Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня нашаму пакаленьню вырашаць, якая мова павінна быць дзяржаўнай у новай Беларусі, — Ігар Случак


Ігар Случак
Ігар Случак

Юрыст, праваабаронца, моўны актывіст Ігар Случак аналізуе статус і шлях беларускай мовы пасьля рэфэрэндуму 1995 году, заяўляе, што ўласна беларуская мова ніколі не была тым галоўным ворагам, супраць якога ішла наўмысная барацьба, і выказвае меркаваньне, як будзе вырашае моўнае пытаньне ў новай Беларусі.

Сьцісла:

  • Рэфэрэндум 1995 году юрыдычна быў незаконна аформлены, таму яго ўвогуле нельга лічыць легітымным прававым актам.
  • Ад 1995 году кіроўны рэжым пачаў паступова звужаць сфэру ўжываньня беларускай мовы.
  • «Мяккай беларусізацыі» менавіта ў пытаньнях мовы не было.
  • На звароты і прапановы ў справе выкарыстаньня беларускай мовы ў сфэры гандлю, паслугаў і прыватныя структуры, і дзяржаўныя ўстановы сталі даваць больш станоўчых адказаў.
  • Беларускую мову выціскалі з нармальнай камунікатыўнай сфэры ў загон лапцяжна-вышываначнай культуры.

— Чым стаў для беларускай мовы, яе статусу і пазыцыяў у грамадзтве рэфэрэндум 14 траўня 1995 году, у выніку якога беларуская мова была пазбаўленая статусу адзінай дзяржаўнай мовы?

— Рэфэрэндум стаў вялікім ударам па беларускай мове. У 90-я гады ішло хуткае аднаўленьне пазыцыяў беларускай мовы ў дзяржаве і грамадзтве. Калі ў 1995 годзе каля 70 працэнтаў беларускіх першаклясьнікаў пайшлі ў школу зь беларускай мовай навучаньня, то адразу пасьля рэфэрэндуму, ужо на наступны год, іх стала ў тры разы менш.

І гэта адбывалася ва ўсіх сфэрах. Адразу пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі дзяржаўная моўная палітыка пачала схіляцца ў бок русіфікацыі. Усе бачылі, што расейская мова — гэта мова дзяржаўных устаноў і мова таго палітычнага рэжыму, які пачаў усталёўвацца ў Беларусі.

Рэфэрэндум 1995 году юрыдычна быў незаконна аформлены, і яго ўвогуле нельга лічыць легітымным прававым актам. Таму расейская мова ў якасьці дзяржаўнай у Беларусі — гэта незаконна. Любыя размовы пра тое, што ў Беларусі павінны быць дзьве дзяржаўныя мовы, — гэта антыканстытуцыйна, і гэта супраць беларускага народу.

У краіне, дзе больш як 80 працэнтаў — беларусы, павінна быць адна дзяржаўная мова. І ня нашаму пакаленьню вырашаць, якая мова павінна быць дзяржаўнай у будучыні. Мы пакаленьне, сапсаванае гэтым рэжымам, рэпрэсіямі, русыфікацыяй.

— Як беларуская мова функкцыянавала гэтыя гады, пасьля 1995 году? У якой ступені, у якіх формах і маштабах палітычнае кіраўніцтва дапускала яе існаваньне?

— Усё гэта не адбывалася за адну хвіліну. Ад 1995 году кіроўны рэжым пачаў паступова звужаць сфэру ўжываньня беларускай мовы. У справаводзтве, заканадаўстве гэта адбылося вельмі хутка: усё адразу перавялі на расейскую мову. У такіх сфэрах, як адукацыя, культура, гэта адбывалася больш паступова, але працэс русыфікацыі ішоў і там.

Тое, што беларуская мова жыве і ёй карыстаюцца людзі — гэта праца менавіта грамадзянскай супольнасьці, дзеячоў культуры, лідэраў меркаваньняў. Алесь Бяляцкі падкрэсьліў важнасьць беларускай мовы ў сваёй нобэлеўскай лекцыі, якую ён ня змог прачытаць, бо знаходзіцца ў зьняволеньні.

— Наколькі радыкальна зьмянілася моўная сытуацыя пасьля 2020 году? Да гэтага, недзе ад 2014 году, ішоў працэс, які некаторыя аглядальнікі называлі «мяккай беларусізацыяй», але пасьля падзеяў 2020-га ён відавочна скончыўся. Цяпер у асяродзьдзі ўлады ў значнай ступені пануюць каштоўнасьці «русского мира».

— Я шчыра скажу, што ня бачыў мяккай беларусізацыі менавіта ў пытаньнях мовы. Як бы гэта ні было дзіўна, але зараз у лічбавым вымярэньні беларускай мовы становіцца больш. Я раблю з-за мяжы тую ж працу, што рабіў і ў Беларусі. І на мае звароты і прапановы ў справе выкарыстаньня беларускай мовы ў сфэры гандлю, паслугаў, вонкавай інфраструктуры і прыватныя структуры, і дзяржаўныя ўстановы сталі даваць больш станоўчых адказаў.

Я б сказаў, што ў краіне мае месца агрэсіўная рыторыка, накіраваная супраць праяваў нацыянальнага — сымбаляў, гісторыі. Сымбалі — гэта тое, што было на вуліцах у 2020 годзе, і гэта, відаць, найбольш балюча для рэжыму. Стан мовы які быў да 2020-га году, такі і застаецца. Разам з тым мне падаецца, што людзі сталі больш карыстацца беларускай мовай.

— То бок вы лічыце, што дзяржава змагаецца не з самой мовай, а з тымі поглядамі, якія ёй не падабаюцца і якія нярэдка зьвязаныя з актыўнай беларускай сьвядомасьцю і мовай?

— Я лічу, што сама беларуская мова ніколі не была тым галоўным ворагам, супраць якога вялася наўмысная барацьба. Яе проста выпіхвалі з нармальнай камунікатыўнай сфэры ў загончык лапцяжна-вышываначнай культуры. Дзяржава цалкам ад беларускай мовы не адмаўляецца і не зьбіраецца адмаўляцца.

Супраць мовы не было такой агрэсіі, як супраць нацыянальных сымбаляў. Аднак мова — гэта больш важны сымбаль народу, чым герб і сьцяг. Сьцяг можа быць розны, а мова — гэта тое, што не мяняецца.

Нашы гераічныя палітвязьні, якія загінулі за кратамі — Алесь Пушкін, Вітольд Ашурак — былі беларускамоўнымі. Калі б яны паводзілі сябе ў зьняволеньні больш паслухмяна, размаўлялі па-расейску — можа, іхны лёс быў бы не такі жахлівы. Яны аддалі жыцьцё за беларускую мову. Як пісаў паэт Анатоль Сыс: «Нам мова далася крывёю».

— Як можа вырашацца моўнае пытаньне пасьля скасаваньня дыктатуры ў Беларусі, пасьля зьяўленьня дэмакратычных уладаў?

— На жаль, пытаньне будзе вырашацца складана. Бо ёсьць шмат меркаваньняў пра тое, ці павінна быць у Беларусі адзіная дзяржаўная беларуская мова.

На маю думку, самы правільны шлях — гэта вяртаньне да таго статусу, які быў да рэфэрэндуму 1996 году. Я кажу менавіта пра другі рэфэрэндум, 1996-га, бо менавіта ён зьмяніў Канстытуцыю. Калі мы хочам жыць у прававой дзяржаве, то павінны аднавіць Канстытуцыю 1994 году, паводле якой была адзіная дзяржаўная мова — беларуская. Дыскусія можа быць толькі вакол таго, ці варта пакідаць за расейскай мовай статус «мовы міжнацыянальных зносінаў».

У сваёй манаграфіі я адзначаў, што ў гісторыі Беларусі, калі была адзіная дзяржаўная мова — беларуская, то і ў цэлым справы ішлі больш-менш добра. Калі прыходзіла польская ці расейская мова, то зьнікала незалежнасьць, размывалася беларуская ідэнтычнасьць.

Мне зараз вельмі непрыемна назіраць дыскусіі, калі палітычныя сілы з дэмакратычнага лягеру пачынаюць размовы пра тое, што ў краіне павінны быць дзьве дзяржаўныя мовы. Гэта ніколі не прывядзе да той Беларусі, якую мы хочам бачыць. Беларуская мова — гэта ня толькі культура, гэта правы чалавека, гэта той код, якія дапаможа краіне прыйсьці да цывілізаванага стану.

Вывучыць беларускую мову і перайсьці на яе ў нашай сытуацыі не зьяўляецца істотнай праблемай, гэта магчыма зрабіць за некалькі месяцаў. Калі камусьці канкрэтна гэта можа падацца складаным, то трэба падумаць пра сваю адказнасьць перад народам і гісторыяй. А ўжо вашы дзеці будуць ужываць беларускую мову без праблем, натуральным чынам.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG