Гісторыя ўцёкаў з Польшчы ў Беларусь былога судзьдзі Томаша Шмыта, якую Аляксандар Лукашэнка назваў «ударам пад дых уладам Польшчы», ня першая і не апошняя ў такім шэрагу. Чаму ў Беларусі і Расеі так шмат прапагандысцкага шуму вакол гэтага выпадку? І як звычайна складваецца лёс перабежчыкаў, спакушаных аўтарытарнымі рэжымамі?
Сьцісла:
- Прапаганда ў аўтарытарных рэжымах ахвотна выкарыстоўвае перабежчыкаў — як «доказ пераваг» дыктатуры над дэмакратыяй і свабодай.
- Быў час, калі перабежчыкі з-за заходняй мяжы ўцякалі ў СССР тысячамі. Малады энэргічны бальшавіцкі рэжым зь ягонымі лёзунгамі ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці ў першыя гады свайго існаваньня выглядаў для многіх на Захадзе прывабна.
- Амаль усе гучныя гісторыі ўцёкаў з Захаду ў СССР завяршаліся для іх герояў драматычна: калі не рэпрэсіямі, дык самотай, спустошанасьцю, расчараваньнем, усьведамленьнем уласнай бескарыснасьці, а ўрэшце і жаданьнем вярнуцца на радзіму.
- Пасьля вайны, у позьнім СССР, перабежчыкаў з Захаду стала няшмат. Ранейшыя прыёмы савецкай прапаганды перасталі спрацоўваць. Прывабны вобраз дзяржавы ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці і даступных бясплатных даброт значна пабляк, асабліва на тле выкрыцьця сталінскіх палітычных рэпрэсій.
Прапаганда пры дыктатурах мае патрэбу ў перабежчыках і актыўна іх выкарыстоўвае. Аргумэнт «Да нас таксама ўцякаюць...» надзвычай важны для такіх рэжымаў. Бо мала бясконца паўтараць мантру пра «загніваньне» Захаду, пра яго заняпад, дэградацыю і амаральнасьць. Рана ці позна ўзьнікае патрэба ў доказах, жывых сьведчаньнях. А сьведчаньне — вось яно: палітуцякач Томаш Шмыт, які ўсё жыцьцё пражыў у Польшчы, меў там адказную працу, высокі грамадзкі статус і добры заробак, ня вытрымаў, як ён сьцьвярджае, «несправядлівай палітыкі Варшавы ў дачыненьні да Расеі і Беларусі», «стаў ахвярай перасьледу і запалохваньняў з прычыны сваіх поглядаў», а таму ўцёкі ў «адкрытую і дружалюбную Беларусь» сталі для яго адзіным выйсьцем.
Мэта максымальнай прапагандысцкай раскруткі гэтай сытуацыі — якраз тое, пра што сказаў Лукашэнка, нядаўна яе камэнтуючы: нанесьці «удар пад дых уладам Польшчы», паказаць, што «гэта тэндэнцыя», што людзі, якія «рэальна глядзяць на рэчы, параўноўваюць Польшчу і Беларусь і робяць высновы», урэшце выбіраюць той шлях, які выбралі Чэчка і Шмыт. Хоць крывадушны прапагандысцкі сэнс такіх заяў і высноў нібыта павінен быць відавочны кожнаму. Ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі, пачынаючы з 2020 году, ратаваліся ўцёкамі мінімум 300 тысяч беларусаў, якія знайшлі прытулак на Захадзе. Зваротная «тэндэнцыя» выразілася ва ўцёках у Беларусь двух чалавек, аднаго зь якіх празь некалькі месяцаў знайшлі ў Менску павешаным (такі лёс напаткаў у 2022 годзе салдата-дэзэртыра Эміля Чэчку).
Як у СССР уцяклі 58 тысяч перабежчыкаў
Цяпер у гэта цяжка паверыць, але быў час, калі перабежчыкі з-за заходняй мяжы ўцякалі ў СССР тысячамі. Малады, энэргічны, баявіты бальшавіцкі рэжым зь ягонымі лёзунгамі ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці, бясплатнай адукацыяй і мэдыцынай у першыя гады свайго існаваньня выглядаў надзвычай прывабна, прынамсі на адлегласьці. Асабліва калі гэту прывабнасьць не было каму праверыць, пацьвердзіць ці аспрэчыць. Уцякалі, зразумела, пераважна з Заходняй Беларусі, якая пасьля польска-бальшавіцкай вайны апынулася на польскім баку мяжы. На той час — у канцы 1920-х і на пачатку 1930-х гадоў — многія ў Заходняй Беларусі ўжо мелі ўласныя радыёпрымачы, і некаторыя ахвотна і зь цікавасьцю лавілі радыёперадачы зь Менску і з Масквы. Многія былі зачараваныя і захопленыя пачутым — пра шчасьлівае і заможнае жыцьцё працоўнага чалавека ў СССР. Мне даводзілася размаўляць зь некаторымі з тых даваенных аматараў савецкага радыё, якім пашчасьціла перажыць рэпрэсіі, вайну і дажыць да краху СССР. Амаль усе прызнаваліся, што пераважна верылі прапагандзе з Усходу, бо на той момант не маглі ўявіць, што можна па радыё хлусіць аж так бессаромна і нахабна. Людзі ў Заходняй Беларусі не былі прызвычаеныя да такой прапаганды. Усё ж у тагачаснай Польшчы газэты і радыё прытрымліваліся зусім іншых стандартаў і правілаў.
Паводле зьвестак, агучаных на адной з нарадаў тагачасным кіраўніком НКВД БССР Берманам, у 1921-1936 гадах у БССР было зарэгістравана 58 тысяч перабежчыкаў з тэрыторыі Польшчы. А яшчэ больш, паводле наркама, было тых перабежчыкаў, якіх ніхто не рэгістраваў — каля 150 тысяч.
У пэўны момант савецкі рэжым стаў ахвярай уласнай прапаганды. Уцекачоў з Захаду стала так шмат, што 30 жніўня 1931 года Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло адмысловае рашэньне, у якім прадпісвалася вакол гэтай зьявы больш «не разьдзімаць палітычную кампанію» ў газэтах і на радыё — відавочна, каб не падахвочваць новых патэнцыйных палітуцекачоў. Што да далейшага лёсу саміх перабежчыкаў, то партыя акрэсьлівала для іх даволі змрочныя пэрспэктывы, якія неўзабаве сталі рэальнасьцю. У прыватнасьці, ОГПУ прадпісвалася «стварыць праверачны пункт для праверкі перабежчыкаў з тым, каб усіх правераных накіроўваць на працу паводле спэцыяльнасьці ў адпаведныя раёны СССР». Для падазроных асобаў зь ліку перабежчыкаў той жа ОГПУ даручалася «вызначыць адпаведны рэжым». А сярод тых ідэйных палітуцекачоў, якія хваліліся сваёй прыналежнасьцю да КПЗБ і камсамолу, прапаноўвалася «весьці агітацыю для вяртаньня на радзіму для працягу рэвалюцыйнай барацьбы». Агітацыя вялася, але своеасаблівымі мэтадамі.
Уцякаў, каб бясплатна вучыцца, а трапіў у засьценкі НКВД
Якраз пад гэту пастанову Палітбюро трапіў юны Максім Танк. У 1932 годзе ён — малады беларускі паэт, заходнебеларускі падпольшчык-камсамолец. 27 красавіка за сваю камуністычную актыўнасьць трапіў на месяц у турму Лукішкі ў Вільні.
Увосень, адбыўшы пакараньне, вырашыў уцякаць з Польшчы ў БССР: марыў там бясплатна працягнуць адукацыю ва ўнівэрсытэце. Але, нелегальна перайшоўшы мяжу, трапіў не ў сяброўскія абдымкі аднадумцаў-камуністаў, а ў засьценкі НКВД. Некалькі тыдняў зьняволеньня, допытаў і «сяброўскіх гутарак»... Пасьля якіх юнак адправіўся не на вучобу ва ўнівэрсытэт, а назад, адкуль толькі што ўцякаў, «працягваць рэвалюцыйную барацьбу». Наперадзе зноў арышты, турмы, перасьлед за камуністычную дзейнасьць. І гэта яму яшчэ пашанцавала, што быў высланы назад у Польшчу: пачатак 30-х у гэтым сэнсе ў СССР быў параўнальна лагодным пэрыядам. Пазьней, у сярэдзіне і пад канец 1930-х, тысячы ягоных паплечнікаў зь ліку заходнебеларускіх камуністаў і камсамольцаў, якія наважыліся ўцякаць у СССР, будуць адразу ж расстраляныя або зьнікнуць у нетрах ГУЛАГа — як польскія шпіёны і дывэрсанты.
Далейшы лёс самога Максіма Танка склаўся нібыта шчасьліва: ён пазьбег рэпрэсій, быў уганараваны ўсімі магчымымі савецкімі рэгаліямі. Але да самага канца жыцьця пазьбягаў публічных успамінаў і ацэнак таго, што зь ім здарылася ў 1932-м.
«У капцюрох ГПУ»
Яшчэ адной знакавай постацьцю сярод спакушаных і падманутых савецкай прапагандай стаў Францішак Аляхновіч — драматург і тэатральны дзеяч, які гісторыю сваіх ілюзій і пакут маляўніча апісаў у дакумэнтальнай аповесьці «У капцюрох ГПУ». Наслухаўшыся пра нечуваны росквіт беларускай культуры ў БССР, ён вырашыў у лістападзе 1926 году ўцячы зь Вільні ў Менск. Спачатку яго сустрэлі нібыта прыязна: далі працу ў Віцебскім тэатры, 23 сьнежня 1936-га ён нават атрымаў савецкае грамадзянства. Але ўжо 1 студзеня 1927-га Аляхновіч апынуўся ў ізалятары менскай турмы «за шпіянаж на карысьць буржуазнай Польшчы». Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Зьмітрок Бядуля зьвяртаюцца да ўладаў з просьбай вызваліць Аляхновіча — безвынікова. Прысуд — 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. Аляхновічу пашанцавала: дзякуючы высілкам польскіх уладаў яго ў 1933 годзе абмянялі на лідэра «Грамады» Браніслава Тарашкевіча, які ў той час адбываў пакараньне ў польскай турме.
У выніку Аляхновіч зноў апынуўся на свабодзе ў Вільні, а Браніслаў Тарашкевіч пасьля польскай турмы трапіў неўзабаве ў савецкі ГУЛАГ. У 1938-м Тарашкевіча расстралялі як польскага шпіёна.
Пазьней Аляхновіч напіша пра тых, кім некалі так захапляўся і каго ўрэшце ўзьненавідзеў.
Вось як ён адклікнуўся на прыход Чырвонай арміі ў Вільню ў 1939-м:
«Лепш у голым полі спаткацца са зграяй галодных ваўкоў, чымся неспадзявана пабачыць гэтыя шапкі, гэтыя зоркі, гэтыя скуластыя мангольскія твары, зь якімі, здавалася, ужо ніколі не сустрэнесься...»
Францішку Аляхновічу ўсё ж не ўдалося пазьбегнуць помсты бальшавікоў: 3 сакавіка 1944-га ён загінуў на парозе ўласнай кватэры ў Вільні ад рук савецкіх партызанаў.
Лі Харві Освальд: уцёкі ў СССР і вяртаньне ў ЗША
Пасьля вайны і асабліва ў позьнім СССР перабежчыкаў з Захаду было ўжо няшмат. Ранейшыя прыёмы савецкай прапаганды перасталі спрацоўваць. Прывабны вобраз дзяржавы ўсеагульнай сацыяльнай роўнасьці і даступных бясплатных даброт значна пабляк, асабліва на тле выкрыцьця сталінскіх палітычных рэпрэсій. Рэаліі паўсядзённага жыцьця савецкага чалавека, якія значна саступалі звыклым заходнім стандартам, для большасьці людзей на Захадзе ў эпоху ўсеагульнай даступнасьці тэлебачаньня перасталі быць таямніцай.
І ўсё ж уцёкі з Захаду здараліся. Хто былі гэтыя людзі? Дзівакі, прайдзісьветы, шпіёны, авантурысты альбо выключна прастадушныя і наіўныя асобы. У любым выпадку, савецкая прапагандысцкая машына, як правіла, спрабавала іх выкарыстаць у сваіх мэтах.
Адна з найбольш адметных гісторый 50-60-х гадоў — уцёкі ў СССР амэрыканца Лі Харві Освальда. Дваццацігадовы Освальд — былы марскі пехацінец — увосень 1959 году ўцёк у СССР і папрасіў савецкае грамадзянства, заявіўшы, што расчараваўся ў заходнім ладзе жыцьця. Яго накіравалі ў Менск і ўладкавалі токарам на Менскі радыёзавод. Далі бясплатную кватэру ў цэнтры горада і высокі заробак. І пры гэтым пільна сачылі з дапамогай таемных агентаў КДБ: ці не шпіён.
У Менску Освальд ажаніўся, у сям’і нарадзілася дзіця. Аднак вельмі хутка малады амэрыканец расчараваўся ў савецкіх рэаліях. У студзені 1961 году ён напісаў у сваім дзёньніку: «Я пачынаю пераглядаць сваё жаданьне застацца. Праца шэрая, грошы няма дзе траціць, няма начных клюбаў і боўлінгу, няма месцаў адпачынку, акрамя прафсаюзных танцаў. Зь мяне досыць». Наракаючы на аднастайнае жыцьцё, Освальд стаў прасіць выпусьціць яго з краіны, каб ён змог вярнуцца ў ЗША. Як ні дзіўна, яго адпусьцілі. Разам з жонкай і дачкой.
У 1963 годзе, абвінавачаны ў забойстве прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі, падчас перавозкі з паліцэйскай управы ў турму Освальд загінуў ад рук уладальніка начнога клюбу. У той момант яму было 24 гады.
Гэта гісторыя (і асабліва яе менскія фрагмэнты) падрабязна і ярка апісана ў кнізе Аляксандра Лукашука «Сьлед матылька: Освальд у Менску», якая выйшла ў 2011 годзе ў кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
Драма сям’і Локшын
У канцы 1986 году навіна пра амэрыканскую сям’ю Локшын, якая папрасіла палітычнага прытулку ў СССР, стала ледзь не галоўнай сэнсацыяй у Савецкім Саюзе. Перабудова на той час яшчэ не набыла вялікіх маштабаў, і камуністычная прапаганда дзейнічала пераважна па старой завядзёнцы. Гісторыя сям’і амэрыканскіх навукоўцаў Арнольда і Лорэн Локшын стала для яе знаходкай. Як толькі яны прыляцелі ў Маскву, зь імі сустрэўся Андрэй Грамыка, на той час старшыня Вярхоўнага Савету СССР. Перабежчыкі тут жа далі вялікую прэсавую канфэрэнцыю, на якой апісалі спосабы барацьбы амэрыканскіх уладаў зь іншадумцамі і перасьледу з боку ФБР «за прагрэсіўныя камуністычныя погляды». Ад савецкіх уладаў сям’я тут жа атрымала ўсе даброты: шыкоўную па тых часах 4-пакаёвую кватэру ў прэстыжным «цэкоўскім» доме ў Новых Чаромушках, добрую працу (Арнольда прызначылі кіраваць лябараторыяй у навукова-дасьледчым інстытуце). У 1989 годзе выйшла кніга мужа і жонкі Локшын пад красамоўнай назвай «Маўклівы тэрор: гісторыя палітычнага перасьледу сям’і ў Злучаных Штатах». Але час на двары быў ужо такі, што яна мала каго зацікавіла.
Адметна, як склаўся лёс гэтай сям’і. Арнольд Локшын застаўся верным сваім антыамэрыканскім перакананьням, але заплаціў за гэта высокую цану. У 2017 годзе журналісты адшукалі яго ў той жа «цэкоўскай» кватэры — самотнага расейскага пэнсіянэра, безь сям’і. Ён тады прызнаўся:
«Ні з жонкай, ні зь дзецьмі я не падтрымліваю адносін: мы разышліся ў ідэйных меркаваньнях. Яны перайшлі на другі бок барыкад. Ім так выгадна... Я адзін застаўся верны сваім перакананьням».
Самотны 78-гадовы Арнольд жыў тады на расейскую пэнсію памерам каля 20 000 рублёў (каля 330 даляраў паводле тагачаснага курсу) і наракаў на тое, што ЗША адмаўляюцца яму прызначаць амэрыканскую пэнсію, хоць некаторы пэрыяд часовую дапамогу па старасьці і выплачвалі.
На пачатку 2020-х гадоў прозьвішча Локшын зноў часта стала гучаць у інфармацыйнай прасторы, але гэтым разам ужо ў сувязі з сынам Арнольда і Лорэн Міхаілам (Майклам). Падчас уцёкаў сям’і ў СССР ён быў маленькім 5-гадовым хлопчыкам. А стаў славутым кінарэжысэрам. Менавіта ён — аўтар апошняй экранізацыі булгакаўскага рамана «Майстар і Маргарыта», выхад якога сёлета на экраны выклікаў скандал у праваенным расейскім асяродзьдзі. У Майкла Локшына атрымаўся фільм пра зьнішчэньне таталітарнай дзяржавай таленавітага, а значыць ня здольнага хлусіць, а таму асуджанага на гібель мастака. У пэўным сэнсе гэта стала рысай і пад гісторыяй самой сям’і Локшын — таго вырашальнага эпізоду, калі 40 гадоў таму бацькі памянялі амэрыканскую свабоду на савецкі таталітарызм.
У 2022 годзе Майкл Локшын публічна асудзіў расейскую агрэсію ва Ўкраіну. І пакінуў Расею, пераехаўшы туды, адкуль 40 гадоў таму ўцяклі ягоныя бацькі.
Спакушаныя дыктатурай
Галерэя гэтых нібыта выпадковых партрэтаў і лёсаў пазначае вельмі падобную траекторыю, па якой у далейшым вымушаны рухацца і выбудоўваць сваё жыцьцё тыя, хто памяняў свабоду на несвабоду... Былы польскі судзьдзя Томаш Шмыт сёньня нібыта аблашчаны і прытулены беларускай уладай. Лукашэнка забясьпечыў яго асабістай аховай і пасяліў, мяркуючы па фатаздымках, у элітным намэнклятурным пасёлку Дразды пад Менскам. Прапаганда (і беларуская, і расейская) усяляк выкарыстоўвае гэту гісторыю, спрабуючы пераканаць аўдыторыю ў бяспраўі, несправядлівасьці і амаральнасьці жыцьця на Захадзе. Што будзе потым, калі прапаганда адпрацуе гэты сюжэт, а далейшы лёс перабежчыка Шмыта стане мала каму цікавым, апроч ягоных блізкіх? Ці ўдасца яму пазьбегнуць спустошанасьці, самоты, расчараваньня, усьведамленьня ўласнай бескарыснасьці, а ўрэшце і жаданьня вярнуцца на радзіму? Магчыма. Аднак, як сьведчыць гісторыя, гэта было б хутчэй выключэньнем з правіла.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум