Гэтая тэма абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўніка ў транзыце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК) Паўла Латушкі і яго намесьніка, кіраўніка кампаніі «Кадравая рэзэрва» Юрыя Губарэвіча зь міністрам эўрапейскіх справаў Польшчы Адамам Шлапкам.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал АПК.
«Мы атрымалі запэўніваньні, што ў праграме, якая будзе прынятая падчас старшыняваньня Польшчы ў ЭЗ, будзе прадугледжана падтрымка грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў Беларусі», — заявіў Латушка па выніках сустрэчы.
Падчас перамоваў польскі міністар адзначыў важнасьць:
- адкрыцьця памежных пераходаў паміж Беларусьсю і Польшчай;
- больш маштабных адукацыйных праграм і стажаў для беларусаў у Эўропе;
- гарманізацыі гандлёвых санкцый адносна Расеі і рэжыму Лукашэнкі для супрацьдзеяньня агрэсіі супраць Украіны;
- прыцягненьня Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў да адказнасьці за міжнародныя злачынствы.
Што такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.
Форум