Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Свабода — 70. «Беларуская служба нарадзілася з намаганьняў беларусаў у Амэрыцы», — Багдан Андрусышын


Багдан Андрусышын у праскай студыі Радыё Свабода. 2011
Багдан Андрусышын у праскай студыі Радыё Свабода. 2011

Як Беларуская служба Радыё Свабода скарысталася «вакном магчымасьцяў» на мяжы 80–90-х гадоў ХХ стагодзьдзя? Якімі бачыла беларуская эміграцыя на працягу савецкіх дзесяцігодзьдзяў шляхі пераменаў у Беларусі? Навошта ЗША Радыё Свабода?

На гэтыя пытаньні напярэдадні 70-гадовага юбілею Беларускай службы Радыё Свабода адказвае яе шматгадовы супрацоўнік, журналіст і сьпявак Багдан Андрусышын (Данчык).

Багдан Андрусышын (Данчык) нарадзіўся ў 1958 годзе ў Нью-Ёрку ў беларуска-ўкраінскай сямʼі. Бабуля Данчыка — Яніна Каханоўская, пляменьніца заснавальнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Антона і Івана Луцкевічаў. Вывучыўся на журналіста ва Ўнівэрсытэце Нью-Ёрку. У 17 гадоў запісаў музычны альбом, які стаў першым беларускім дыскам у ЗША. У 1989 і 1996 гадах выступаў у Беларусі з канцэртамі. Выдаў 6 альбомаў беларускіх песень. З 1992-га па 2021-ы працаваў на Радыё Свабода, з 2002 году быў намесьнікам дырэктара Беларускай службы. Жыве ў Нью-Ёрку. Узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

— Цяпер многія ў дэмакратычных сілах думаюць, што рабіць, калі ў Беларусі пачнуцца перамены, адкрыецца «вакно магчымасьцяў». Вы працавалі у Беларускай службе Радыё Свабода амаль тры дзесяцігодзьдзі, прыйшлі на пачатку 90-х, на самым пачатку незалежнасьці Беларусі. Тады якраз была эпоха пераменаў. Як Беларуская служба скарысталася тым «вакном магчымасьцяў»?

— Як толькі зьявілася магчымасьць, адкрылі бюро ў Менску і заангажавалі шэраг выдатных мясцовых беларускіх журналістаў, якія маглі рабіць тое, што мы ў Мюнхэне (а пазьней — у Празе) ніколі не маглі рабіць: непасрэдна зьбіраць і перадаваць інфармацыю.

Багдан Андрусышын (Данчык) падчас свайго першага візыту ў Менск. Зьлева направа: Галіна Прыма, Алесь Бяляцкі, Уладзімер Пузыня, Яўген Анішчык
Багдан Андрусышын (Данчык) падчас свайго першага візыту ў Менск. Зьлева направа: Галіна Прыма, Алесь Бяляцкі, Уладзімер Пузыня, Яўген Анішчык

— Які самы яскравы ўспамін часоў вашай працы на Радыё Свабода?

— Безумоўна, самыя яскравыя ўспаміны зьвязаныя ня толькі з журналістыкай, але і з маёй кар’ерай сьпевака. У 1996 годзе, выключна ў выніку настойлівага ціску маіх кіраўнікоў і калегаў зь Беларускай службы РС, я паехаў у Беларусь на разьвітальныя гастролі. Ні на сэкунду не пашкадаваў. Яскравы ўспамін аб тым часе застаецца са мной па сёньня. Гэтая незабыўная паездка дала мне магчымасьць ня толькі больш «адчуць» краіну і людзей з журналісцкага пункту гледжаньня, але і апісаць гэта ўсё ў адмысловай сэрыі рэпартажаў пасьля вяртаньня ў Прагу.

— Вы ад дзяцінства выдатна ведалі беларускае эміграцыйнае асяродзьдзе. У ранейшыя гады — 50–80-я — на што спадзяваліся беларускія эмігранты адносна Беларусі? Народ у Беларусі паўстане і зрыне камунізм і ўладу Масквы? Сталін памрэ, ці Хрушчоў, ці Брэжнеў, і тады пачнуцца перамены? NATO пойдзе ў вызвольны паход і прынясе беларусам свабоду? Як уяўляўся шлях пераменаў?

— Не магу гаварыць за папярэднія пакаленьні, але думаю, што тыя беларусы, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь падчас вайны (як, напрыклад, мае прабабуля, бабуля і маці), асаблівых трыюмфальных спадзяваньняў на перамены ня мелі. Пасьля ўсяго перажытага ніякай наіўнасьці не засталося. Тым ня менш трэба было хоць неяк змагацца, а ня проста скласьці рукі і асымілявацца ў стоадсоткавых амэрыканцаў. Ім было важна кансалідаваць свае сілы, каб хоць у эміграцыі іх менавіта беларускі голас быў пачуты ў дэмакратычным сьвеце. То бок мы ёсьць, нашая краіна засталася пад прыгнётам, не забывайцеся пра нас і пра нашых суродзічаў. Фактычна з намаганьняў беларускай эміграцыі ў Амэрыцы нарадзілася і Беларуская служба Радыё Свабода. Гэтая служба і да сёньняшняга дня застаецца жывой спадчынай нашых папярэднікаў.

Наўпроставы лінк

— Вы беларус, але і амэрыканец. Для беларуса зь Беларусі дзіўна гучыць: Нью-Ёрк — родная старонка, родная Ньюёршчына, так бы мовіць. Але для вас так яно і ёсьць. Ці было для вас як для амэрыканца праблемай, у тым ліку і на працы, тое, што беларусы зь Беларусі зусім іншыя, зь іншым культурным кодам? Калі вы сталі разумець беларусаў зь Беларусі?

— Так, сапраўды такое было. Ці не адразу я адчуў розьніцу ў паводзінах, у манеры выказваньняў, магчыма, ва ўзроўні адкрытасьці, разьняволенасьці ў сваіх новых калегаў. Як вы сказалі, розьніца ў культурным кодзе. Але гэта ж, напэўна, зразумела: нас ня зьвязваў супольны досьвед — ключавыя падзеі ў краіне, выбітныя артысты і спартоўцы, тэлевізійныя праграмы і фільмы.

Данчык з маці Юліяй Андрусышын. 1987 год
Данчык з маці Юліяй Андрусышын. 1987 год

Напрыклад, любы амэрыканец памятае, дзе ён быў, калі забілі Джона Кенэдзі. Памятаю, некалі прачытаў у інтэрнэце пра сьмерць вялікага аўстралійскага опэрнага сьпевака. Я быў вельмі ўражаны гэтай сьмерцю, а мае калегі проста ня ведалі, хто гэта такі. Гэтак жа, як і я да пераезду ў Прагу ня ведаў, хто такая Ала Пугачова.

Цяпер інтэрнэт усе гэтыя бар’еры разбурыў. Людзі ва ўсім сьвеце сталі крыху менш адрозьнівацца паводле гэтых крытэраў, сьвет стаў крыху меншы.

Але, вяртаючыся да майго досьведу пачатку 90-х, гэтая розьніца паміж мной і маімі новымі беларускімі калегамі не была такой непераадольнай. Нас адразу зьвязалі куды больш фундамэнтальныя рэчы — мова, беларускасьць, чалавечыя каштоўнасьці і жаданьне агульнымі намаганьнямі дапамагчы Беларусі стаць сапраўды дэмакратычнай і незалежнай. Гэтыя чыньнікі нас куды больш аб’ядноўвалі, чым нейкія іншыя — разьядноўвалі. Думаю, што гэта тычыцца ня толькі мяне, але і ўсіх беларусаў, якія сёньня жывуць у розных кутах сьвету, незалежна ад таго, дзе яны нарадзіліся.

— Што зьмянілася на беларускай службе РС за час вашай працы там?

— Я б адзначыў дзьве самыя важныя зьмены. Першая — адкрыцьцё бюро ў Менску і фармаваньне першакляснага мясцовага журналісцкага калектыву, што адбылося незадоўга да майго прыходу на працу на Беларускай службе на пачатку 1990-х гадоў. Другая зьмена — гэта закрыцьцё бюро ў Менску, арышты і перасьлед калегаў, карацей, зьнішчэньне рукамі бандыцкага рэжыму ўсяго таго, што мы будавалі на працягу амаль 30 гадоў маёй працы на Радыё Свабода.

— У адным інтэрвію вы расказвалі, што ўладкоўваліся на Свабоду на пачатку 90-х якраз тады, калі ў Вашынгтоне абмяркоўвалі, ці не закрыць наагул Радыё. Хвалі такіх намераў і нават плянаў былі і пазьней. Навошта ЗША Радыё Свабода?

— Амэрыканскі Кангрэс робіць слушна і годна, калі падтрымлівае людзей і народы ў бядзе, народы пад прыгнётам, пад інфармацыйнай блякадай, на якія абрынаецца вал хлусьлівай прапаганды і дэзынфармацыі. Амэрыка абавязаная забясьпечыць іх доступ да праўдзівай, рознабаковай, аб’ектыўнай інфармацыі і аналізу. У эпоху сацыяльных сетак задача такой арганізацыі, як Радыё Свабода, — вызваляць людзей з надзвычай вузкіх інфармацыйных «бурбалак», у якіх многія апынуліся.

З палітычнага пункту гледжаньня, чым шырэй у сьвеце будуць распаўсюджаныя агульначалавечыя, гуманныя каштоўнасьці, дэмакратыя, свабода слова, павага да правоў чалавека, тым больш бясьпечна будзе амэрыканцам жыць у гэтым сьвеце.

Маральная і фінансавая падтрымка Радыё Свабода з боку Амэрыкі — гэта не дабрачыннасьць, а інвэстыцыя ў бясьпеку і будучыню ЗША. Падобнай жа інвэстыцыяй зьяўляецца сёньня і падтрымка Ўкраіны ў вайне з Расеяй. Падтрымка Радыё Свабода — гэта прыклад амэрыканскай «мяккай сілы», а падтрымка Ўкраіны — гэта хутчэй дэманстрацыя «жорсткай сілы», хоць яшчэ і не непасрэдная.

— Апошнія гады працы на РС вы былі намесьнікам дырэктара службы. Якія складаныя рашэньні падчас працы вам даводзілася прымаць?

— Мая роля як намесьніка дырэктара была падобная да ролі віцэ-прэзыдэнта ў палітычнай сыстэме ЗША. Хоць шмат якія пытаньні мы абмяркоўвалі з дырэктарам Аляксандрам Лукашуком, канчатковыя рашэньні прымаў ён, хоць і беручы пад увагу мае парады. Мая задача, як і ўсіх іншых супрацоўнікаў, была гэтыя рашэньні выконваць. Толькі так можна эфэктыўна працаваць. Роля Лукашука была велізарная, і ён яе бліскуча выконваў. За ўсе гады супольнай працы ў нас ніколі не было ніякіх канфліктаў.

Аляксандар Лукашук (у цэнтры) і журналісты Беларускай службы з ўзнагародай Радыё Свабода за найлепшае інфармацыйнае асьвятленьне ў 2006 годзе
Аляксандар Лукашук (у цэнтры) і журналісты Беларускай службы з ўзнагародай Радыё Свабода за найлепшае інфармацыйнае асьвятленьне ў 2006 годзе

— Ці быў у старой беларускай эміграцыі праект ці хаця б мара стварэньня Беларусі па-за межамі геаграфічнай Беларусі?

— Такога праекту, па-мойму, ніколі не было. Былі толькі імкненьні і мары аб аднаўленьні ідэалаў БНР і свабоднай, дэмакратычнай Беларусі ў межах яе тэрыторыі.

— Ці было ўсьведамленьне, што зьмены адбудуцца толькі ўнутры Беларусі, толькі тымі сіламі, якія там ёсьць?

— Зразумела, было. Але не без падтрымкі суродзічаў з эміграцыі.

— За некалькі гадоў да таго, як вы пачалі працаваць на Свабодзе, разваліўся Савецкі Саюз і абрынулася камуністычная сыстэма. Можна было меркаваць, што вызваленая ад савецкага камуністычнага панаваньня Беларусь вернецца да мовы, да культуры, да палітычнай свабоды. Чаму не вярнулася?

— Калі коратка, то мэтадычнае зьнішчэньне беларускасьці, мовы, культуры, дэмакратычных каштоўнасьцяў на працягу больш як 70 гадоў зрабіла сваю справу. Не аднавіць за тыдзень тое, што разбуралася на працягу жыцьця некалькіх пакаленьняў.

— У беларускай апазыцыі, у новай беларускай эміграцыі былі і ёсьць папулярныя абмеркаваньні — хто з нас агент КДБ? Ці Лубянкі (расейскіх спэцслужбаў). Наколькі былі папулярныя такія абмеркаваньні ў паваеннай і пазьнейшай эміграцыі?

— Я сам сын эмігрантаў, а не эмігрант. Я быў занадта малады, каб асэнсоўваць такія абмеркаваньні ў старэйшым пакаленьні, калі яны і былі. Але ня памятаю, каб у старэйшага за мяне пакаленьня былі падобныя абмеркаваньні. Падаецца, што ўсе жылі вельмі па-сяброўску.

— Тое, што агенты камуністычных спэцслужбаў былі ўплішчаныя ў некаторыя падразьдзяленьні Радыё Свабода, вядома — яны былі на расейскай, польскай, чэхаславацкай службах. Я не пытаюся, ці былі яны на беларускай службе, я пытаюся, наколькі горача і шырока ў эміграцыйных і радыйных колах абмяркоўвалася — хто з нас агент?

— Ня надта шырока і ня надта горача. Нешта мы ведалі пра падобныя выпадкі ў іншых службах. Нашая задача была працаваць так, каб забясьпечыць нашай аўдыторыі высакаякасную журналістыку, а не займацца плёткамі, падазрэньнямі і аматарскімі расьсьледаваньнямі.

Багдан Андрусышын на працоўным месцы ў праскім офісе Радыё Свабода
Багдан Андрусышын на працоўным месцы ў праскім офісе Радыё Свабода

Жывая гісторыя: 70 год Беларускай службы Радыё Свабода

20 траўня 1954 году пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Вызваленьне (пазьней — Радыё Свабода). Сёлета мы адзначаем 70-годзьдзе Беларускай службы і прапануем вам нізку гістарычных матэрыялаў.

«Гаворыць Радыё Вызваленьне...»

Гэта рэпрынтнае выданьне першага зборніка радыёперадач «з вольнага сьвету для суродзічаў», які «стараньнем Беларускае Рэдакцыі Радыя Вызваленьне» выйшаў у Мюнхэне у 1956 годзе.

Чытаць кнігу (PDF)

«Птушкі пералётныя». Успаміны вэтэрана Радыё Свабода Галіны Руднік

Больш як сорак гадоў Галіна Руднік (1930–2017) аддала працы на Радыё Свабода. Сюды, у беларускую рэдакцыю яе рэкамэндаваў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык. Працавала яна і для ўкраінскай, і для рускай рэдакцый, адышоўшы на пэнсію у 1995 годзе. У 2011 годзе Свабода апублікавала ўспаміны Галіны Руднік.

«На хвалі Свабоды»

Цыкль перадачаў «На хвалі Свабоды» Сяргея Шупы, прысьвечаных гісторыі Радыё Свабода (1954–2013), якія гучалі на нашых хвалях у 2003, 2004, 2009 і 2014 гадах.

«Свабода бяз радыё: больш Свабоды»

30 красавіка 2019 году на сярэдняхвалевай частаце 1386 кГц апошні раз прагучаў наш сыгнал. Радыё Свабода пасьля амаль 65 гадоў штодзённага этэру канчаткова пакінула радыёхвалі.

І на закуску: рок-гіт ад гурту Ulis

У 1990 годзе паэт Фэлікс Аксёнцаў і лідэра гурта Ulis Вячаслаў Корань напісалі песьню «Радыё Свабода», якая ад часу свайго стварэньня стала гітом і гімнам пакаленьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG