Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Правядзеньне выбараў не падрыхтавана». Офіс Ціханоўскай і АПК раскрытыкавалі выбары ў Каардынацыйную раду


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінэту Лізавета Кохман, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Вольга Гарбунова (зьлева направа)
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінэту Лізавета Кохман, Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская, Аліна Коўшык, Вольга Гарбунова (зьлева направа)

Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Сьвятланы Ціханоўскай выступілі з афіцыйнай заявай адносна будучых выбараў у Каардынацыйную раду.

У супольнай заяве гаворыцца, што Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Ціханоўскай падтрымліваюць фармаваньне Каардынацыйнай рады як шырокага прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці праз правядзеньне выбараў, але падкрэсьліваецца, што на «сёньня правядзеньне выбараў не падрыхтаванае»:

«Ня выпрацаваныя супольныя дакумэнты і сыстэма галасаваньня, ня створаная выбарчая камісія, плятформа для галасаваньня, якая б выключала магчымыя маніпуляцыі. Пры неналежнай падрыхтоўцы выбары ў Каардынацыйную раду не забясьпечаць шырокі ўдзел розных груп дэмакратычных сіл і беларускага грамадзтва, празрыстасьць і дакладнасьць вынікаў», — падкрэсьліваецца ў заяве Офісу Ціханоўскай і АПК.

Таксама прадстаўнікі АПК і Офісу Ціханоўскай адзначаюць, што «рашэньні аб правядзеньні выбараў павінны быць прынятыя супольна ўсімі асноўнымі палітычнымі актарамі», што неабходна «для захаваньня еднасьці дэмакратычных сіл і для таго, каб кампанія выбараў у Каардынацыйную раду стала істотнай падзеяй для беларускага грамадзтва».

Камэнтуючы гэту заяву падчас прэс-канфэрэнцыі 2 красавіка, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду трэцяга скліканьня, сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў зазначыў, што выбарчая сыстэма была ўзгодненая з АПК і Офісам Ціханоўскай. Паводле яго, «гэта фактычна тая сыстэма, якая была раней прапанаваная АПК і Офісам» — прапарцыйныя выбары паводле сьпісах, кожны выбарнік мае адзін голас, ёсьць гендэрныя квоты.

«Гэта значыць на ўзроўні выбарчай сыстэмы ўсё ўзгоднена», — сказаў Ягораў.

Ён заявіў, што ў адпаведнасьці з «правіламі і палажэньнямі» Каардынацыйнай рады, цяпер фармуецца незалежная выбарчая камісія, якая будзе забясьпечваць кантроль за ходам выбарчага працэсу і праверку вынікаў выбараў, а тэхнічная плятформа для галасаваньня створаная і праходзіць тэставаньне.

«Таму казаць пра непадрыхтаванасьць выбараў не даводзіцца», — падкрэсьліў сьпікер Каардынацыйнай рады.

Падчас прэс-канфэрэнцыі сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў таксама паўтарыў ужо агучаны раней графік выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду, распавёў пра ключавыя аспэкты выбарчага працэсу, этапы правядзеньня выбарчай кампаніі і мэханізм анлайн-галасаваньня за кандыдатаў.

Выбары будуць праходзіць онлайн празь лічбавую онлайн-плятформу, распавёў стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павал Лібэр. Паводле яго, плятформай змогуць бясьпечна карыстацца і беларусы ўнутры краіны, і беларусы за мяжой пры «пры мінімальным выкананьні правілаў бясьпекі».

Паводле Лібэра, на плятформе «ня будзе ніякага цэнтральнага рэестру зьвестак, ня будзе чалавека, які гэтыя зьвесткі можа відазьмяніць скрасьці, прадаць і г.д. — гэта будзе тэхнічна немагчыма», дзеля бясьпекі карыстальнікаў плятформы. На плятформе будуць некалькі спосабаў для вэрыфікацыі людзей (пакуль вырашаецца, гэта будуць 2 ці 3 спосабы).

  • 25 сакавіка Каардынацыйная рада апублікавала графік сваёй выбарчай кампаніі.
  • Згодна зь ім, галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду мусіць прайсьці з 25 па 27 траўня 2024 году.
  • Дэдлайн у рэгістрацыі кандыдатаў — 22 красавіка, агітацыя зойме месяц — з 25 красавіка па 25 траўня.
  • Канчатковыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду плянуюць абвясьціць 8 чэрвеня 2024 году, а правесьці першае паседжаньне Каардынацыйнай рады 3-га склiканьня — 15 чэрвеня 2024 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG