Юрыю Касьцюку, якога восеньню 2022 году таемна вывезьлі з Расеі ў Беларусь, прысудзілі 4 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пяць месяцаў яго утрымлівалі ў расейскім сьледчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у беларускім. Касьцюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Юры дапамагаў іншым палітвязьням: папрасіў знаёмых адкрыць польскую банкаўскую картку, куды атрымліваў грошы ад BySol і ByHelp, якія пасьля накіроўваў сваякам палітвязняў. Грошы на дапамогу атрымліваў ад «арганізацый, якія пазыцыянавалі сабе як праваабарончыя». Сам Юры на судзе віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні.
У Воршы 27 адбудзецца суд для замены палітвязьню рэжыму ўтрыманьня на турэмны, паведамляюць праваабаронцы, Рашэньне будзе прымаць судзьдзя Іна Кохава.
Ігара Аліневіча нядаўна зьмяшчалі ў ШЫЗА, а Сяргей Раманаў адбыў паўгода ў ПКТ
Па інфармацыі тэлеграм-каналу «Права на паўстаньне», напачатку траўня Сяргей Раманаў выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода. Адміністрацыя горацкай калёніі блякуе ліставаньне, таму ад палітвязьня не даходзяць лісты і малюнкі.
Таксама вядома, што напачатку траўня Аліневіча ў чарговы раз зьмяшчалі ў штрафны ізалятар.
Паведамляецца, што амаль няма ніякай інфармацыі пра Дзмітрыя Дубоўскага.
22 сьнежня 2021 году Менскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калёніі; Рэзановічу — 19 гадоў калёніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калёніі. Суд зь першага паседжаньня адбываўся ў закрытым рэжыме.
Форум