Тургумбаева зьнялі з пасады кіраўніка МУС у лютым 2022 году. Больш як праз два гады яго затрымалі «за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, якое прывяло да цяжкіх наступстваў». Абставіны яго затрыманьня і ў чым канкрэтна падазраецца экс-міністар, улады не паведамілі. У крымінальнай справе ёсьць зьвесткі, якія становяць дзяржаўную таямніцу.
У сакавіку Тургумбаева дапыталі ў рамках расьсьледаваньня крымінальных спраў у дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых органаў аб незабесьпячэньні правапарадку і прымяненьні катаваньняў падчас беспарадкаў.
Тургумбаеў узначальваў МУС зь лютага 2019 году і быў вызвалены ад пасады неўзабаве пасьля масавых пратэстаў у краіне — 25 лютага 2022 году.
- На пачатку 2022 году ў Казахстане ўспыхнулі масавыя пратэсты, адбыліся сутыкненьні з паліцыяй у Алматы і іншых гарадах, якія прывялі да гібелі ня менш як 238 чалавек.
- Пратэсты пачаліся з прычыны незадаволенасьці жыхароў ростам цэнаў на газ, аднак пазьней удзельнікі пачалі выказваць незадаволенасьць прысутнасьцю ва ўладзе Нурсултана Назарбаева, які пасьля беспарадкаў пакінуў пасаду старшыні кіруючай партыі Nur Otan.
- Масавыя беспарадкі прывялі да палітычных рэформ і датэрміновых выбараў прэзыдэнта, на якіх перамог Касым-Жамарт Такаеў. Паводле афіцыйных дадзеных, ён набраў 81,31% галасоў на выбарах 20 лістапада. Крытыкі адзначалі з моманту абвяшчэньня выбараў, што іх вынікі ўжо з самага пачатку былі прадвызначаныя, і сьцьвярджалі, што іншыя пяць малавядомых кандыдатаў прыцягнутыя для стварэньня бачнасьці барацьбы.
Форум