У судзе Столінскага раёну 5 красавіка асудзілі 53-гадовага журналіста-фрылансэра і відэаблогера Аляксандра Ігнацюка. Палітзняволенага прызналі вінаватым у арганізацыі пратэстаў у Століне і Менску, паклёпе на Лукашэнку і вымаганьні, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
На судзе Аляксандар часткова прызнаў віну ў першых абвінавачаньнях, але не прызнаў віны ў вымаганьні.
Судзьдзя Сяргей Насеня прызначыў яму 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 000 рублёў). Суд цягнуўся з 15 сакавіка і адбываўся ў закрытым рэжыме.
Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 году. Пра гэта стала вядома выпадкова: ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёну, і сябры занепакоіліся ягоным лёсам пасьля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь. МУС апублікаваў відэа жорсткага затрыманьня журналіста толькі ў сакавіку 2024 году.
Журналіста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 і ч. 2 арт. 208 (вымаганьне).
Згодна вэрсіі абвінавачваньня, Аляксандар Ігнацюк у жніўні 2020 году, знаходзячыся на тэрыторыі Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласьці, «арганізоўваючы групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады ў г. Століне і г. Менску, з мэтай публічнага вядзеньня дэструктыўнай дзейнасьці, разьмясьціў у сацыяльных сетках публікацыі, якія заклікаюць да групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады».
Ён жа, у жніўні 2020 году «наўмысна разьмясціў у сетцы інтэрнэт інфармацыю абразьлівага і паклёпніцкага характару ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, якая зьмяшчае загадзя лжывыя, не адпаведныя рэчаіснасьці, ганебныя і зьневажальныя для гонару, годнасьці і аўтарытэту кіраўніка дзяржавы зьвесткі, спалучаныя з абвінавачаньнем у зьдзяйсненьні цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў».
Акрамя гэтага, журналіста абвінавацілі ў вымаганьні. Так, згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, Іганцюк на працягу 2021 і 2022 гадоў «у карысьлівых мэтах, жадаючы ўзбагаціцца за кошт іншых грамадзян, пад пагрозамі распаўсюджваньня паклёпніцкіх зьвестак і абвяшчэньня іншых зьвестак, якія пацярпелыя жадалі захаваць у таямніцы, а таксама ганебныя і тыя, што ганяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю, неаднаразова вымагаў грашовыя сродкі і іншую маёмасьць у прадпрымальнікаў Столінскага раёну».
У выніку суд Столінскага раёна прызначыў Аляксандру Ігнацюку пазбаўленьне волі на тэрмін 6 гадоў з адбываньнем пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам памерам 200 базавых велічынь на суму 8000 рублёў. Таксама пастаноўлена спагнаць з Ігнацюка на карысьць пацярпелага маёмасную шкоду ў памеры 1800 рублёў.
У журналіста таксама канфіскавалі ноўтбук як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».
Паводле БАЖ, у зьняволеньні ў Беларусі цяпер 34 прадстаўнікі мэдыя.