Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтобусы МАЗ загараюцца ўсё часьцей. Як гэта зьвязана зь міжнароднымі санкцыямі


Менскі аўтамабільны завод
Менскі аўтамабільны завод

У Расеі і ў Беларусі ўсё часьцей загараюцца аўтобусы, якія вырабляе Менскі аўтамабільны завод. Было некалькі выпадкаў, калі аўтобус падчас руху, з пасажырамі, якія знаходзіліся ў салёне, пачынаў гарэць або дыміцца.

«Настоящее время» расказвае, як гэтыя выпадкі зьвязаныя зь міжнароднымі санкцыямі.

За апошнія месяцы аўтобусы, якія былі сабраныя ў Менску, загараліся ў расейскіх Салехардзе і Іжэўску, нядаўна ў Берасьці аўтобус МАЗ загарэўся на маршруце. Да гэтага МАЗы загараліся ў расейскіх Саратаве, Казані, Пермскім краі і іншых гарадах. У Пецярбургу летась аўтобусы МАЗ на некаторы час зусім зьнялі з маршрутаў з прычыны частых пажараў. Паводле дадзеных МНС Расеі, полымя ўспыхвае ў маторным адсеку.

Аляксандар Лукашэнка тады казаў, што прычына — у няўмелым абслугоўваньні аўтобусаў расейскімі пакупнікамі. «Гляджу ў СМІ — там нешта загарэлася, там загарэлася. Пачалі разьбірацца, Задаю пытаньне: у іншых рэгіёнах Расеі не гараць — а чаму ў Піцеры? Таму што нейкая прыватная кампанія, людзі, якія ніколі ня бачылі аўтобуса, узяла на сябе абслугоўваньне», — сказаў Лукашэнка.

Аб'яднаньне BELPOL даведалася, што Лукашэнка ўсё ж даручыў правесьці сакрэтную службовую праверку на заводзе ў Беларусі. Праверка нібыта паказала, што галоўная прычына частых узгараньняў – адсутнасьць дэталяў, якія раней закуплялі ў Эўразьвязе.

Прычынамі загараньня зьяўляецца вымушанае ўнясеньне канструктыўных зьмен з прычыны накладзеных міжнародных санкцый, распавёў прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар. У тым ліку замена запраектаванага рухавіка Mercedes на кітайскі рухавік.

Пад санкцыі Эзразьвязу МАЗ патрапіў улетку 2021 году ў адказ на масавыя рэпрэсіі, а таксама з- прычыны прымусовай пасадкі самалёта Ryanair.

«МАЗы пачалі гарэць практычна адразу ж пасбля ўвядзеньня санкцый, калі МАЗ страціў доступ да адных дэталяў, дэталяў з эўрапейскіх краін, — кажа эканаміст Леў Львоўскі. — Яны павінны былі цалкам перасабраць свой аўтобус, то бок можна рабіць і з кітайскімі часткамі, уласна, кітайцы робяць свае аўтобусы. Проста трэба наноў прадумаць усю праводку, усю схему».

На часовае прыпыненьне вытворчасьці, дадае эканаміст, беларускія ўлады пайсьці адмовіліся:

«І тады інжынэры МАЗа знайшлі больш-менш падобныя дэталі, уставілі іх на месца вось гэтых эўрапейскіх дэталяў і пачалі вырабляць. Ну, фармальна аўтобус запускаецца, езьдзіць, але, як мы бачым, часта езьдзіць ён ня вельмі далёка».

Што пра ўзгараньні думаюць на самім прадпрыемстве, «Настоящее время» паспрабавала даведацца ў Сяргея Жыліча, намесьніка генэральнага дырэктара ААТ «МАЗ»:

— Гэтае пытаньне досыць шырока абмяркоўвалася на ўсіх нарадах. Нават на самым высокім узроўні. Ёсьць афіцыйная пазыцыя завода, яна будзе выкладзена прэс-службай.

— Ёсьць адна з вэрсій, што гэта наступствы санкцый. Наколькі гэта блізка да рэчаіснасьці?

— У тым ліку, але гэта было на пачатковым этапе.

— А цяпер якая сытуацыя?

— Я ня буду камэнтаваць.

Аўтобусы МАЗ сталі горш прадавацца на расейскім рынку. Паводле дадзеных агенцтва «АСМ-Холдынг», за першы квартал сёлетняга году пастаўкі ў Расею ўпалі на 28%.

Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах

На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

  • 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
  • 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
  • 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.

  • 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
  • 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG