Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец расказаў, як на матрацы пераплыў праз Дняпро ў Беларусь і трапіў у рукі КДБ. Што было далей


Беларуска-украінская мяжа, ілюстрацыйнае фота
Беларуска-украінская мяжа, ілюстрацыйнае фота

З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне некаторыя яе грамадзяне спрабуюць нелегальна перабрацца за мяжу, каб ня трапіць на фронт. Некаторыя зь іх выбіраюць для гэтага ўкраінска-беларускую мяжу.

19 траўня грамадзянін Украіны Міхайла (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы, усе сапраўдныя зьвесткі ёсьць у рэдакцыі. — РС), жадаючы пазьбегнуць мабілізацыі, вырашыў уцячы ў Беларусь. Міхайла пераплыў Дняпро на надзіманым матрацы і здаўся беларускім памежнікам. Пра тое, што знаходзіцца ў Беларусі, пасьпеў паведаміць сваякам. Пасьля чаго зьнік.

Калі Міхайла ня выйшаў на сувязь ні на другі, ні на трэці дзень, сваякі забілі трывогу. Тэлефанавалі беларускім памежнікам, у міліцыю і ў КДБ. Але нідзе не атрымалі ніякага адказу. Як яны расказалі Свабодзе, 27 траўня праз google-акаўнт зьніклага можна было пабачыць, што тэлефон Міхаіла знаходзіўся побач з будынкам Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці.

Паводле папярэдняга пляну, складзенага яшчэ падчас знаходжаньня ва Ўкраіне, Міхайла ў Беларусі разьлічваў сплаціць штраф за незаконнае перасячэньне мяжы і далей перабрацца ў Польшчу, куды грамадзянам Украіны не патрэбныя візы. Як даведалася Свабода з дапамогай уласных крыніц, пасьля затрыманьня памежнікамі грамадзянін Украіны Міхайла 10 дзён прабыў у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. 30 траўня супрацоўнікі беларускага памежнага камітэту сабралі «ўсіх такіх, хто быў у ІЧУ» (цытата крыніцы, гаворка ідзе пра грамадзян Украіны, якія ўцяклі ў Беларусь аб магчымай мабілізацыі. — РС) і павезьлі на мяжу з Польшчай. Там украінцаў, у тым ліку Міхайлу, адпусьцілі. Усе яны перайшлі мяжу і апынуліся на польскай тэрыторыі.

Дняпро ў раёне беларуска-украінскай мяжы, ваколіцы паселішча Ніжнія Жары
Дняпро ў раёне беларуска-украінскай мяжы, ваколіцы паселішча Ніжнія Жары

Прыплыў на матрацы

Пра свае ўражаньні ад уцёкаў у Беларусь Міхаіл расказаў у размове са Свабодай. Па словах украінца, у Беларусь ён прыплыў на матрацы па Дняпры, пасьля чаго адразу здаўся беларускім памежнікам. Міхаіл пацьвердзіў, што ў гомельскім ІЧУ ён прабыў 10 дзён. І дадаў, што падчас зьняволеньня яго дапытвалі ў гомельскім упраўленьні КДБ, там жа ён праходзіў паліграф. Па словах суразмоўцы, стаўленьне з боку беларускіх сілавікоў і спэцслужбаў да яго было вельмі добрым.

«Пальцам ніхто не чапаў, службы працавалі так, як яны мусяць працаваць... Да мяне я не адчуў перадузятага стаўленьня, яны да сваіх горш ставіліся, чым да нас. Маю на ўвазе, памежнікі да сваіх, тых, хто праходзіць тэрміновую службу. Гаркалі на іх», — расказвае ўкраінец.

Па словах Міхаіла, у ІЧУ ён проста чакаў, калі назьбіраецца патрэбная па колькасьці група грамадзян Украіны. «Каб нас завезьлі да польскай мяжы, бо яны кожны дзень ня могуць нас катаць», — тлумачыць суразмоўца. Урэшце неабходная група сфармавалася. Па словах Міхаіла, акрамя яго, да Польшчы беларускія памежнікі завезьлі яшчэ дваіх такіх жа, як ён, уцекачоў ад мабілізацыі.

«У КДБ пыталіся пра ўнутраную бясьпеку. Мэтады іх працы даволі састарэлыя, з 70-х гадоў», — расказвае суразмоўца пра свае ўражаньні ад кантактаў зь беларускімі спэцслужбамі.

Па словах Міхаіла, супрацоўнікаў КДБ Беларусі цікавіла, зь якой мэтай ён перасек мяжу. Яны задавалі пытаньні аб ягонай магчымай датычнасьці да закладак наркотыкаў ці перавозкі выбуховых рэчываў.

«Усё было нармальна. Адзінае — непрыемныя ўражаньні ад ІЧУ. Я быў першы раз, трэба было разьдзявацца дагала, прысядаць. А так нам нават спачувалі», — дадае суразмоўца.

Ён сьцьвярджае, што Дняпро яму не было страшна пераплываць. Больш непакоіла тое, што на мяжы зь Беларусьсю могуць затрымаць свае ж украінскія памежнікі. У такім выпадку ўцекача маглі чакаць сур’ёзныя непрыемнасьці.

Нелегальная паездка ў Беларусь каштавала Міхаілу грошай. За незаконнае перасячэньне мяжы, па словах суразмоўцы, ён аддаў 800 рублёў штрафу. А за аўтобус, які давёз яго і яшчэ дваіх украінцаў з Гомля да беларуска-польскай мяжы, яны аддалі каля 1300 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Водны маршрут»

У размове са Свабодай Міхаіл расказаў, што беларускія памежнікі і спэцслужбы папярэдзілі яго, што больш украінцаў, якія прыплывуць па Дняпры, у Беларусь не пусьцяць. Усіх будуць перадаваць украінскаму боку.

«Сказалі, каб мы нікога не запрашалі і не расказвалі пра гэты маршрут, бо будуць перадаваць украінскаму боку і той іх адправіць на перадавую. Чаму так? Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана зь бягучымі падзеямі. Пуцін жа прыяжджаў у Менск. Казалі, што і Януковіч. Можа, будзе разьмежаваньне войскаў у тых месцах, на памежжы. І каб менш вачэй там усё гэта бачыла. Спэцслужбы занепакоеныя, каб там, на памежжы, нехта нечага ня ўбачыў», — сьцьвярджае суразмоўца.

Ён дадаў, што ўражаньні ад Беларусі засталіся станоўчымі. Па словах Міхаіла, у гомельскім ізалятары ён перасякаўся з хлопцам, які «сядзеў за БЧБ».

«Яго злавілі п’яным на вуліцы, потым на старонцы „ВКонтакте“ знайшлі нейкую карцінку. Вось ён сядзеў жорстка — без матраца, яшчэ і ноччу будзілі», — дадаў Міхаіл.

Беларуска-украінская мяжа, ілюстрацыйнае фота
Беларуска-украінская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Ня першы выпадак

Гэта ня першы выпадак, калі ўкраінцы цераз Дняпро дабіраюцца ў Беларусь. У красавіку Свабода пісала, як у Гомельскую вобласьць на надзіманым матрацы прыплыў грамадзянін Украіны. Парушальніка затрымалі 17 сакавіка, а асудзілі 4 красавіка. Ён на суд не прыйшоў. Зьвесткі пра здарэньне зьявіліся ў базе судовых рашэньняў. Справу разглядаў суд Цэнтральнага раёну Гомля. Як вынікала з пастановы, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі, пратакол аб парушэньні паводле артыкулу 15.1 КаАП («Перамяшчэньне тавараў праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага зьвязу») на грамадзяніна Ўкраіны склала Гомельская мытня.

Згодна з дакумэнтам, раніцай 17 сакавіка грамадзянін Украіны, «накіроўваючыся на надзіманым матрацы „Intex“ па рэчышчы Дняпра ў кірунку з Украіны ў Беларусь, прыкладна за 3200 мэтраў на ўсход ад населенага пункту Б. Брагінскага раёну ў парушэньне заканадаўства перамясьціў тавар, вышэйзгаданы надзіманы матрац цаной 25 рублёў, праз мытную мяжу ЭАЭЗ». Пра лёс самога ўкраінца не паведамлялася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG