Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зрабіў больш строгімі ўмовы ўвозу катоў і сабак зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўная харчова-вэтэрынарная служба Літвы паведаміла пра ўзмацненьне жорсткасьці ўвозу свойскіх жывёлаў у краіны Эўразьвязу з Расеі і Беларусі. Вядзецца пра сабак, катоў і тхароў.

З 16 верасьня 2024 году жывёла, якая ўвозіцца, павінна будзе прайсьці сэралягічнае дасьледаваньне на антыцелы да вірусу шаленства і атрымаць дакумэнт, які пацьвярджае гэта, піша Delfi.

«Расея і Беларусь выключаны са сьпісу краін, якія эфэктыўна рэалізуюць антырабічныя патрабаваньні. Летась 63 жывёлы, якія перавозяцца ў камэрцыйных мэтах, не былі дапушчаныя ў Літву за неадпаведнасьці суправаджальных дакумэнтаў, умоў перавозкі або ідэнтыфікацыйнага нумару жывёлы», — расказала галоўны дзяржаўны вэтэрынар Дэпартамэнту памежнага кантролю Аліцыя Заранковіч.

«З гэтага часу для ўвозу ў Эўразьвяз сабак, катоў або тхароў зь Беларусі і Расеі неабходна праводзіць тэст на антыцелы да шаленства», — адзначыла яна.

Служба таксама падкрэсьліла, што ўзор тэсту на антыцелы да шаленства неабходна ўзяць як мінімум праз 30 дзён пасьля вакцынацыі супраць шаленства і як мінімум за 3 месяцы да выдачы вэтэрынарнага сэртыфікату і ўезду ў ЭЗ. Такім чынам, ён павінен праводзіцца ў зацьверджанай лябараторыі, а вынік павінен паказваць узровень антыцелаў, якія нэўтралізуюць вірус шаленства, ня менш за 0,5 МЕ/мл.

Жывёлы, якія прыбываюць у ЭЗ, таксама павінны мець вэтэрынарны сэртыфікат узору Эўрапейскага зьвязу, выдадзены дзяржаўным вэтэрынарам трэцяй краіны. Дзяржаўная харчова-вэтэрынарная служба Літвы нагадвае, што пры ўвозе свойскіх жывёлаў зь Беларусі і Расеі ў Эўрапейскі зьвяз жывёла таксама павінна мець падскурны мікрачып або тату (зробленую да 3 ліпеня 2011 году) і быць прышчэплена ад шаленства (першасная вакцынацыя жывёлы, не маладзейшай за 12 тыдняў).

Таксама пазначана, што людзі, якія вяртаюцца зь Беларусі ці Расеі з жывёлай, якой у ЭЗ быў выдадзены пашпарт свойскай жывёлы для ўвозу ў ЭЗ, таксама павінна прасачыць, каб жывёла мела падскурны мікрачып або тату, была прышчэпленай ад шаленства, а зь верасьня 2024 году павінна быць пададзена інфармацыя аб тым, што жывёла была сэралягічна праверана на антыцелы да шаленства перад выездам з ЭЗ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG