Прапануем тэкставую вэрсію, у тым ліку фрагмэнты, якія не ўвайшлі ў падкаст.
У «Амэрыканку» 10 кастрычніка 2020 году на сустрэчу з Лукашэнкам прывезьлі палітвязьняў. Гэта былі былы прэтэндэнт на прэзыдэнцтва Віктар Бабарыка, ягоны сын Эдуард, блогер Сяргей Ціханоўскі, адзін з кіраўнікоў кампаніі PandaDoc Дзьмітры Рабцэвіч, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава, былы топ-мэнэджар «Белгазпрамбанку» Сяргей Дабралёт, уладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч, Кірыла Бадзей, які ўзначаліў «Белгазпрамбанк» пасьля адстаўкі Бабарыкі, паліттэхноляг Віталь Шкляраў, адвакат Максім Знак, адвакат Ільля Салей, бізнэсовец і тагачасны сябра ініцыятыўнай групы Бабарыкі Юры Васкрасенскі.
Шкляраў: «Гэта жорсткі, бязьлітасны чалавек»
Паліттэхноляг Віталь Шкляраў родам з Гомля, мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства, працаваў у выбарчых кампаніях Абамы, Сандэрса, Сабчак і грузінскай апазыцыі. У ліпені 2020-га яго затрымалі. Віталь быў фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрыманьня заяўляў, што ня быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў. Шклярава вызвалілі пасьля некалькі месяцаў зьняволеньня, калі адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі зь дзяржаўным сакратаром ЗША Майкам Пампэо.
Віталь Шкляраў кажа, што шмат думаў і спрабаваў зразумець, навошта Лукашэнка арганізаваў тую сустрэчу з палітвязьнямі.
— Думаю, што на момант жніўня-верасьня Лукашэнка не разумеў, што адбываецца. Ён прывык да таго, што кантралюе сытуацыю. Чалавек 30 гадоў жыве на сваёй арбіце, дзе ўсё непахісна, а тут адбываецца нешта, што ты ня можаш патлумачыць. Чалавек зь ягонай адукацыяй і жыцьцёвым досьведам ня можа зразумець, што людзі могуць быць іншыя, што яны зьмяніліся, што час іншы. Ён паранаідальна шукаў здраднікаў, завадатараў, маскоўскі, амэрыканскі сьлед ва ўсім гэтым. Шукаў, як жа так адбылося, хто пачаў і чаму. Ён ня мог на той момант зразумець, што ўвесь пратэст быў абсалютна дэцэнтралізаваны і бязь лідэрства. У яго, напэўна, быў набор гіпотэзаў, чаму гэта адбывалася.
Паліттэхноляг лічыць, што на сустрэчу прыехаў адзін Лукашэнка, а пасьля яе гэта быў зусім іншы Лукашэнка.
— Ён хацеў паглядзець, што гэта за людзі, як ён казаў, якія хочуць яго «зьнесьці з улады». Гэта быў адзін чалавек, які зайшоў у камэру да пачатку размовы, а ў сярэдзіне, пры канцы размовы гэта быў зусім іншы чалавек. Многія з прысутных павінны былі запомніць фразу, якую ён кінуў. Яна мне разанула слых і запомнілася надоўга. Ён сказаў: «Як добра, што ў вас нічога не атрымалася. Вы дзеці, вы яшчэ не разумееце, што такое палітыка, вас бы расейцы і Пуцін зжэрлі б, як ельцынскіх дэмакратаў». Сыходзіў ён у поўнай перакананасьці, як мне падалося, што нас можна не баяцца, што ён кантралюе сытуацыю, што мы «ўсе дзеці».
Я казаў пра ягоную адукацыю і ягоны жыцьцёвы шлях, таму што толькі чалавек, які вырас у савецкай дзяржаве, вырас на гэтым састарэлым уяўленьні пра сьвет, ролю дзяржавы і ролю асобы ў дзяржаве, можа быць настолькі наіўны і думаць, што толькі такія, як ён, «памазанікі божыя», могуць вяршыць гісторыю. Ён дагэтуль не разумее, што ёсьць людзі, ёсьць сіла вуліц, людзей, і яна акумулятыўна нашмат мацнейшая і мае большую рацыю, чым сіла аднаго асобна ўзятага дыктатара.
Паводле Шклярава, Лукашэнка размаўляў з кожным з прывезеных на сустрэчу палітвязьняў.
— Быў дыялёг. Шмат размоваў было і пра Беларусь, і пра рэформу Канстытуцыі (тады яна насьпявала), пра самі пратэсты. Да мяне зьвяртаўся, гаворачы пра мяне, як да амэрыканскай (у мяккім сэнсе слова) жанчыны лёгкіх паводзінаў і як да здрадніка, які працуе на ФБР, які разам з палякамі заварыў усю гэтую кашу. Ён ня мог зразумець і дагэтуль не разумее, што ягоная кансьпіралёгія — гэта ўсяго толькі гісторыя, якая жыве ў ягонай галаве. Ніякай змовы, ФБР ці палякаў, якія на мяжы толькі чакаюць загаду з ЗША, каб пачаць уварваньне ў Беларусь, няма. Ён жыве ў сваім сьвеце, у сваім падмане.
Шкляраў перакананы, што Лукашэнка ня ў стане спыніць рэпрэсіі.
— Гэта жорсткі, бязьлітасны чалавек. Адзіная ягоная мэта — утрыманьне ўлады і ягонае жыцьцё, што раўназначна. За дзесяцігодзьдзі кіраваньня ён «набіў руку» пугай, жорсткасьцю і стаўленьнем да людзей як да жывёлаў, якія ягоная ўласнасьць. Наіўна меркаваць, што чалавек, які пражыў 70 гадоў у гэтай парадыгме, неверагодна дэфармаваны такім стаўленьнем да людзей і лёсу сваёй краіны, зьменіцца ў апошнюю дэкаду свайго жыцьця і раптам падабрэе ці раптам сядзе за стол перамоваў. Гэта абсалютна немагчыма.
Салей: Лукашэнку было цікава самому паглядзець на гэтых людзей
Юрыст перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі, адвакат Марыі Калесьнікавай Ільля Салей правёў у «Амэрыканцы» ўсяго адну ноч пасьля сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі ў кастрычніку 2020-га. Былы палітвязень называе тую сустрэчу мэдыйнай кампаніяй.
— Гэта, безумоўна, мэдыйная кампанія. У той момант дзейнай уладзе неабходна было паказаць, што яны гатовыя размаўляць з апазыцыяй. Размаўляць у іхным своеасаблівым разуменьні, бо нармальнай размовай, нармальным дыялёгам гэта назваць нельга. Калі людзей прыводзяць на сустрэчы, не папярэджваючы, людзей, якіх трымаюць у СІЗА, у якіх душ раз на тыдзень, ні пра якую нармальную, паўнавартасную размову гаворка ісьці ня можа. Па-другое, я лічу, што гэта быў асабісты інтарэс Аляксандра Лукашэнкі, які 26 гадоў думаў, што ён ведае абсалютна ўсю апазыцыю ў краіне, а тут зьявіліся нейкія новыя асобы, пра якіх ён ніколі ня ведаў, якіх ніколі ня бачыў. Думаю, што яму было цікава асабіста самому паглядзець на гэтых людзей ужывую.
- Сустрэча ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году працягвалася чатыры з паловай гадзіны. Напачатку дзяржаўныя каналы не паведамілі, што на сустрэчы быў і Сяргей Ціханоўскі. Пра гэта стала вядома, калі яму ў гэты ж дзень дазволілі патэлефанаваць жонцы Сьвятлане. Паводле яе, Ціханоўскі сказаў «быць больш жорсткімі», працягваць сустракацца з сусьветнымі лідэрамі і працягваць змагацца.
- Адваката Максіма Знака пасьля сустрэчы перавялі ў іншую камэру. Ягоныя абаронцы адзначалі, што ўмовы ўтрыманьня ў яго пагоршыліся.
- Паведамлялася, што пасьля таго, як Віталь Шкляраў паскардзіўся, што даўно ня быў у лазьні, яе арганізавалі для ўсіх удзельнікаў сустрэчы з Лукашэнкам.
- Марыя Калесьнікава не прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з палітвязьнямі ў СІЗА КДБ. У этэры «Эхо Москвы» яе абаронца расказваў, што напярэдадні Марыю наведалі двое мужчын, якія прапанавалі ёй пагутарыць з прэзыдэнтам. Паводле словаў адваката, Калесьнікава заявіла: у Жодзіне ў ізалятары ёй спакайней, чым езьдзіць зь незнаёмымі людзьмі.
Падкаст «Архіпэляг БЕЛАГ». Дзе глядзець і слухаць
Гэта падкаст Ганны Соўсь пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму.
У сямі частках візуалізаванага падкаста «Архіпэляг БЕЛАГ» мы пройдзем праз усе кругі пекла карнай сыстэмы рэжыму Лукашэнкі — затрыманьне, «суткі», сьледзтва, хатнія арышты, «хімію», этапы, калёніі, турмы і жыцьцё пад наглядам па вызваленьні. У гэтым нам дапамогуць былыя палітзьняволеныя, былыя сілавікі, праваабаронцы, а таксама нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч.
Мы раскажам, як пабудаваны «Архіпэляг БЕЛАГ» знутры, на чым ён трымаецца, якія людзі там працуюць, на чый загад палітвязьняў катуюць і даводзяць да сьмерці. У падкасьце вы пачуеце парады былых палітвязьняў, былых сілавікоў і праваабаронцаў, як прайсьці «Архіпэляг БЕЛАГ» з найменшымі стратамі для псыхічнага і фізычнага здароўя.
Візуалізацыю падкасту разам з намі рабілі былыя палітзьняволеныя — Марыя Каленік, Лявон Халатран, Віктар Пархімчык, Анастасія Булыбенка, Натальля Карнеева і яшчэ некалькі чалавек, якія пажадалі захаваць ананімнасьць.
Новыя выпускі падкасту выходзяць кожны аўторак ад 2 красавіка на YouTube-канале Свабоды і асноўных падкаст-плятформах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал Радыё Свабода, каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.