Абласны суд у Берасьці пасьля доўгага перапынку вынес вырак у крымінальнай справе 68-гадовага жыхара Ляхавічаў Барыса Вітко, якога раней ужо асудзілі за абразу судзьдзі.
На гэты раз палітвязьню выставілі больш сур’ёзныя абвінавачаньні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу — яго судзілі за камэнтары ў Telegram. Справу разглядала судзьдзя Вера Філонік.
У выніку Вітко прысудзілі 7 гадоў і 3 месяцы калёніі, а таксама штраф у памеры 12 тысяч рублёў.
Палітвязьня прызналі вінаватым паводле ўсіх выстаўленых яму артыкулаў:
- ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»);
- арт. 188 («Паклёп»);
- ч. 2 арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»);
- арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»);
- ч. 2 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта, зьдзейсьненая паўторна»);
- ч. 1 арт. 130 («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці або звады»);
- ч. 1 арт.361 («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»).
Барыса Вітко раней ужо асудзілі за абразу судзьдзі паводле арт. 391 Крымінальнага кодэксу Беларусі. 20 студзеня 2023 году суд Ляхавіцкага раёну прызнаў яго вінаватым і прысудзіў яму 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хатняя хімія»).
Форум