Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хацелі нават памераць ціск». Што вядома пра стан Марыі Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава ў палаце сустрэлася з бацькам Аляксандрам. Скрыншот зь відэа праўладных тэлеграм-каналаў, якое, магчыма, было зроблена бязь ведама Калесьнікавых. 5 сьнежня 2022
Марыя Калесьнікава ў палаце сустрэлася з бацькам Аляксандрам. Скрыншот зь відэа праўладных тэлеграм-каналаў, якое, магчыма, было зроблена бязь ведама Калесьнікавых. 5 сьнежня 2022

Больш за год, ад лютага 2023-га, блізкія Марыі Калесьнікавай нічога ня ведаюць пра яе. Свабода са сваіх крыніц дазналася трохі інфармацыі пра палітзьняволеную.

Апошні ліст ад Марыі Калесьнікавай родныя атрымалі 15 лютага 2023 году. З таго часу блізкія ня маюць пра яе аніякай інфармацыі. Свабода пагутарыла зь некалькімі чалавекамі, якія маюць зьвесткі пра Марыю за гэты пэрыяд. З прычын бясьпекі мы ня можам раскрываць іх дадзеныя.

«Увесь гэты час, прынамсі амаль год, Марыя знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Яе зьмясьцілі ў адзіночную камэру ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Паводле закону, максымальны тэрмін знаходжаньня ў ПКТ — 6 месяцаў. Таму яе пераводзілі на некалькі дзён у ШЫЗА — і адтуль зноў кінулі ў ПКТ», — патлумачыў адзін з суразмоўцаў.

Нагадаем, у канцы лістапада 2023 году асуджаная на 11 гадоў Марыя Калесьнікава трапіла ў рэанімацыю Гомельскага шпіталя хуткай дапамогі. Ёй правялі экстраную апэрацыю, выявілі прабадную язву, якая ўскладнілася пэрытанітам. Пасьля лякарні ў хуткім часе Марыю перавялі назад у калёнію, у мэдыка-санітарную частку. Там ёй дазволілі сустрэцца з бацькам. З таго часу родныя ня бачылі Марыю, не атрымлівалі лістоў і тэлефанаваньняў.

Яшчэ адна крыніца Свабоды сьцьвярджае, што праблемы са здароўем у Марыі працягваюцца і цяпер.

«Па-першае, апэрацыя не прайшла бясьсьледна. Яна моцна схуднела. Перанесла некалькі прастудных захворваньняў. У яе быў высокі ціск, але ёй адмаўляліся адразу даць лекі. Ды што там — не хацелі нават па яе просьбе памераць ціск, хоць яна настойвала», — кажа суразмоўца.

Паводле яе, Марыю пераводзілі з ПКТ у ШЫЗА. Адрозьненьне ў тым, што ў ШЫЗА больш холадна і сыра, чым у ПКТ, не даюць матраца, падушкі, коўдры, пасьцельнай бялізны і верхняй вопраткі.

«Застаесься толькі ў футболцы, „ласінах“ і форменным гарнітуры. Спаць даводзіцца на голых дошках. У такіх умовах была і Марыя. Ад холаду і вільгаці там пачынаюць балець суставы», — кажа яшчэ адна суразмоўца, якая нядаўна вызвалілася з Гомельскай жаночай калёніі.

Паводле яе, Калесьнікаву пасьля ШЫЗА перавялі назад у ПКТ, дзе ўмовы былі лепшымі. «Там хоць ёсьць матрац, коўдра, пасьцельная бялізна і вопратка», — зазначыла крыніца.

Суразмоўца дадае, што Марыю Калесьнікаву ня водзяць на працу, яна ізаляваная ў адзіночнай камэры. Іншыя зьняволеныя жанчыны, трапляючы ў ШЫЗА, чулі яе голас, калі яна была там і казала ахоўнікам пра тое, што адчувае сябе блага.

Падчас выбарчай кампаніі 2020 году Марыя Калесьнікава была адной з кіраўнікоў штабу Віктара Бабарыкі. У верасьні 2020-га сілавікі спрабавалі яе выдварыць з краіны, але на мяжы яна парвала свой пашпарт. У выніку Марыю абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзілі на 11 гадоў калёніі. Таксама яна знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія, на думку беларускіх уладаў, датычныя да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021
Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG