«[У гэты дзень] мы чакаем сваякоў у госьці, гуляем у біткі, едзем у свае вёскі да бабуль і дзядуль — есьці самыя смачныя ва ўсім сьвеце паскі», — сказала палітык у відэа, апублікаваным у яе тэлеграм-канале.
У гэты ж час, адзначыла яна, «нявінныя людзі сядзяць у турмах, падвяргаюцца перасьледам і катаваньням», «сотні тысяч беларусаў вымушаныя жыць у розных краінах — без магчымасьці вярнуцца дадому, каб абняць родных на Вялікдзень».
«Мы з вамі праходзім праз час выпрабаваньняў. Давайце не забываць, што Ісус Хрыстос таксама пакутаваў за праўду. <...>. Наша сіла — у сьвятле і веры, якую мы нясем праз цемру нягледзячы ні на што. У падтрымцы, якую даем тым, каму цяжка. Наша сіла — дабрыня і спагадлівасьць, і ніхто і ніколі не зможа іх у нас адабраць», — падкрэсьліла Ціханоўская.
Праваслаўныя вернікі 5 траўня адзначаюць найстаражытнейшае і найважнейшае хрысьціянскае сьвята — Уваскрасеньне Хрыстова, або Вялікдзень.
Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысьціянскай канфэсіяй. Расейская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасьць вернікаў у чатыры мільёны. Праваслаўная царква ў Беларусі налічвае 1.737 прыходаў у 15 эпархіях, адкрыта 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва — 147.
Форум