Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зацьвердзіў рэфармаваны Шэнгенскі кодэкс аб межах. Колькасьць КПП і час іх працы могуць скараціць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу, 24 траўня, Рада ЭЗ зацьвердзіла абноўлены Шэнгенскі памежны кодэкс, які рэглямэнтуе кіраваньне ўнутранымі і зьнешнімі межамі, а таксама правілы памежнага кантролю асоб, якія перасякаюць вонкавыя межы ЭЗ, паведамляе прэс-служба ведамства.

Згодна з абноўленым кодэксам, у выпадку маштабнай надзвычайнай сытуацыі ў сфэры грамадзкай аховы здароўя новыя правілы даюць магчымасьць, пры адпаведным рашэньні Рады ЭЗ, увесьці ўзгодненыя часовыя абмежаваньні на зьнешніх межах Эўразьвязу.

Прэс-служба Рады Эўразьвязу паведаміла, што «падчас пандэміі COVID-19 ЭЗ мог выдаваць толькі неабавязковыя рэкамэндацыі аб абмежаваньні на паездкі для дзяржаў-сябраў».

На дадатак да абмежаваньняў на паездкі Рада можа таксама ўвесьці тэставаньне, карантын, самаізаляцыю і іншыя меры, зьвязаныя са здароўем, для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ.

«У мэтах барацьбы з інструмэнталізацыяй міграцыі зьменены Шэнгенскі памежны кодэкс дасьць магчымасьць дзяржавам-сябрам абмежаваць колькасьць пунктаў перасячэньня мяжы або скараціць час іх працы, а таксама ўзмацніць захады пагранічнага кантролю», — падкрэсьлілі ў ведамстве.

Акрамя таго, вядома, што перагледжаны Шэнгенскі памежны кодэкс удакладняе дзейныя рамкі для паўторнага ўвядзеньня ўнутранага памежнага кантролю, што магчыма ў выпадку сур’ёзнай пагрозы грамадзкаму парадку або ўнутранай бясьпецы.

Кантроль унутраных межаў, аб якім Камісію, дзяржавы-сябры і Эўрапарлямэнт апавесьцяць перад іх паўторным увядзеньнем, можа заставацца максымум два гады. У асаблівых выключных сытуацыях унутраны памежны кантроль можа быць працягнуты яшчэ на 6 месяцаў з магчымасьцю працягу яшчэ раз на агульны тэрмін да аднаго году.

Акрамя таго, новая працэдура перадачы дазволіць дзяржаве-сябру перадаваць грамадзян трэціх краін, затрыманых у памежнай зоне, якія незаконна знаходзяцца на яе тэрыторыі, у дзяржаву-сябра, зь якой яны непасрэдна прыбылі. Гэты Рэглямэнт уступае ў сілу на 20-ы дзень пасьля яго апублікаваньня ў Афіцыйным часопісе Эўрапейскага Зьвязу. Ён падлягае непасрэднаму прымяненьню ў краінах ЭЗ.

Створаная ў 1985 годзе Шэнгенская зона дазваляе больш як 400 мільёнам чалавек свабодна падарожнічаць без кантролю на ўнутраных межах. Цяпер у яе ўваходзяць 29 эўрапейскіх краін — 25 краін ЭЗ, а таксама Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Нарвэгія і Швайцарыя. Румынія і Баўгарыя — адзіныя краіны-сябры ЭЗ, якія пакуль ня маюць паўнавартасных ільгот Шэнгену.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG