Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На акцыях пратэсту ў Ерэване затрымалі больш за 150 чалавек


Затрыманьне на пратэсьце ў Ерэване 13 траўня 2024
Затрыманьне на пратэсьце ў Ерэване 13 траўня 2024

У сталіцы Армэніі, Ерэване, 13 траўня паліцыя затрымала 151 удзельніка акцый пратэсту ў цэнтры гораду.

Ім ставяць у віну адміністрацыйны артыкул аб невыкананьні законных патрабаваньняў супрацоўніка праваахоўных органаў, паведамляе агенцтва «Навіны Армэніі» са спасылкай на мясцовае Міністэрства ўнутраных спраў.

Удзельнікі акцый пратэсту спрабавалі блякаваць гарадзкія вуліцы. Яны выкрыквалі лёзунгі супраць прэм’ер-міністра Армэніі Нікола Пашыньяна. Паведамляецца, што паліцыянты пры затрыманьні прымянялі сілу. Паводле інфармацыі агенцтва «Навіны Армэніі», ад дзеяньняў супрацоўнікаў паліцыі пацярпелі журналісты замежных тэлеканалаў 24 News і ABC Media.

Акцыі пратэсту ў Ерэване пачаліся 9 траўня, калі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры гораду на мітынг з патрабаваньнем адстаўкі Пашыньяна. У асноўным гэта былі прыхільнікі руху «Тавуш у імя радзімы» пад кіраўніцтвам кіраўніка Тавускай япархіі Армянскай Апостальскай царквы арцыбіскупа Баграта Галстаньяна. Нагодай для мітынгу стала дэлімітацыя мяжы з Азэрбайджанам.

Раней Міністэрства замежных спраў Армэніі заяўляла, што Ерэван і Баку папярэдне дамовіліся пра дэлімітацыю на асобным участку мяжы, у тым ліку пра тэрытарыяльную прыналежнасьць чатырох вёсак паміж Тавускай вобласьцю і паўночна-заходнім Газаскім раёнам Азэрбайджану. З пачатку 1990-х гадоў гэтыя вёскі кантраляваліся Армэніяй, а цяпер пяройдуць Азэрбайджану.

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG