурмістры Рыгі — Ніл Ушакоў зь левай, некалі галоўнай, расейскамоўнай партыі «Згода» і Мартыньш Стакіс зь левых «Прагрэсіўных» (той самы, які адзначыўся вялікай падтрымкай беларускіх пратэстаў у 2020–2021 гг.)

Эўрапейскім левым інтэлектуалам, якія сёньня рвуць на сабе валасы ў СМІ і ў твітары, варта нагадаць пра тое, што дэмакратыя — гэта не калі абавязкова перамагаеш ты ці твае сябры. Здараецца так, што перамагаюць непрыемныя і нават вельмі непрыемныя табе людзі. І гэта трэба паважаць і цярпець. Так, эўрапейцам сёньня больш важныя, чым камусьці хацелася б, пытаньні міграцыі і нават, відаць, страшна сказаць, ідэнтычнасьці. І ня такія важныя пытаньні левай аджэнды пра экалёгію і гендэрную праблематыку. Што зробіш.

Дзеля супакаеньня можна прыгадаць, што, калі правыя апынаюцца пры ўладзе ў разьвітых заходнеэўрапейскіх краінах, ім даводзіцца рабіцца дарослымі і рукападатнымі, і ў выніку яны становяцца не такімі ўжо і страшнымі (калі глядзець на прыклады Італіі ці Нідэрляндаў).

Што павінна насьцярожваць чалавека з постсавецкага рэгіёну: узмацнілі пазыцыі тыя партыі, якія скептычна ці стрымана ставяцца да падтрымкі Ўкраіны, перадусім нямецкая AfD, вядомая скандаламі праз свае сувязі з пуцінскай Расеяй і КНР.

Агульны ўзровень падтрымкі Ўкраіны ў эўрапейскім грамадзтве, паводле апытаньняў, застаецца вельмі высокім, але эўрапейцы павольна стамляюцца ад вайны. Ну а хіба мы з вамі (ці ўкраінцы пад бомбамі) ад яе не стаміліся?

З правымі палітыкамі, як Лё Пэн ці нават AfD, ніколі ня ведаеш, у які момант у іх пераключыцца тумблер і замест заклікаў да паразуменьня з Пуціным — і асабліва пасьля таго, як яны самі, маючы паўнамоцтвы, паспрабавалі б зь ім паразумецца і былі б ім цынічна й нахабна падманутыя — яны запрапануюць успомніць пра ваенную славу Напалеона і Фрыдрыха Вялікага. Правыя ў ролі «ястрабаў» глядзяцца, скажам так, неяк больш арганічна (і страшнавата), чым левыя «зялёныя», якія ў Нямеччыне да гэтага часу былі ў ролі ці не галоўных прыхільнікаў паставак Украіне зброі.

Наперадзе неспакойныя і небясьпечныя часы. Але такія часы ў нас цягнуцца ўжо году з 2020-га. Мусілі звыкнуцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG