Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеда хутка ня будзе, а нам далей будаваць гэтую краіну». Былыя палітвязьні разважаюць, які выбар горшы — зьяжджаць ці заставацца


Калаж былой палітзьняволенай Натальлі Карнеевай для падкасту "Архіпеляг БЕЛАГ".
Калаж былой палітзьняволенай Натальлі Карнеевай для падкасту "Архіпеляг БЕЛАГ".

Ці адчувае сябе свабодным палітвязень пасьля таго, як адседзеў увесь тэрмін? Чаму вялікая частка былых палітвязьняў пасьля адбыцьця тэрміну пакідае Беларусь? Ехаць ці заставацца? Чаму абодва выбары дрэнныя? Пра гэта апошняя частка падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ».

Глядзіце цалкам на відэа

Тут фрагмэнты

Былая палітзьняволеная Вольга Класкоўская параўноўвае зь пеклам знаходжаньне ў Беларусі пасьля вызваленьня.

Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

— Увесь час, пакуль я знаходзілася ў Беларусі пасьля вызваленьня, гэта было пекла. Увесь час над табой вісеў дамоклаў меч. Сілавікі ўвесь час прыходзілі дахаты, выклікалі ў РУУС, у тым ліку ў крымінальны вышук. Падчас апошняга такога выкліку, гэта быў люты 2023 году, сілавікі вельмі зацікавіліся маім тэлефонам. І калі я адмовілася паведамляць пароль ад двухфактарнай аўтэнтыфікацыі, яны сказалі, што будуць яго ламаць і ўсё роўна знойдуць усю інфармацыю, якую я зьнішчыла. У іх гэта не атрымалася. Яны даслалі запыт з майго Telegram, каб скінуць пароль, але атрымалі адказ ад Telegram, што гэта станецца магчымым толькі праз тыдзень. Яны доўга вагаліся, што са мной рабіць, але ўрэшце выпусьцілі і сказалі вярнуцца праз тыдзень з тэлефонам. Я зразумела, што спакойна жыць мне ў Беларусі не дадуць. Я адчувала, што гэта толькі пытаньне часу, калі я зноў апынуся за кратамі. Я прыняла рашэньне аб тэрміновай эвакуацыі зь Беларусі.

Жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў цалкам адбыў тэрмін за нібыта «абразу» Лукашэнкі ў наваполацкай калёніі. Па вяртаньні дахаты быў пад наглядам міліцыі. Былы палітвязень мусіў наведваць камісію ў пытаньнях працаўладкаваньня, на якой яго паставілі перад выбарам.

Валянцін Лабачоў
Валянцін Лабачоў

— На наступны дзень, як я прыехаў у Магілёў, прыйшоў у інспэкцыю. Інспэктар сказала, што раз на месяц буду хадзіць адзначацца і, можа, на лекцыю. Аказалася, што трэба хадзіць яшчэ на нейкія камісіі. Два разы на месяц нейкая камісія па працаўладкаваньні, калі не працуеш, і нейкая наглядальная камісія. На камісіі яны кажуць, каб ты ўладкоўваўся на працу. А як ты на працу ўладкуесься, калі ў цябе судзімасьць і ты яшчэ экстрэміст? Ніхто цябе ня возьме. Я нават і не спрабаваў уладкоўвацца. У сакавіку быў Дзень Волі. За тыдзень да Дня Волі мне сказалі кожны дзень хадзіць на гэтую размову прафіляктычную. Канчатковай кропкай стала тое, што я прыйшоў на адну камісію, старшыня камісіі пытаецца, чаму я не ўладкаваўся на працу, а я адказваю, што зьбіраюся зьяжджаць. Ён кажа: у цябе месяц ёсьць, каб зьехаць ці ўладкавацца на працу, інакш паедзеш зноў на зону. Таму там рабіць няма чаго. Прыйшлося ехаць.

Былога палітвязьня Алега Грузьдзіловіча ў дзень вызваленьня на міліцэйскім аўтамабілі сілавікі адвезьлі да мяжы. Адной з умоваў яго датэрміновага вызваленьня быў тэрміновы выезд зь Беларусі. Грузьдзіловіч разважае, каму і ў якіх выпадках варта зьяжджаць пасьля турмы:

Алег Грузьдзіловіч
Алег Грузьдзіловіч

— Нават у вялікім горадзе знайсьці працу былому вязьню, тым больш палітычнаму вязьню, практычна немагчыма. Проста ёсьць загад. Раней ня бралі ў дзяржаўныя прадпрыемствы, установы, цяпер і камэрцыйныя ўстановы па гэтым загадзе нікога на працу не бяруць. Мая парада такім людзям: калі ёсьць магчымасьць, то зьяжджаць. Бо жыць спакойна ўсё роўна не дадуць, больш за тое, могуць зноў пасадзіць у турму, бо ў іх гэтыя людзі на заметцы. Пакуль не атрымліваецца яшчэ горшага, то лепей зьехаць.

Былы палітвязень, прадусар і паліттэхноляг, грамадзянін Беларусі і ЗША Віталь Шкляраў быў вызвалены восеньню 2020 году дзякуючы званку былога дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэо Аляксандру Лукашэнку. Ягоныя парады былым палітвязьням наступныя:

Віталь Шкляраў
Віталь Шкляраў

— Я б шчыра парэкамэндаваў заняцца сваім здароўем і аднавіцца псыхалягічна. Знайсьці добрага псыхоляга, аднавіцца і вярнуцца ў жыцьцё. Таму што дзеда ня будзе хутка, а жыць трэба будзе, сям’я павінна жыць. Дзяцей трэба гадаваць, асабліва тым, хто малады. Рана ці позна трэба будзе адно аднаму, тым, каму ня хочацца дараваць, навучыцца дараваць. Гэта будзе патрабаваць шмат намаганьняў, і душэўных, і многа працы. Усе людзі, якія праз гэта прайшлі, вельмі важныя для Беларусі. Мне ня хочацца казаць вам «выяжджайце», хоць частка мяне гаворыць пра тое, што вам было б лягчэй на Захадзе. Хаця б часова. У роўнай ступені гэта вельмі цяжка — жыць у эміграцыі, далёка ад роднага дому і бацькоў. Я гэтак жа пакінуў бацькоў, ня змог прыехаць разьвітацца, калі памерла маці. Гэта балюча і цяжка, трэба самім вырашаць, ехаць ці не. Важна глядзець сябе і не азлабляцца. Падзялюся сваім досьведам. Важна глядзець сябе і не азлабляцца, а паспрабаваць на гэта з часам навучыцца глядзець па-іншаму. Дапамагаць тым, хто яшчэ там, на месцы. Важна ўмець чакаць. Людзі, якія прайшлі праз гэта, умеюць чакаць. Чакаць, бо жыцьцё доўгае. Дзеда хутка ня будзе, а нам далей будаваць гэтую краіну, і нам далей у ёй жыць.

Зьяжджаць ці заставацца? Абодва выбары дрэнныя, лічыць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту, былая палітзьняволеная Вольга Гарбунова:

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова

— Калі я думаю пра тэрмін «былы палітвязень» ці «вызвалены палітвязень», мяне крыху пачынае калаціць унутры. Былыя — умоўнае слова, улічваючы, што да поўнай юрыдычнай, маральнай рэабілітацыі мы ня можам выкарыстоўваць такі тэрмін. Але вызваленыя. Я проста ня ведаю, як у 2023 годзе гаварыць пра людзей, якія выйшлі зь месцаў зьняволеньня, як пра вызваленых. Таму што ты не трапляеш на свабоду, калі выходзіш зь СІЗА ці калёніі. Ты трапляеш у новую турму, у якую ператварылася ўся краіна. Мы цудоўна ведаем, што палітвязьні не становяцца свабоднымі. Яны падпісваюць новыя і новыя дакумэнты аб наглядзе, аб прафіляктычным уліку. Гэтае жыцьцё поўнае абмежаваньняў. Гэта велізарны страх, калі ты думаеш, што, магчыма, твая чарга проста яшчэ не прыйшла. Табе не даюць атрымаць асалоду ад гэтай волі. І ты зноў паедзеш па новым крымінальным артыкуле. Немагчыма даць параду ці выказаць сваю думку, што варта рабіць людзям пасьля досьведу зьняволеньня ў Беларусі, таму што ў нас усіх ёсьць важныя прынцыпы і каштоўнасьці. Гэта апошняе, што дазваляе нам выжыць у гэтай сытуацыі, у якой мы апынуліся. Я думала, што я ніколі ў жыцьці не пакіну краіну, але пры гэтым увесь ціск, які спазнала, вымусіў мяне прыняць такое рашэньне. І гэта не сытуацыя, дзе ёсьць добрае ці дрэннае рашэньне. Гэта два небясьпечныя і дрэнныя варыянты... Напэўна, трэба пакідаць гэтае права за кожнай і кожным, хто выходзіць з турмаў.

Былы палітзьняволены Аляксандар Кабанаў больш катэгарычны.

Аляксандар Кабанаў
Аляксандар Кабанаў

— На мой погляд, былым палітвязьням лепей выяжджаць з краіны. Лепей не рызыкаваць сваёй свабодай і жыцьцём. Трэба разумець, што за тымі, хто быў з 10-м прафулікам, будзе жорсткі кантроль. У іх правяраюць гаджэты, да іх прыяжджаюць дадому раз ці два на тыдзень, кожную нядзелю цягам двух гадоў будуць выклікаць на нейкія прафіляктычныя размовы, на адзначэньне. Плюс на працу прымушаюць уладкоўвацца. Трэба разумець, што на нармальную працу ўладкавацца немагчыма. У цябе ёсьць даведка аб вызваленьні. І калі даведаюцца, што ты адседзеў, яшчэ і з палітычных матываў, ня вельмі цябе хочуць браць, бо яны разумеюць, што і да іх будуць прыяжджаць і больш уважліва сачыць і за гэтай кампаніяй. Можна ўладкавацца дворнікам ці яшчэ кімсьці, але лепей зьбірацца і выяжджаць. Калі магчыма, зь сям’ёй.

Што мае адбыцца з самой сыстэмай, зь людзьмі, якія ў ёй працавалі, якія прымалі карныя рашэньні, калі надыдуць перамены? Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч:

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

— Яны павінны быць пакараныя паводле закону. Іх павінны судзіць і пакараць па законе. Ніякага самаўпраўства, ніякіх расправаў, але яны мусяць панесьці пакараньне паводле закону. Вось гэтыя судзьдзі. Я ня ведаю, як мы даруем. Ведаеш, што сусед быў ахоўнікам ці начальнікам турмы. Гэта ўжо больш складана. Мы ведаем краіны, як Руанда, калі суседзі забівалі суседзяў. З гэтым трэба жыць, неяк трэба вучыцца жыць. У нас зусім не Руанда, але пытаньні маралі паўстануць вялікія, і кожнаму з нас трэба будзе застацца чалавекам. І гэта будзе складана.

Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць

Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.

У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.

Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.

Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.

«Архіпэляг БЕЛАГ». Як Беларусь ператвараюць у турму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:50 0:00

Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG