Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна плянуе пабудаваць яшчэ два блёкі на Хмяльніцкай АЭС. Раней пра гэта дамаўляліся з Расеяй


Хмяльніцкая АЭС. Архіўнае фота
Хмяльніцкая АЭС. Архіўнае фота

Пасьля завяршэньня будаўніцтва Хмяльніцкая АЭС стане найбольшай у Эўропе атамнай станцыяй.

Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў праект закону аб разьмяшчэньні, праектаваньні і будаўніцтве энэргаблёкаў № 3 і № 4 на Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі.

Як паведаміў прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук, праект ужо перадалі ў парлямэнт для разгляду і ўхваленьня.

Дакумэнт прадугледжвае месцы разьмяшчэньня двух блёкаў, колькасьць рэактараў, агульныя патрабаваньні да праектаваньня і будаўніцтва, а таксама стаўку збору на сацыяльна-эканамічную кампэнсацыю рызыку для насельніцтва, якое пражывае ў зоне назіраньня Хмяльніцкай АЭС, у часе будаўніцтва двух новых блёкаў.

Што папярэднічала

Хмяльніцкая АЭС знаходзіцца ў цэнтральнай частцы заходняй Украіны на мяжы трох абласьцей — Хмяльніцкай, Ровенскай і Цярнопальскай. Цяпер на ёй працуе два энэргаблёкі, хоць ад пачатку яна плянавалася на чатыры энэргаблёкі.

Будаўніцтва станцыі пачалі ў 1981 годзе, а ў канцы 1987-га ўвялі ў прамысловую эксплюатацыю першы энэргаблёк. Другі блёк пачалі будаваць у 1983 годзе, але спынілі пасьля чарнобыльскай катастрофы. Будаўніцтва другога блёку аднавілі ў 1993-ім, а ў 2004-ым яго падключылі ў аб’яднаную энэргасыстэму Ўкраіны.

Станцыя вырабляе амаль 15 мільярдаў кВт электраэнэргіі штогод.

У чэрвені 2010 году Ўкраіна падпісала з Расеяй дамову аб супарцы ў будаўніцтве трэцяга і чацьвёртага блёкаў Хмяльніцкай АЭС.

У сакавіку 2012 году Дзяржаўная інспэкцыя ядзернага рэгуляваньня Ўкраіны пагодзіла тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне будаўніцтва, а ў верасьні парлямэнт ухваліў адпаведны праект закону.

Праз год пасьля анэксіі Расеяй Крыму і акупацыі часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіна выйшла з падпісаных з Расея дамоў і скасавала адпаведны закон. Гэта адбылося ў кастрычніку 2015 году.

Пасьпелі стварыць два рэактары — ВВЕР-1000 па 1000 МВт кожны (расейскай вытворчасьці), якія цяпер знаходзяцца ў Баўгарыі. Міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка раней заяўляў аб плянах іх імпартаваць з Баўгарыі. Яшчэ два рэактары плянуюць пабудаваць паводле амэрыканскай тэхналёгіі АР 1000 па 1100 МВт (вытворчасьць кампаніі Westinghouse, якая цяпер пастаўляе паліва на Хмяльніцкую АЭС. — РС).

Пасьля завяршэньня будаўніцтва Хмяльніцкая АЭС стане найбольшай у Эўропе атамнай станцыяй.

Цяпер найбольшай у Эўропе зьяўляецца Запароская АЭС, якую Расея захапіла ў 2022 годзе ў выніку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG