Заўжды хацеў быць акторам
Міця Савелаў паходзіць зь Менску. Яму 37 гадоў. Зьехаў зь Беларусі пасьля школы. Паступіў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт на культуралёгію ў той год, калі яго закрылі ў Менску.
Тады хлопец паехаў вучыцца ў Чэхію, скончыў гуманітарны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту ў Празе. Вучыўся ў магістратуры Свабоднага ўнівэрсытэту ў Амстэрдаме на кірунку «міжнародныя адносіны і транснацыянальнае кіраваньне». Стажаваўся ў праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch у Нью-Ёрку.
З 2012 году Савелаў запусьціў расейскамоўны сэгмэнт Change.org (міжнародны сайт з пэтыцыямі людзей), які вырашаў праблемы ў Беларусі і Расеі. Там ён працаваў дырэктарам 12 гадоў. Пад канец стаў кіраўніком групы Эўропы, Азіі і Аўстраліі. У 2021 годзе Change.org заблякавалі ў Беларусі, пляцоўка перастала дзейнічаць у краіне.
Апошнія пяць гадоў Міця жыве ў Лёндане. Займаецца рознымі праектамі. Апошні зь іх — каб заахвоціць моладзь Вялікай Брытаніі браць актыўны ўдзел у выбарах.
Міця прызнаецца, што ўвесь гэты час хацеў займацца акторскім майстэрствам, але адсоўваў сваё жаданьне на другі плян.
«Калі ў мяне па ўсім рэгіёне ёсьць 20 мільёнаў чалавек, яны нешта робяць, іх трэба падтрымліваць, дапамагаць, мне было дзіўна адысьці ад гэтага», — успамінае ён працу ў Change.org.
Расказваць гісторыі — вось, што ён навучыўся добра рабіць на папярэдняй працы і чым хацеў займацца як актор.
«Я сышоў з дакладным адчуваньнем: тое, што рухае перамены ў грамадзтве, — гэта гісторыі і тое, як мы ўмеем іх расказаць», — кажа Міця.
Прайшоў на кастынг тры разы з 50
У 2021 годзе Савелаў пайшоў на курсы акторскага майстэрства ў Лёндане. Займаўся пяць месяцаў па вечарах тры разы на тыдзень па тры гадзіны. Тады ён яшчэ працаваў на Change.org.
«Мне трэба было абараніць сваю псыхіку. Калі працуеш з чалавечым горам, трэба зрабіць нешта, каб адключыцца ад сьвету, дзе ўсё руйнуецца. На курсах акторскага майстэрства я цалкам адключаўся», — расказвае суразмоўца.
Пасьля курсаў Міцю ўзялі ў спэктакль Беларускага Свабоднага тэатру «Сабакі Эўропы». Ён актыўна хадзіў на кастынгі, каб зьняцца ў кіно. Кажа, што наведаў каля 50. На здымкі яго выбралі тры разы. І гэта лічыцца нармальнымі суадносінамі.
«Актораў, якія працуюць толькі на здымках або ў тэатры і жывуць за гэтыя грошы, 2%. Рэшта мусіць працаваць дзесьці яшчэ», — тлумачыць пачатковец.
Першы сэрыял, у які яго ўзялі, быў «Карона» (там Савелаў сыграў перакладчыка Ельцына), другі — «Задача трох целаў», там яму дасталася роля расейскага навукоўца. У чым сакрэт, што яго выбралі, Міця і сам ня ведае. Кажа, пашчасьціла.
«Я прыйшоў з індустрыі, дзе ты пастаянна будуеш стратэгіі. Бачыш перашкоду — будуеш стратэгію, каб яе абысьці. Мой агент кажа: „У гэтай індустрыі нельга ніякія стратэгіі рабіць, бо ты ніколі ня ведаеш — кар’ера можа пайсьці ўгору, можа пайсьці ўніз, можа не пайсьці“», — пераказвае Міця.
У 2022 годзе ў яго здарыліся некалькі акторскіх праектаў.
«А ў 2023 годзе нічога не адбылося», — сумна кажа ён.
У пачатку мінулага году ён зьняўся ў фільме разам з Энтані Гопкінсам «Адно жыцьцё». Але, калі фільм выйшаў, Міця даведаўся, што яго адтуль выразалі. Ён граў эпізадычную ролю габрэя падчас Другой усясьветнай вайны, які саджае свайго сына на цягнік, каб уратаваць яму жыцьцё. Яны разьвітваюцца назаўсёды. Ганарар беларусу ўсё адно заплацілі.
Калі няма здымак, Савелаў займаецца іншымі праектамі. Спачатку ён бянтэжыўся, што прыйшоў у прафэсію ўжо дарослым чалавекам. А потым убачыў у гэтым плюс — яму лягчэй сябе ўтрымліваць.
Працаваў са стваральнікамі «Гульні тронаў»
Сэрыял «Задача трох целаў» зьнялі паводле кнігі кітайскага пісьменьніка-фантаста Лю Цысіня. Гэта гісторыя чалавецтва з моманту кантакту зь іншаземнай цывілізацыяй, якая вядзе нас да канца Сусьвету, пераказвае словы аднаго са стваральнікаў фільма Аляксандру Ву суразмоўца.
«Там шмат слаёў. Але для мяне асноўнае пытаньне — як будуць сябе паводзіць жыхары Зямлі перад абліччам экзыстэнцыйных пагрозаў. І мы за апошнія некалькі гадоў бачылі, як па-рознаму сябе паводзяць людзі», — кажа актор.
Ён мяркуе, што сэрыял ня столькі пра фантастыку, колькі пра рэальнасьць, асабліва ў кантэксьце апошніх сусьветных падзеяў, у тым ліку войнаў ва Ўкраіне і ў Ізраілі. Міця лічыць, што ён хутчэй аптыміст, калі гаварыць пра ягоную веру ў людзей. Адным зь перакананьняў на пляцоўцы Change.org было тое, што людзей, якія хочуць зьмяніць сьвет да лепшага, больш, чым тых, хто ня хоча.
«Пытаньне было толькі ў тым, як іх аб’яднаць, як ім адно аднаго спазнаць. Я дагэтуль у гэта веру. Веру ў гэта ў кантэксьце Беларусі. Асабліва я ў гэта паверыў у 2020 годзе», — кажа беларус.
У яго была эпізадычная роля ў сэрыяле «Задача трох целаў» — расейскага навукоўца доктара Дземехава. Ён зьяўляецца толькі ў адным эпізодзе ў першым сэзоне.
Кастынг праходзіў у Лёндане, здымкі таксама. Фрагмэнт, дзе браў удзел Міця, здымалі чатыры тыдні. Кожны дзень на пляцоўцы працавалі і стваральнікі фільма — Дэйвід Дэнёф і Дэніэл Вайс. Глядзелі на здымкі праз маніторы, падыходзілі, рабілі свае праўкі, прапаноўвалі паспрабаваць нешта па-іншаму. Сэрыю з удзелам Міці здымаў Джэрэмі Падэсва, які раней здымаў таксама «Гульню тронаў».
«Гэта вельмі здорава. Я быў starstruck (агаломшаны зоркамі. — РС), калі знаходзіўся ў адным пакоі з такімі таленавітымі людзьмі. Гэтыя праекты адрозьніваюцца тым, што ўсе проста супэр-топ-прафэсіяналы сусьветнай індустрыі — ад строяў да людзей, якія займаюцца лякацыямі», — расказвае актор.
Адну зь ягоных сцэнаў у апошнім сэрыяле здымалі ў лябараторыі. Перад здымкамі ён мог агледзець прастору.
«Гэта быў неймаверны сьвет. Я падыходзіў да шафкі, адчыняў і бачыў, што ўнутры ляжаць прыборы, якія мой герой мог бы выкарыстоўваць. Гэта супэрдэталёвы і прадуманы сьвет. Гэта знак якасьці. Ніхто і ніколі ня ўбачыць у „Кароне“, якія менавіта відэльцы ляжаць на стале падчас абеду. За сьпінай каралевы стаяла вялізная скульптура з ільду, якую было відаць усяго паўсэкунды ў кадры», — расказвае Савелаў.
«За сэкунду да выхаду разумеў, што не памятаю ніводнага слова»
Міця кажа, што заўсёды вельмі моцна хвалюецца перад здымкамі. Адзін з галоўных страхаў — забыць словы.
«У мяне такое было, асабліва ў „Сабаках Эўропы“. Я за сэкунду да выхаду на сцэну разумеў, што ня памятаю ніводнага свайго слова. А потым выходзіш — і ты ў нейкім іншым, цудоўным жыцьці, і той чалавек, які грае ролю, усё-ўсё ведае... На здымачнай пляцоўцы ты разьнявольваесься, бо ты ўжо ня ты, а частка нечага іншага. Ты нават камэры ня бачыш», — кажа актор.
Першая сцэна ў сэрыяле «Карона» адбывалася падчас абеду ў Букінгемскім палацы. Нечакана для Міці за сталом сядзели 40-50 чалавек. Ён расхваляваўся. Пасьля некалькіх дубляў Імэлда Стонтан, якая грала каралеву, павярнулася да яго і сказала: «У цябе ўсё выдатна атрымліваецца».
«Я пасьля гэтага так расслабіўся, што да канца здымак усё праляцела выдатна. У канцы здымак я падышоў да Імэлды і падзякаваў ёй за падтрымку», — успамінае актор.
Ён прыгадаў два эпізоды незвычайнага для сябе досьведу ў кіно. Першы — у фільме «Адно жыцьцё».
«Гэта была вельмі эмацыйная сцэна. Герой разьвітваецца са сваім дзіцем і больш ніколі яго ня ўбачыць. Але ён хаця б ведае, што ў дзіцяці ёсьць шанец выратавацца ад нацызму. Я рыхтаваўся, думаў, спрабаваў зразумець, у сваіх эмоцыях знайсьці штосьці, што б было сапраўдным, за што я мог бы ўтрымацца. Мне вельмі шкада, што яна не ўвайшла, бо мне хацелася ўбачыць, як яе бачылі людзі, якія здымалі», — кажа суразмоўца.
Другі цікавы досьвед здарыўся на здымках «Задачы трох целаў». Там упершыню давялося працаваць з кампутарнай графікай.
«У цябе там зусім нічога няма і ты выкручваесься мімікай, каб адлюстраваць», — успамінае ён.
«Беларусь для мяне дом. Іншага дома ў мяне няма»
Міця кажа, што ў праект бралі ўдзел людзі розных нацыянальнасьцяў, розных супольнасьцяў. Ён не адчуваў да сябе нейкага асаблівага стаўленьня за тое, што ён беларус.
Праз 20 гадоў жыцьця за мяжой Міця піша сваё імя ў сацыяльных сетках у трансьлітарацыі зь беларускай мовы.
«Чым больш я знаёміўся з рознымі культурамі, тым больш хацеў расказваць пра сваю. Мне важна было вызначыць, адкуль я», — тлумачыць беларус.
Ён прызнаецца, што падчас ягонай эміграцыі былі стадыі, калі хацелася «ад усяго адмовіцца, уцячы, забыць пра траўмы, зьвязаныя зь Беларусьсю». Урэшце ён зразумеў, што ён такі, які ёсьць, дзякуючы таму, адкуль ён паходзіць, дзякуючы сям’і, у якой нарадзіўся.
«Беларусь для мяне дом. Іншага дому ў мяне няма, хаця я амаль 20 гадоў жыву за межамі Беларусі. Асабліва ў апошнія гады, калі бачу, якая Беларусь можа быць. Я адчуваю, што я частка супольнасьці беларусаў, якія адносяць сябе да Беларусі, якую мы можам разам пабудаваць праз культуру, фільмы, сацыяльныя праекты. Яшчэ доўгі шлях і шмат усяго трэба зрабіць — палітвязьняў дастаць і не апускаць рук», — думае Міця.
Ён цешыцца, што ў Беларусі зьявіўся онлайн-кінатэатар беларускага кіно Vodblisk, а таксама Беларуская незалежная кінаакадэмія.
«Я вельмі спадзяюся, што гэтыя праекты будуць набіраць абароты і стануць пасьпяховымі. Я вельмі хацеў бы зьняцца ў беларускім кіно і сыграць у беларускім спэктаклі. Вельмі хочацца, каб беларускага кіно было больш, каб беларускае кіно было на галоўных пляцоўках», — кажа актор.
Апошні раз ён быў у Беларусі ў ліпені 2020 году. Калі паедзе ў наступны раз, ня ведае. На вокладцы ягонай старонцы ў Facebook — марш пратэсту ў Менску 2020 году.
«Гэта такая важная для нас усіх падзея, бо мы адчулі аб’яднаньне, нашу сілу, смак магчымасьцяў, што мы нечага каштуем, у нас ёсьць гонар і правы, мы хочам павагі да сябе. Я гляджу на гэтае фота і думаю, што, хаця прайшло чатыры гады, мы працягваем сваю працу, Сьвятлана працягвае сваю. Я думаю, мы ідзём па правільным шляху», — кажа Міця.