Афіцыйна візыт прымеркаваны да 60-годзьдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Францыяй і КНР. У аэрапорце Сі Цзіньпіна сустракаў прэм’ер-міністар Францыі Габрыэль Аталь. Перамовы кітайскага лідэра з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, як чакаецца, пройдуць у Парыжы ў панядзелак, у іх прыме ўдзел і кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. У аўторак Макрон і Сі адправяцца ў Пірэнеі, на радзіму бабкі францускага прэзыдэнта, дзе перамовы працягнуцца.
Агенцтва France Presse адзначае, што кітайскі лідэр. падобна, не выпадкова выбраў Францыю ў якасьці адзінай буйной краіны ЭЗ, якую ён наведае падчас візыту. Адносіны паміж Пэкінам і Парыжам цяплейшыя ў параўнаньні, напрыклад, з кітайска-германскімі адносінамі. Макрон летась быў зь візытам у Пэкіне.
Прэзыдэнт Францыі ў нядаўнім інтэрвію часопісу The Economist адзначыў, што роля Кітая надзвычай важная для падтрыманьня стабільнага сьветапарадку, і неабходна супрацоўнічаць з Пэкінам для падтрыманьня міру. Макрон, апроч іншага, перасьцярог ад таго, каб разглядаць Кітай як ворага і прадстаўніка канкурэнтнага блёка. У той жа час многія прадстаўнікі краін ЭЗ і ЗША выказваюць асьцярогі ў сувязі зь цёплымі адносінамі паміж Пэкінам і Масквой і, у прыватнасьці, магчымасьцю таго, што Кітай можа непасрэдна падтрымаць Расею ў вайне з Украінай, напрыклад пастаўкамі зброі.
Чакаецца, што менавіта вайна ва Ўкраіне стане адной з тэм перамоваў Макрона і Сі Цзіньпіна. Яшчэ адна тэма — спрэчкі паміж Кітаем і ЭЗ, зьвязаныя з міжнародным гандлем. Праваабарончыя арганізацыі, такія як Human Rights Watch, заклікалі Макрона ўзьняць на перамовах тэму сытуацыі з правамі чалавека ў Кітаі, у прыватнасьці перасьледу незалежных журналістаў і рэпрэсій супраць уйгурскай меншасьці.
Пасьля вяртаньня з паездкі па Эўропе Сі Цзіньпін прыме ў Кітаі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які адправіцца туды ў сярэдзіне траўня, неўзабаве пасьля інаўгурацыі.
Форум