Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 2 гады зьняволеньня лідэраў незалежных прафсаюзаў. Што вядома пра ўмовы іх утрыманьня і здароўе


Палітвязьні Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў і Вацлаў Арэшка. Каляж
Палітвязьні Генадзь Фядыніч, Васіль Берасьнеў і Вацлаў Арэшка. Каляж

За тры дні, з 19 па 21 красавіка 2022 году, у Беларусі затрымалі больш за 20 прадстаўнікоў і актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Гэта можна лічыць пачаткам сплянаванага ўладамі разгрому ўсіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі.

19 красавіка споўнілася два гады, як у Менску ў «прафсаюзнай справе» затрымалі актывістаў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча, Аляксандра Берасьнева і Вацлава Арэшку.

«Адзіны плюс — сьвежае лясное паветра»

Свабода зьвязалася са сваячкай Вацлава Арэшкі, якая цяпер жыве за мяжой. Жанчына ўспомніла падзеі двухгадовай даўнасьці і расказала пра стан здароўя Вацлава Арэшкі.

«Была на працы і там у нейкім чаце прачытала, што лідэры прафсаюзнага руху перасталі выходзіць на сувязь. Адразу набрала нумар тэлефона — сапраўды нічога. І зьвестак ніякіх, думай што хочаш. Раптам уначы званок з турмы КДБ: Вацлаў просіць лекі. А потым, як ва ўсіх. Год на „Валадарцы“ да суду, марная спроба апэляцыі і вось ужо амаль два гады ў калёніі. Апошнія чатыры месяцы ён у „Ваўчыных норах“», — расказала яна.

Паводле сваячкі Вацлава Арэшкі, ягоная асноўная праблема са здароўем — дрэнны зрок на абодва вокі.

«Бачыць усяго на 5% ад нармальнага, і зрок пагаршаецца. Увогуле здароўе ў параўнаньні з тым, што было ў СІЗА, усё горшае. Дадаліся новыя хваробы, але я не хацела б пра іх расказваць, бо ён ня хоча», — сказала суразмоўца.

Паводле яе, родныя штомесяц дасылаюць Арэшку каляжы з фатаздымкаў, чым падтрымліваюць яго маральна. Два разы на год Вацлаву дазволена атрымаць бандэроль, чым сваякі палітвязьня таксама карыстаюцца.

«Адзіны плюс, што там добрае лясное паветра. Так і піша, што дыхаць можа нармальна. На працу ён ня ходзіць, бо пэнсіянэр. Большасьць часу знаходзіцца ў атрадзе. На харчаваньне не наракае, на мэдычную дапамогу таксама. Мяркую, у папярэдняй калёніі трапляў у ШЫЗА, тут, здаецца, такога няма. Сувязь зь ім ёсьць. Ведаем, што вельмі сумуе па доме, па сваяках, просіць слаць болей здымкаў з нашага жыцьця», — расказала сваячка Вацлава Арэшкі.

Вацлаву Арэшку 69 гадоў. Актывіст асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Ад розных хвароб у зьняволеньні пакутуюць і іншыя лідэры прафсаюзу РЭП. 66-гадовы Генадзь Фядыніч хварэе на цукровы дыябэт і мае праблемы з сэрцам.

Васіль Берасьнеў, якому 73 гады, пакутуе ад боляў у адзінай нырцы (другую яму выдалілі яшчэ да зьняволеньня).

Генадзь Фядыніч і Васіль Берасьнеў асуджаныя на 9 гадоў зьняволеньня кожны. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Перасьлед лідэраў прафсаюзаў. Як гэта было

У красавіку 2022 году пад перасьлед адначасова трапілі кіраўніцтва і супрацоўнікі Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), лідэры і актывісты Свабоднага прафсаюзу мэталістаў (СПМ), Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) і некаторыя іншыя рабочыя актывісты. Большасьць зь іх пасьля асудзілі, а некаторыя ўжо пасьпелі адбыць пакараньне.

Паводле зьвестак праваабаронцаў «Вясны» на канец 2023 году, агулам ад красавіка 2022 году затрымалі больш за 35 актывістаў незалежных прафсаюзаў, дагэтуль за кратамі застаюцца 18 абаронцаў правоў працоўных, большасьць зь якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Частка зь іх адбывае «хатнюю хімію».

У ліпені 2022 году Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз мэталістаў, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, рабочых, энэргетыкаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці.

Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні ўладаў Беларусі. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцыяў.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць толькі праўладныя прафсаюзы ў структуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, новым кіраўніком якога ў красавіку 2024 году прызначылі экс-старшыню Мытнага камітэту Юрыя Сянько.

У чэрвені 2023 году Лукашэнка сваім указам зацьвердзіў новыя правілы стварэньня прафсаюзаў, згодна зь якімі для стварэньня і дзейнасьці рэспубліканскага прафсаюзу неабходна сама меней 500 заснавальнікаў ад большасьці абласьцей і Менску, тэрытарыяльнага — ня менш за 500 заснавальнікаў ад большасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак, прафсаюзу ў арганізацыі і іншых месцах працы (вучобы) — ня менш за 10 заснавальнікаў, якія працуюць (вучацца) у адпаведнай арганізацыі. Юрыдычным асобам забаронена быць сябрамі прафсаюзаў. Дзейнасьць незарэгістраваных прафсаюзаў забараняецца.

Найбольш рэзанансныя крымінальныя справы супраць незалежных прафсаюзаў і актывістаў

26 сьнежня 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, яго намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім.

Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361). Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, якая агучыла прысуды: Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму, Сяргею Антусевічу — 2 гады, Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.

5 студзеня 2023 году асудзілі работнікаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Судзьдзя Анастасія Папко прысудзіла Васілю Берасьневу, якому 73 гады, 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Генадзю Фядынічу, якому споўнілася 66 гадоў, — 9 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму; Вячаславу Арэшку, які мае ўзрост 68 гадоў, — 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Усіх абвінавацілі ў «закліках да мер абмежавальнага характару, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК), «распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт 130), «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзеле ў ім» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Пазьней КДБ прызнаў прафсаюз РЭП «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Былога намесьніка старшыні прафсаюзу РЭП Міхаіла Громава 25 лістапада 2022 году асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Асобна судзілі берасьцейскую актывістку прафсаюзу РЭП Зінаіду Міхнюк, якую затрымалі раней — 25 сакавіка 2022 году. Суд Ленінскага раёну Берасьця прысудзіў ёй 2 гады калёніі паводле абвінавачваньня ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу) — на падставе матэрыялаў з праслухоўваньня, якое стаяла ў яе як у актывісткі прафсаюзу РЭП.

На працягу двух апошніх гадоў праз крымінальны перасьлед прайшлі асобныя актывісты прафсаюзных суполак на вялікіх прадпрыемствах Беларусі: аб’яднаньнях «Гродна Азот», «Нафтан», «Беларуськалій» і іншых.

Так, апаратчыка ў цэху «Карбамід-3» на прадпрыемстве «Гродна Азот» Андрэя Ханевіча асудзілі паводле арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Старшыню незалежнага прафсаюзу на «Беларуськаліі» Аляксандра Мішука асудзілі на два з паловай гады калёніі агульнага рэжыму за нібыта «заклікі да санкцыяў» (ч. 1 арт. 361 КК). Прафсаюзнага актывіста Аляксандра Кандрацюка асудзілі на 3,5 года калёніі спачатку паводле арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці), а пасьля і паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

Такіх крымінальных спраў на працягу 2022 году было шмат.

У пэрыяд з 18 па 26 верасьня 2021 году ў розных гарадах Беларусі прайшла хваля затрыманьняў актывістаў, якія адстойвалі на сваіх прадпрыемствах правы працоўных, спрабавалі арганізавацца для актывізацыі страйкавага руху, выступалі за санкцыі. Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі «Рабочага руху» зьбіралі для «наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спэцслужбам ЗША і Літвы) службовую інфармацыю абмежаванага характару ў дачыненьні да беларускіх суб’ектаў гаспадараньня пра спосабы абыходу санкцыяў» і мэханізмы процідзеяньня ім. Пракуратура сьцьвярджала, што асобныя фігуранты справы «плянавалі варыянты блякаваньня вытворчасьці на „Гродна Азоце“ і Беларускім мэталюргічным заводзе».

У Гомельскім абласным судзе 17 лютага 2023 году вынесьлі прысуд па «справе Рабочага руху» 10 палітвязьням. Сяргей Шэлест атрымаў 14 гадоў калёніі, Уладзімер Жураўка — 15 гадоў, Андрэй Пагерыла — 14 гадоў, Ганна Аблаб — 11 гадоў, Аляксандар Гашнікаў — 14 гадоў, Сяргей Дзюба — 12 гадоў, Ігар Мінц — 12 гадоў, Валянцін Цераневіч — 12 гадоў, Сяргей Шамецька — 12 гадоў, Аляксандар Капшуль — 15 гадоў. Усіх іх абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і ўдзеле ў ім», а таксама па іншых артыкулах Крымінальнага кодэксу. Усе яны не прызналі сваёй віны.

18 кастрычніка 2021 году «Рабочы рух» першым у Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Перасьлед актывістаў незалежных прафсаюзаў працягваўся і пасьля. Так, у жніўні 2023 году ў Наваполацку затрымалі лідэрку незалежнага прафсаюзу «Нафтана» Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка, аднаго з працаўнікоў Беларускага незалежнага прафсаюзу на ААТ «Нафтан», які сышоў у страйк у 2020 годзе. Суд над Брыцікавай пачаўся ў сакавіку 2024 году.

У сьнежні 2023 году ў Полацку і Наваполацку затрымалі каля 40 чалавек у справе незалежнага прафсаюзу «Нафтана».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG