Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звольніў Сяргея Рудзя з пасады начальніка Ўпраўленьня дзяржаўнай аховы.
Указ апублікавалі на сайце ўкраінскага кіраўніка дзяржавы.
Рудзь узначальваў упраўленьне з 2019 году. Прычыны звальненьня не пазначаныя.
7 траўня Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) паведаміла аб арышце двух палкоўнікаў Упраўленьня дзяржаўнай аховы, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы замаху на Зяленскага, а таксама на кіраўніка СБУ Васіля Малюка, кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Кірыла Буданава і іншых вышэйшых службовых асоб дзяржавы. Яны, паводле зьвестак ведамства, уваходзілі ў агентурную сетку ФСБ.
Па вэрсіі сьледзтва, падазраваныя «добраахвотна за грашовую ўзнагароду давалі супрацоўнікам ФСБ дапамогу ў правядзеньні падрыўной дзейнасьці супраць Украіны».
Сьледзтва сьцьвярджае, што палкоўнікі УДА перадавалі супрацоўнікам расейскай спэцслужбы канфідэнцыйную інфармацыю, а таксама «падрыхтавалі і схавалі сродкі для ажыцьцяўленьня тэракту», які павінен быў адбыцца ў адным з прыватных дамоў на тэрыторыі Кіеўскай вобласьці.
Першым удзельнікі агентурнай сеткі, па дадзеных СБУ, хацелі зьліквідаваць кіраўніка ГУР Кірыла Буданава, тэракт павінен быў адбыцца напярэдадні Вялікадня.
«Плян ворага быў наступным: завэрбаваны агент павінен быў назіраць за перамяшчэньнем ахоўнай асобы і перадаваць ворагу інфармацыю. Па каардынатах будынка, дзе павінен быў знаходзіцца чыноўнік, плянавалася нанесьці ракетны ўдар. Затым зьбіраліся атакаваць дронам людзей, якія засталіся на месцы паражэньня. Пасьля гэтага расейцы плянавалі ўдарыць яшчэ адной ракетай, у тым ліку для зьнішчэньня сьлядоў прымяненьня дрона», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Супрацоўнікаў дзяржаховы абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча і падрыхтоўцы да тэракту. Падазраваным пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі, удакладнілі ў СБУ.
Форум