У Музэі Бэрлінскай сьцяны адкрылася выстава пра палітзьняволеных беларусак. Пра гэта расказала ў Фэйсбуку адна з арганізатарак, стваральніца праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.
Экспазыцыю разьмясьцілі ў адным з 50 выставачных памяшканьняў музэю. Яна складаецца з асабістых рэчаў асуджаных беларусак, якімі тыя карысталіся ў няволі.
«Рукавіцы з калёніі, якія сагравалі рукі палітзьняволенай, пакуль яна чысьціла сьнег. Майка з вышытымі на ёй абдымашкамі і далонькамі сяброў, гэтую майку хлопцы даслалі ў СІЗА да дня нараджэньня палітвязьня. Адна палітзьняволеная перадала сваю белую сукенку, у ёй яна брала шлюб у касьцёле, а потым у ёй пайшла на суд. Ёй вынесьлі абвінаваўчы прысуд», — расказала Яўгенія Доўгая.
Паводле яе, акрамя адзеньня палітзьняволеных беларусак, у экспазыцыі ёсьць таксама фатаздымкі, якія жанчыны атрымлівалі ў турмах, паштоўкі ад маленькага сына палітзьняволенай і асабісты дзёньнік.
Таксама на выставе прадстаўленыя фатаздымкі з жаночых маршаў. А ўкраінская мастачка Леанора Янко, якая натхнілася гісторыямі беларусак-палітвязьняў, прысьвяціла ім карціну «Сілы Дабра», якую таксама можна ўбачыць у музэі.
Яўгенія Доўгая расказала reform.by, што прапанову зрабіць выставу яна атрымала ад куратаркі Музэю Бэрлінскай сьцяны. Тая куратарка — крымская татарка, і праблемы рэпрэсаваных народаў яна ведае вельмі добра. Атрымаўшы прапанову, Яўгенія пачала зьбіраць рэчы, што аказалася даволі няпростай задачай: турэмную адзежу і іншыя артэфакты жанчыны вывозілі за мяжу ўпотай, ведаючы, што гэта небясьпечна.
Выстава ўжо дзейнічае, хоць яе афіцыйнае адкрыцьцё яшчэ плянуецца.
«Беларуская экспазыцыя будзе працаваць столькі, колькі будзе трымацца дыктатура», — паведамляюць куратары музэю.
Выстава працуе па адрасе: Friedrichstraße 43-45, 10969 Berlin, Нямеччына.