Вярнуўся з вайны і цяжка захварэў на анкалягічную хваробу. Сябры байца паведамілі, што сёньня ранкам ён пайшоў з жыцьця, піша «Белсат».
Аляксандар Царук родам зь Пінску, з 1996 году жыу ў Магілёве, быў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Пераехаў у Літву ў сьнежні 2020-га пасьля таго, як агулам адбыў за ўдзел у акцыях больш як 40 дзён за кратамі. Праз удзел у пратэстах Аляксандар Царук страціў працу. Рабіў ён сантэхнікам у адной з будаўнічых арганізацыяў гораду на падставе дамовы-падраду. Пасьля ліста начальніка міліцыі наймальнік папярэдзіў, што зь ім афіцыйна працоўных адносінаў мець ня будзе, і прапанаваў працаваць пад чужым імем. Аляксандар з гэтым не пагадзіўся, але застаўся бяз сродкаў для пражыцьця, у выніку зьехаў. У Літве кваліфікаваны сьлесар-сантэхнік хутка знайшоў працу.
Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне паехаў на фронт, але вярнуўся адтуль увесну 2022-га праз праблемы са здароўем. Падчас абсьледаваньня летась у 55-гадовага Аляксандра выявілі злаякасную пухліну – карцыному галавы і шыі. Яму зрабілі складаную апэрацыю, якая працягвалася дзесяць гадзін.
Аляксандар расказваў, што марыў стварыць рух бойскаўтаў для беларускіх дзяцей – у процівагу прапагандзе БРСМ. «Беларускі дабраахвотнік і актывіст змагаўся з хваробай гэтак сама мужна, як і з ворагам на фронце. Ён быў спакойным і разважлівым чалавекам, які заўсёды гатовы прыйсьці на дапамогу», – напісаў сузаснавальнік фонду салідарнасьці BySol Андрэй Стрыжак, які абвясьціў збор на дапамогу ў пахаваньні.