Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястра Калесьнікавай: Вестак ад Машы няма 434 дні


Тацяна Хоміч, Марыя Калесьнікава. Ілюстрацыйны каляж
Тацяна Хоміч, Марыя Калесьнікава. Ілюстрацыйны каляж

Чацьвёрты дзень нараджэньня сустракае за кратамі Марыя Калесьнікава — сябра Каардынацыйнай рады, кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, якая стала адным з сымбаляў беларускага пратэсту 2020 году. 24 красавіка ёй споўнілася 42 гады.

Палітзьняволеная, асуджаная на 11 гадоў калёніі, знаходзіцца ў гомельскай жаночай ПК у рэжыме інкамунікада: блізкія ня ведаюць пра яе нічога ўжо 434 дні, яна ізаляваная ад іншых зьняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач.

Агенцтва «Позірк» пагутарыла зь сястрой Калесьнікавай Тацянай Хоміч.

Паводле яе слоў, апошні ліст ад Марыі блізкія атрымалі 15 лютага 2023 году.

«На жаль, навін няма, сувязі з Машай няма, нейкіх прарыўных навінаў — не. Сытуацыя ранейшая. Нядаўна сапраўды зьявілася інфармацыя, што стан здароўя Машы пагаршаецца. Але нейкіх падрабязнасьцяў, што гэта, з чым зьвязана, ці лечаць яе там увогуле — не. І няма магчымасьці праверыць гэтую інфармацыю», — расказала Тацяна Хоміч.

Яна адзначыла, што Марыя ўвесь гэты час, ужо больш за год, знаходзіцца адна ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ).

«Нават калі Машу некуды выводзяць, яе суправаджаюць некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі, яны заўсёды побач зь ёю, таму магчымасьці нейкай камунікацыі ні ў яе, ні зь ёю няма. Таму інфармацыя пра яе зьяўляецца, толькі калі кагосьці зьмяшчаюць у ПКТ побач зь ёю. Або людзі бачаць здалёк, як Машу суправаджаюць кудысьці, напрыклад у мэдчастку, або, магчыма, чуюць, што яна прысутнічае ў тым жа будынку. З гэтай прычыны ўся інфармацыя пра яе ўрывістая», — адзначыла Хоміч.

Паводле Тацяны Хоміч, у гомельскай ПК-4 не паведамляюць дадатковай інфармацыі пра Марыю, нават самая нязначная камунікацыя з адміністрацыяй турэмнай установы не прыносіць ніякіх тлумачэньняў.

«У прынцыпе, любыя перадачы неабходна ўзгадняць з самім вязьнем. І праз адсутнасьць камунікацыі атрымліваецца, што гэтай магчымасьці таксама няма, хоць нават умовы ўтрыманьня ў ПКТ прадугледжваюць, што Машы належыцца два разы на год (раз на паўгода) бандэроля вагой два кіляграмы. Гэта максымум, які прадугледжваецца ва ўмовах утрыманьня ў ПКТ, але нават гэтыя два кіляграмы мы ніяк ня можам ёй перадаць», — растлумачыла сястра палітзьняволенай.

Яна падкрэсьліла: сёньня самае галоўнае, каб Марыя фізычна і псыхалягічна ня падала духам, каб старалася максымальна захаваць сваё здароўе і каб ёй, а таксама ўсім астатнім палітвязьням аказвалі мэдычную дапамогу.

Па словах Тацяны, важна працягваць аказваць падтрымку палітзьняволеным.

«Я ведаю, што Маша і сёньня, і кожны дзень думае пра нас. Якраз учора перачытвала яе лісты. Я ведаю, што ёй там, вядома ж, цяжка. І яна цяжка перажывала ўвесь гэты час, гэта відавочна. Думаю, яна ўспамінае напэўна, як мы сьвяткавалі яе дні нараджэньня, гэта заўсёды было або сям’ёй, або зь вялікай кампаніяй сяброў. Машы заўсёды прыносілі вельмі шмат кветак. Яна — цэнтар прыцягненьня для абсалютна розных, вельмі цікавых, таленавітых людзей з усіх сфэр: мастацтва, бізнэсу, ІТ. Вельмі спадзяюся, што гэта апошні дзень нараджэньня, які Маша будзе сьвяткаваць у зьняволеньні. Заклікаю ўсіх працягваць падтрымліваць палітвязьняў: як бы цяжка нам ні было, ёсьць людзі, якім зараз цяжэй», — адзначыла Тацяна Хоміч.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG