У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што Расея рыхтуецца да першай усясьветнай кібэрвайны.
«У Расеі запушчана, як я гэта называю, нацыянальная кібэрнаступальная праграма. Яны, апроч таго, што набіраюць і пашыраюць штат хакерскіх падразьдзелаў ва ўласных спэцслужбах, таксама ажыцьцяўляюць вэрбавальную і навучальную кампаніі», — паведаміў начальнік дэпартамэнту кібэрбясьпекі Службы бясьпекі Ўкраіны Ільля Віцюк у інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».
Паводле яго, афіцэры Галоўнага выведнага ўпраўленьня і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі працуюць у вайсковых навучальных установах, дзе ёсьць ІТ-спэцыяльнасьці, а таксама ў цывільных політэхнічных унівэрсытэтах, у якіх уводзяцца спэцыяльныя кібэрнаступальныя дысцыпліны для студэнтаў старэйшых курсаў.
«Іх канкрэтна вучаць, якім чынам атакаваць аб’екты крытычнай інфраструктуры. Гэта тычыцца ня толькі Ўкраіны. Вывучаюць спэцыфіку розных краін NATO, краін Блізкага Ўсходу — дзяржаў, зь якімі патэнцыйна Расея плянуе ці прадбачыць магчымасьць ваенных дзеяньняў. Калі цяпер у нас адбываецца першая кібэрвайна, то Расея паралельна рыхтуецца і да першай усясьветнай кібэрвайны. Яны вельмі сур’ёзна гэтым займаюцца», — сказаў Ільля Віцюк.
Прадстаўнік СБУ дадаў, што на баку Расеі пры ажыцьцяўленьні кібэратак на Ўкраіну дзейнічала беларуская хакерская групоўка «Ghostwriter».
«У беларусаў ёсьць хакерская групоўка „Ghostwriter“, якую мы неаднаразова фіксавалі. Але і яны — гэта ня больш за адзін адсотак ад усёй колькасьці атак. Мы неаднаразова іх адбівалі і разумеем, якую інфраструктуру яны выкарыстоўваюць. У канцы 2022 году спэцслужбы Беларусі накіроўвалі сваіх хакераў на стажыроўку ў Расею. У іх былі супольныя вучэньні, трэніроўкі, але вага беларусаў у кібэрвайне нязначная», — паведаміў Ільля Віцюк.
Паводле яго, Служба бясьпекі Ўкраіны высьветліла асобы большасьці беларускіх хакераў.
«Большую частку імёнаў ведаем, але расказваць публічна ня варта. СБУ вядзе актыўныя контравыведныя захады, і ў выпадку абнародаваньня імёнаў гэтых супрацоўнікаў могуць перамясьціць, яны зьменяць свае зьвесткі, а гэта перашкодзіць нашай працы. Вайна працягваецца, таму нельга раскрываць свае козыры», — патлумачыў начальнік дэпартамэнту кібэрбясьпекі Службы бясьпекі Ўкраіны Ільля Віцюк.
У лістападзе 2021 году з дакладу кампаніі Mandiant, якая займаецца кібэрбясьпекай і знаходзіцца ў ЗША, стала вядома, што Беларусь ад 2016 году ўцягнутая ў хакерскую і дэзынфармацыйную кампанію ў кібэрпрасторы супраць усходнеэўрапейскіх краін NATO.
У прыватнасьці, адмыслоўцы выявілі сьведчаньні таго, што Беларусь рабіла кібэратакі, у тым ліку супраць парлямэнтароў Нямеччыны, шпіёніла за апазыцыянэрамі і выкрадала канфідэнцыйную інфармацыю.
У дакладзе фігуравала хакерская група UNC115, зьвязаная зь беларускімі вайскоўцамі, якую яшчэ называюць Ghostwriter.
Перад пачаткам расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну гэтая групоўка ўзяла на сябе адказнасьць за атаку 14 студзеня 2022 году, калі на сайтах украінскіх урадавых установаў былі апублікаваныя паведамленьні з пагрозай украінцам «баяцца і чакаць найгоршага».
Перад гэтай атакай беларускія хакеры ў інтарэсах Расеі атакавалі Літву, Латвію, Польшчу і Ўкраіну.