Колькасьць пацярпелых пры землятрусе на Тайвані вырасла да 1038, дзевяць чалавек загінулі, паведаміў кітайскі міжнародны тэлеканал CGTN са спасылкай на супрацоўнікаў экстраных службаў.
Яшчэ 52 чалавекі лічацца зьніклымі бязь вестак, 93 чалавекі застаюцца ў пастцы ў выніку пашкоджаньня будынкаў пасьля шматлікіх падземных штуршкоў, якія адбыліся раніцай 3 красавіка.
Землятрусы на Тайвані сталі наймацнейшымі за 25 гадоў — мэтэаралягічная служба Тайваня ацаніла іх магнітуды ў 7,7 і 6,6 бала. За імі было больш за 60 паўторных штуршкоў. Мясцовыя СМІ паведамлялі пра разбурэньні будынкаў у Хуаляне. З прычыны землятрусаў на Тайвані адбыліся тры аварыі на чыгунцы, высакахуткаснай чыгунцы і ў мэтро. Пашкоджана 125 будынкаў, больш за 91 тысячу хатніх гаспадарак застаюцца безь сьвятла. Штуршкі адчуваліся па ўсім Тайвані і на японскіх астравах Акінава і Міяка, дзе аб’явілі пагрозу цунамі.
У Японіі 4 красавіка адбыўся землятрус магнітудай 6,0 адбыўся ля берагоў прэфэктуры Фукусіма, паведаміла мэтэаралягічнае агенцтва краіны. Небясьпекі ўзьнікненьня цунамі няма, піша Japan News.
Сэйсьмічную актыўнасьць назіралі ў шэрагу гарадоў Японіі, у тым ліку ў суседніх прэфэктурах Міягі і Іватэ. Падземныя штуршкі інтэнсіўнасьцю ад 1 да 4 балаў адбыліся ў паўночнай і ўсходняй частках Японіі. Эпіцэнтар землятрусу знаходзіўся на глыбіні 40 км. Інфармацыі пра ахвяраў і разбурэньні няма.