Прэспанскае пагадненьне, зь якім да афіцыйнай назвы дзяржавы дадалася «Паўночная», зьяўляецца рэальнасьцю як для партыі, так і для прэзыдэнта, і ў кабінэце новай прэзыдэнткі пацьвердзілі Балканскай службе Радыё Свабодная Эўропа, што «нікуды не ўцякуць ад гэтага ў афіцыйным ужытку».
Гардана Сіляноўская-Даўкава і партыя, якая падтрымала яе ў барацьбе за пасаду прэзыдэнткі, ВМРО-ДПМНЕ, запэўнілі, што будуць выконваць міжнародныя абавязаньні пасьля нэгатыўнай рэакцыі ўладаў Грэцыі, Баўгарыі і Эўразьвязу, якія выступілі з напамінам, што афіцыйнае Скоп’е мусіць выконваць пагадненьні, дасягнутыя Скоп’ем з Атэнамі і Сафіяй.
Падпісаньне Прэспанскага пагадненьня вырашыла амаль 30-гадовую спрэчку з Грэцыяй аб назьве дзяржавы, і гэта разблякавала шлях да паўнапраўнага сяброўства ў ЭЗ і NATO. Сёньня Паўночная Македонія ўваходзіць у Паўночнаатлянтычны альянс, але чакае адкрыцьця новых шляхоў у перамовах з Брусэлем аб уступленьні ў ЭЗ. Каб гэта адбылося, неабходна ўнесьці канстытуцыйныя папраўкі, якія ўключаць баўгарскую і іншыя нацыянальныя супольнасьці ў прэамбулу Канстытуцыі краіны, як таго патрабуе краіна – сябра ЭЗ Баўгарыя, што ў гэты момант блякуе ўступленьне македонцаў.
На цырымоніі інаўгурацыі Сільяноўска-Даўкава падчас прысягі ніводнага разу не прамовіла слова «Паўночная», называючы сваю дзяржаву проста Македоніяй, як яна афіцыйна называлася раней. Амбасадарка Грэцыі на знак пратэсту ўчыніла дэмарш — дэманстрацыйна пакінула залю, дзе праходзіла цырымонія.
Эўразьвяз разьлічвае на супрацу з абранымі прадстаўнікамі Паўночнай Македоніі, а таксама з новым урадам і прэзыдэнтам, адзначыў прэс-сакратар Эўракамісіі ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Пэтэр Стана.
Адказваючы на пытаньне журналіста, ён сказаў, што пазыцыя ЭЗ ясная. Яго спыталі, якія крокі Эўразьвяз плянуе зрабіць, калі новае кіраўніцтва працягне ігнараваць слова «Паўночная». Ён падкрэсьліў, што ЭЗ шчыра лічыць, чакае і верыць у тое, што новыя ўлады краіны будуць працягваць выконваць абавязаньні.
Такія паводзіны прэзыдэнткі ня сталі сюрпрызам. Сільяноўска-Даўкава яшчэ ў сваёй перадвыбарчай праграме заявіла, што ня будзе выкарыстоўваць слова «Паўночная» ў зваротах да грамадзкасьці і што Прэспанскае пагадненьне было прынята «з парушэньнем нацыянальнага заканадаўства і аспрэчваецца ў рамках міжнароднага права, асабліва ў дачыненьні права на самавызначэньне, прынцыпу роўнасьці дзяржаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы».
Сільяноўска-Даўкава — юрыст з адукацыі, прафэсар унівэрсытэту Скоп’я.
Форум