Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома прозьвішча беларускага дывэрсанта, які спрабаваў падарваць інфраструктуру Ровенскай АЭС


Грамадзянін Беларусі Іван Яравы, якога ва Ўкраіне асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня. Архіўнае фота
Грамадзянін Беларусі Іван Яравы, якога ва Ўкраіне асудзілі на 15 гадоў зьняволеньня. Архіўнае фота

Івана Яравога затрымалі ў выніку «правакацыі злачынства». Свабода даведалася, як гэта было.

22 траўня Служба бясьпекі паведаміла, што грамадзянін Беларусі, які выконваў дзеяньні «па заданьні расейскай вайсковай выведкі», асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Як стала вядома Свабодзе, асуджаным зьяўляецца грамадзянін Беларусі, ураджэнец станіцы Мячоцінская Растоўскай вобласьці Расеі Іван Яравы. Да свайго ўдзелу ў вайне на баку Расеі ён жыў у райцэнтры Круглае Магілёўскай вобласьці.

У судзе ён назваў прозьвішчы ці пазыўныя сваіх куратараў, цалкам прызнаў сваю віну і расказаў, як прыбыў ва Ўкраіну.

За дывэрсію паабяцалі 5 тысяч даляраў

11 студзеня Іван Яравы прыехаў у Пінск, дзе яго сустрэў адзін чалавек і перадаў другому для выпраўленьня ва Ўкраіну. Ва Ўкраіне яго сустрэў яшчэ адзін мужчына, які перадаў Яравому пашпарт Украіны і GPS-трэкеры, якія той мусіў усталяваць на анкерную апору паветранай лініі 750кВ, якая зьвязвала Ровенскую АЭС з падстанцыяй «Кіеўская». Ад гэтага месца да Ровенскай АЭС прыблізна 70 кілямэтраў.

Аднаго зь іх у матэрыялах справы назвалі «прадстаўніком спэцслужбы краіны-агрэсаркі» і «кадравым супрацоўнікам Галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Расеі». Менавіта ён нібыта першым сустрэў Яравога ў Пінску і перадаў яму тысячу даляраў, а пасьля выкананьня дывэрсіі паабяцаў выплаціць яшчэ 5 тысяч даляраў.

Другі чалавек, які перапраўляў Яравога ва Ўкраіну, быў грамадзянінам Беларусі.

«Дывэрсійную апэрацыю», паводле сьледчых, каардынаваў менавіта прадстаўнік расейскага Генштабу — ён кантактаваў зь Яравым зь лістапада 2023 году і даваў яму ўказаньні, як падрыхтавацца да перакіданьня ва Ўкраіну.

Выконваючы ўказаньні, Яравы яшчэ ў Беларусі купіў мабільны тэлефон і сем SIM-картак беларускага мабільнага апэратара.

СБУ вяла Яравога за некалькі тыдняў да затрыманьня

На судзе ў часе разгляду справы па сутнасьці выступілі два сьведкі, адзін зь якіх зьяўляецца вайскоўцам (магчыма, палонным), а другі, імаверна, супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны.

Першы сьведка паведаміў, што ў 2016 годзе сустракаўся зь Яравым на тэрыторыі часова акупаванага Алчэўску Луганскай вобласьці, калі грамадзянін Беларусі «служыў у так званай „ЛНР“».

У матэрыялах справы сьледчыя спасылаліся на дакумэнты, датаваныя 1, 2 і 8 студзеня 2024 году. Нагадаем, што Яравога затрымалі ва Ўкраіне 11 студзеня 2024 году.

За тыдзень да затрыманьня грамадзяніна Беларусі сьледчыя атрымалі дазвол на правядзеньне негалосных сьледчых дзеяньняў датычна яго, уключаючы адсочваньне ягонага перамяшчэньня пры дапамозе электронных камунікацыйных сетак і кантролю за яго ліставаньнем у мабільных мэсэнджарах Viber, WhatsApp, Telegram, зарэгістраваных на беларускія нумары.

Для затрыманьня Яравога стварылі «правакацыю злачынства»

Яшчэ праз тыдзень Ровенская абласная пракуратура дазволіла спэцыяльны сьледчы экспэрымэнт, у часе якога загадалі стварыць «умовы, максымальна набліжаныя да рэальных» для забесьпячэньня кантакту з асобай, якая мусіла Яравога сустрэць ва Ўкраіне і даставіць яго да меркаванага месца падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту.

Падрыхтоўку да «правакацыі злачынства» пачалі 9 студзеня. Для гэтага сьледзтва далучыла грамадзяніна Ўкраіны, які пагадзіўся на канфідэнцыйную супрацу з СБУ і сустрэў Яравога недалёка ад украінскай мяжы. На аўтамабілі Renault Duster ён даставіў грамадзяніна Беларусі на месца заплянаванай дывэрсіі — недалёка ад горада Сарны. Ён жа перадаў Яравому заплечнік, у якім знаходзіліся ліхтарык, маскавальны халат, компас, тэрмабялізна і шэсьць GPS-трэкераў.

Пры затрыманьні Яравы адразу прызнаўся, што знаходзіўся на месцы затрыманьня для выкананьня «пастаўленага яму прадстаўніком іншаземнай арганізацыі заданьня» — для ўсталяваньня GPS-трэкераў «на аб’екце энэргазабесьпячэньня для далейшага яго руйнаваньня або пашкоджаньня Ўзброенымі сіламі Расеі пры дапамозе бесьпілётных лятальных апаратаў».

Яравому пагражала пажыцьцёвае пакараньне

Увесь час ад моманту затрыманьня Яравы знаходзіўся пад вартай.

Суд 20 траўня ўхваліў рашэньне аб максымальным пакараньні для Івана Яравога — 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Яму інкрымінавалі «дывэрсію ва ўмовах ваеннага становішча» (ч. 2 артыкулу 113 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны прадугледжвала пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 15 гадоў або пажыцьцёвага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці) і стварэньне тэрарыстычнай групы (ч.1 артыкулу 258-3 прадугледжвала пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў).

Па першым абвінавачаньні суд прысудзіў Яравому 15 гадоў зьняволеньня, а па другім — на 13 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, па сукупнасьці крымінальных правапарушэньняў, шляхам паглынаньня менш суровага пакараньня больш суровым, суд прысудзіў Івану Яравому 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Іван Яравы можа абскардзіць вырак пасьля атрыманьня яго копіі.

Што вядома пра Яравога

Іван Яравы адслужыў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь у воінскай часьці ў Фаніпалі, потым працаваў будаўніком. На вайну паехаў у лістападзе 2014 году, трапіў у горад Антрацыт у «Казацкі полк ЯрГА», дзе атрымаў пазыўны «Пушкін».

Увосень 2015 году Яравы зьезьдзіў на пабыўку дадому, а на зваротным шляху яго затрымалі на чыгуначным вакзале ў Воршы. Са слоў баевіка, трымалі яго ў магілёўскім СІЗА больш за тыдзень, але ў выніку адпусьцілі. «Я проста даў расьпіску, што папярэджаны аб крымінальнай адказнасьці за наёмніцтва», — казаў ён.

У лютым 2016 году выявілася, што Яравы жыве ў Растоўскай вобласьці Расеі.

У верасьні 2016 году Іван напісаў карэспандэнту Свабоды ў сацыяльнай сетцы, што «15 жніўня павесіў аўтамат на цьвік, усё. Усіх прычын не скажу... Скажу адно: я сваё адбыў там. Будуць укры наступаць, вярнуся, а цяпер мне і тут нядрэнна, сабой займуся. Абрыдла ламаць, буду будаваць».

У той раз з самім Іванам журналісты Свабоды сустрэцца ў Круглым не змаглі. Зь імі гутарыла ягоная маці Натальля Іванаўна.

«Ён нармальны чалавек, добры хлопец. Добра вучыўся. Але потым нешта такое здараецца... Пасьля 9-й клясы пайшоў у ПТВ, будаўнічы каледж. Недавучыўся. За месяц да заканчэньня вучылішча ён паехаў у Расею на заробкі. Потым вярнуўся і сказаў, што пойдзе ў вячэрнюю школу... Ён жа сам ня ведае, што яму трэба. Туды ён не пайшоў — заробак малы, сюды не пайшоў — заробак малы. Адкуль можа быць вялікі заробак? Няма ж ні стажу, ні адукацыі. А потым паехаў на працу... і апынуўся на Данбасе».

Паводле жанчыны, пакуль сын быў на Данбасе, у бацькоўскім доме некалькі разоў праходзілі ператрусы.

У траўні 2018 году стала вядома, што Магілёўскі абласны суд за ўдзел у вайне на Данбасе на баку вайсковых фармаваньняў «ЛНР» пакараў жыхара райцэнтру Круглае 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму. Мужчына прызнаны вінаватым паводле першай часткі 361-3 артыкула Крымінальнага кодэксу («Удзел ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы»). Гэта быў менавіта Іван Яравы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG