Адна з самых вялікіх беларускіх зонаў, дзе ўтрымліваюць больш за 2 тысячы зьняволеных. 125 зь іх — палітвязьні, якіх абавязкова прапускаюць праз ШЫЗА. Расказваем пра магілёўскую папраўчую калёнію № 15.
Адна з самых вялікіх «зонаў» Беларусі
У сярэдзіне 1960-х гадоў у пасёлку Вейна пад Магілёвам пачалі будаваць санаторый. На будаўніцтва прывозілі зьняволеных, якія летам жылі ў намётах, а зімой — у недабудаваных карпусах без ацяпленьня. Спэцкантынгент спачатку свабодна перасоўваўся па тэрыторыі, але паступіў загад узьвесьці платы з калючым дротам — было прынята рашэньне, што ў пасёлку Вейна замест санаторыя будзе калёнія ІЖ15/15. Як пісала некалі газэта «На страже», «досьвед ва ўзьвядзеньні ізаляцыйных збудаваньняў ПК перадавала калегам зь іншых гарадоў».
Да таго ж на будаўніцтва розных аб’ектаў Магілёва ў 1960-70 гады штодня вывозілі з зоны паўтары тысячы зьняволеных, якія працавалі разам са звычайнымі будаўнікамі.
Сёньня магілёўская «пятнашка» — адна з самых вялікіх папраўчых устаноў па колькасьці вязьняў: у зоне больш за 2 тысячы асуджаных (21 атрад прыкладна па 100 чалавек).
Слухайце і глядзіце таксама: «Архіпэляг БЕЛАГ» — новы падкаст Радыё Свабода пра тое, як Беларусь паступова ператвараюць у турму
Тэрыторыя калёніі падзеленая на тры зоны: прамысловую («промку»), дзе вязьні працуюць; жылую, баракі, дзе жывуць зьняволеныя; яшчэ ёсьць стадыён — вялікая пляцоўка, засыпаная пяском, клюб, сталоўка. Асобная зона — карантын, там жа будынак адміністрацыі, штаб і мэдпункт («бальнічка»). І свая капліца ў гонар Іверскай іконы Божай Маці.
У ПК-15 ёсьць свая тэлевізія — раз на тыдзень зэкі выпускаюць навіны: колькі чалавек пасадзілі ў ШЫЗА, каго пазбавілі перадач, каго «прэміявалі» пазачарговым спатканьнем са сваякамі. Ёсьць апэратар, мантажор і нават 3D-графіка.
Вакол кожнага жылога барака — лякальны ўчастак 2-3 мэтры шырынёй, агароджаны мэталічным плотам, наверсе сетка і калючы дрот. Самастойна выйсьці адтуль нельга. На працу, у сталоўку, нават па запісы ў «бальнічку» водзяць строем, асобна па тэрыторыі перамяшчацца забаронена.
Асноўны кантынгент — палітзьняволеныя, закладчыкі наркотыкаў, забойцы
Паводле праваабаронцаў, у ПК-15 утрымліваецца сама меней 125 палітзьняволеных. Найбольш вядомыя зь іх: — намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч (асуджаны на 9 гадоў зьняволеньня); — паліттэхноляг, літаратар Аляксандар Фядута (10 гадоў); — журналіст, галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук (8 гадоў); — праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч (16 гадоў); — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў (2,5 года); — лідэр суполкі незалежнага прафсаюзу РЭП, 74-гадовы інвалід з адной ныркай Васіль Берасьнеў (9 гадоў); — апэратары тэлеканалу «Белсат» Вячаслаў Лазараў (5,5 года) і Аляксандар Любянчук (3 гады).
У ПК-15 адбываў сваё пакараньне і журналіст Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, які пасьля вызваленьня напісаў кнігу «Мае турэмныя муры» (PDF).
Паводле журналіста, які вывучыў сытуацыю знутры, прыкладна адная пятая частка кантынгенту сядзіць за распаўсюд наркотыкаў (арт. 328 Крымінальнага кодэксу).
«Большасьць — так званыя „закладчыкі“, тыя, хто хаваў у лясах, парках ці яшчэ дзе дозы наркотыкаў у разьліку, што пакупнікі іх знойдуць з дапамогай інтэрнэту. Гэтыя маглі самі і не ўжываць, але спакусіліся на нядрэнны заробак, пагадзіліся працаваць на „краму“ і былі асуджаныя. Звычайна ў хлопцаў немалыя тэрміны, сядзець ім па дзесяць ды больш гадоў... Пра асуджаных паводле 328-га артыкулу ў мяне склалася ўсё ж нэгатыўная думка — за іхныя маральныя якасьці».
Алег Грузьдзіловіч успамінае дробнага дылера Арцёма, у багажніку аўтамабіля якога знайшлі наркотыкаў на сотні закладак. Паводле журналіста, хлопец сабой ганарыўся, казаў, што зарабляў за месяц больш як тысячу даляраў, і з тым, што апынуўся за кратамі, рашуча не пагаджаўся. Маўляў, «я сам не ўжываю, проста забясьпечваў сродкамі жонку і дваіх малых. А мяне ў турму! І каму стала лепш, што мяне пасадзілі? Я нікога не прымушаў. Куплялі, што хацелі, кожны свой шлях выбірае сам», — застаўся пры сваёй думцы асуджаны на вялікі тэрмін малады чалавек. І такіх у калёніі нямала.
Прыкладна 10% сядзельцаў — забойцы, у асноўным на глебе сыстэматычнага п’янства.
«Пры колькасьці атраду 100-110 чалавек забойцаў сярод нас было ня менш за дзесяць. Гэта толькі каго я ведаў. 9–10% — вельмі немалы працэнт, які паказвае небясьпечны ўзровень агрэсіі ў беларускім грамадзтве», — успамінае журналіст.
Чацьвёртая, крыху меншая колькасьцю, але найбольш уплывовая ў турэмным жыцьці група сядзельцаў, — бізнэсоўцы, кіраўнікі гаспадарчых суб’ектаў, былыя чыноўнікі, якія сядзяць за хабарніцтва, за нясплату падаткаў, за махлярства і эканамічныя злачынствы.
«Мы былі таннай працоўнай сілай, як нявольнікі»
У кожнага атрада — свой кірунак працы: дрэваапрацоўка, вытворчасьць мэблі, пашыўны цэх, мэталаапрацоўка, выцягваньне мэталічнага дроту з кабэляў, гаспадарчая служба («баландэры»).
Большасьць зьняволеных занятыя на апрацоўцы алюмініевых і медных кабэляў, якія знаходзяцца ў «аплётках»: іх трэба зачысьціць, каб выцягнуць мэтал. Праца цяжкая, таму большая частка палітзьняволеных працуе менавіта тут. Норма — 6-7 кіляграмаў за зьмену. Раз на месяц выдаюць тонкія рукавіцы з тканіны, якія самі ж зэкі і шыюць у іншым цэху. Таксама выдаюць малаток і тупы нож. У памяшканьні на 200 квадратных мэтраў знаходзіцца да 450 чалавек. Кабэль брудны, у салідоле, мазуце, у цэху стаіць жудасны смурод, грукат ад малаткоў. Плацяць за такую шкодную працу капейкі, сьведчыць былы палітвязень, настаўнік гісторыі і ангельскай мовы Аляксей Гайшун, які ў ПК-15 нажом чысьціў ад ізаляцыі дрот.
«Мы былі таннай працоўнай сілай, як нявольнікі. Штомесяц у мяне выходзіла заробку недзе паўтара рублі, а то і меней. Гэта тое, што заставалася на рахунку пасьля адлічэньняў за харчаваньне, вопратку. І гэта яшчэ нармальны заробак, бо норму я заўсёды выконваў. Некаторым і таго не плацілі. За выключэньнем лічаных асуджаных, як лазеншчыкі ці качагары, якія былі на асаблівым становішчы. У іх выходзіла па 20-30 рублёў. Усе астатнія ў параўнаньні зь імі, як жабракі», — успамінае Аляксей Гайшун.
У магілёўскай «пятнашцы» зарэгістравана дзяржаўнае прадпрыемства, якое так і называецца, «Пятнаццаць», па дрэваапрацоўцы і вытворчасьці мэблі. Зэкі вырабляюць шафы, ложкі, сталы, тумбачкі, паліцы, офісную мэблю.
Маглёўскай ПК-15 удалося атрымаць для часткі сваёй прадукцыі — офіснай мэблі — міжнародны «зялёны» сэртыфікат FSC (Forest Stewardship Council, Лясной папячыцельскай рады).
Такія сэртыфікаты выдаюцца паводле некалькіх крытэраў, сярод якіх экалягічнасьць вытворчасьці і адсутнасьць парушэньняў правоў чалавека пры вырабе прадукцыі.
Сэртыфікат FSC ПК-15 атрымала 19 жніўня 2020 году, калі сьвет ужо ведаў пра масавыя катаваньні пратэстоўцаў у Беларусі. Да таго ж праваабаронцы «Вясны» прыводзілі шматлікія прыклады парушэньняў працоўных правоў зьняволеных, апісвалі выпадкі вытворчых траўмаў. Яны заўсёды зьвярталі ўвагу міжнародных структур на тое, што «ўмовы ўтрыманьня зьняволеных у калёніях зьяўляюцца формай жорсткага бесчалавечнага зьневажальнага абыходжаньня».
Дарэчы, такія ж сэртыфікаты FSC атрымлівалі Бабруйская ПК-2, Шклоўская ПК-17, Івацэвіцкія ПК-5 і ПК-22 ды іншыя. І тыя сэртыфікаты ў іх былі адазваныя толькі ў другой палове 2021 году менавіта з прычыны парушэньня правоў чалавека.
На працу ў ПК-15 водзяць і пэнсіянэраў, і хворых. 59-гадовы літаратар і паліттэхноляг Аляксандар Фядута хварэе на падагру, мае праблемы з сэрцам, задышку. Пэўны час вязьню не перадавалі прызначаных яму лекаў. Вязень Ігар, які нядаўна вызваліўся, кажа, што часта Фядута ледзьве перасоўвае ногі — ён займаецца прыбіраньнем цэху, дзе вязьні чысьцяць дрот, падмятае рэшткі ізаляцыі.
«Усіх палітычных спачатку абавязкова праз ШЫЗА прапускалі»
Паводле былога вязьня Алега Грузьдзіловіча, збольшага калёнія ня мае рэпутацыі жахлівай, бо прызначаная для першаходаў.
«Там няма рэцыдывістаў і норавы больш-менш нармальныя. Ахоўнікі адпаведныя. Казаў адзін палітычны, што ў пачатку 2021-га палітычных білі, але я ў 2022-м такога масавага біцьця не засьпеў. Мне асабіста дасталося пару разоў па шыі ззаду ад аднаго ахоўніка-афіцэра, як толькі я прыбыў у ПК-15, аднак больш мяне не чапалі. Але амаль усіх палітычных спачатку абавязкова праз ШЫЗА прапускалі», — кажа Алег Грузьдзіловіч.
Вясной 2021 году палітвязьня Арцёма Анішчука зьмясьцілі ў ШЫЗА на 40 дзён. Там на яго напаў псыхічна хворы зьняволены і падрапаў сьпіну. Паводле жонкі Анішчука, на яе мужа маральна ціснулі, таму ён на знак пратэсту праглынуў мэталічныя прадметы.
«Пад’ём у ШЫЗА на гадзіну раней, чым у атрадзе, а пятай раніцы. Трэба імгненна ўскочыць і прышпіліць нары да сьцяны. Матраца і пасьцельнай бялізны не выдаюць, чалавек сьпіць на голых дошках. З „мэблі“ ў камэры ёсьць высокі зэдлік ля маленькага стала. Раніцай прыборка: трэба падмесьці падлогу венікам, які выдае „прадольны“, выцерці пыл з усіх паверхняў дзіравай анучкай, выдраіць „талчок“ — санвузел у выглядзе чыгуннага карыта зь дзіркай. Афіцэр можа прычапіцца, што прыборка дрэнна прыведзена, і вынесьці спагнаньне, каб падоўжыць тэрмін утрыманьня ў штрафным ізалятары.
Прагулкі забароненыя, не дазволена чытаць кнігі ці газэты, не працуе радыё. Чалавек знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. Плюс па начах у ШЫЗА вельмі холадна. Часьцяком вязьні мараць, каб іх перавялі ў ПКТ — там штодня ёсьць прагулкі, можна чытаць, пісаць і атрымліваць лісты», — расказвае былы вязень Ігар, які трапляў у ШЫЗА ПК-15 чатыры разы.
Спробы ўцёкаў былі, але безвыніковыя
За апошнія 15 гадоў прынамсі двойчы зэкі спрабавалі ўцячы з магілёўскай калёніі, але безвынікова. І кожны раз — з прамысловай зоны. Бо гэта адзінае месца ў калёніі, дзе можна схавацца: там шмат цэхаў, вытворчых памяшканьняў, абсталяваньня, складоў і звалак.
«На „промку“ асуджаныя праходзяць арганізавана, пасьля пільнага кантролю і пайменнага пералічваньня, і гэтаксама выходзяць. І калі на выхадзе на аднаго чалавека меней, гэта і азначае, што нехта ўдарыўся ва ўцёкі. Аднойчы ўцекача шукалі на промцы ажно тры дні. І знайшлі толькі пасьля здрады іншых асуджаных», — расказваў журналісту Алегу Грузьдзіловічу вязень Сяргей, асуджаны за забойства, які працяглы тэрмін знаходзіцца ў калёніі.
«Ахоўнікі аблазілі ўсе закуткі, прыводзілі на „промку“ службовых сабак, але ўсё безвынікова. І тады зэкаў пашыхтаваў начальнік калёніі і паабяцаў датэрміновае вызваленьне таму, хто пакажа месца, дзе хаваецца ўцякач. Так бы мовіць, спакусіў воляй. І сапраўды, знайшліся двое асуджаных, якія падказалі. Начальнік сваё слова стрымаў, тыя вязьні выйшлі з калёніі датэрмінова.
Папраўдзе, інакш было і немагчыма, бо, калі б засталіся, іншыя зэкі іх бы прыдушылі. Але па выніку атрымалася, што адзін спрабаваў уцячы ды ня змог, затое вызваліліся два іншыя. Хоць гэтым дапамог», — расказваў Сяргей.
«Праўду шукаеш? Я тут начальнік: хачу адпушчу, хачу — не»
Кіруе калёніяй № 15 палкоўнік Аляксей Лазарэнка. У органах МУС ён з 1996 году, пачынаў з начальніка атраду, паступова даслужыўся да начальніка калёніі.
Як паведаміў Свабодзе BelPol, Лазарэнка неаднаразова парушаў правілы дарожнага руху (прынамсі ў 2009 і ў 2015 гадах), быў аштрафаваны.
13 жніўня 2018 году начальнік калёніі атрымаў заўвагу «за парушэньне службовай дысцыпліны».
Некалькі разоў у дачыненьні да Лазарэнкі праводзіліся службовыя праверкі. Прынамсі дзьве зь іх зьвязаныя зь Пятром Кучурам, які быў асуджаны на 17 гадоў турмы за забойства егера і цягам 13 гадоў адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15 і крытай турме № 4. Жонка Пятра Людміла Кучура шмат гадоў намагалася даказаць, што яе мужа асудзілі несправядліва, і зьвярталася ва ўсе інстанцыі са скаргамі. Пятро цалкам адседзеў тэрмін і вызваліўся ў 2021 годзе. Вось што ён апавядаў Радыё Свабода пра начальніка калёніі Лазарэнку:
«У 2016 годзе ў калёніі мне паабяцалі датэрміновае вызваленьне. Парушэньняў у мяне не было. Але начальнік калёніі ашалеў і крычыць: «Ён з нас столькі крыві папіў! Будзеш сядзець ад званка да званка!». Я патэлефанаваў жонцы. Яна пайшла ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў да тагачаснага начальніка Сяргея Дарожкі. Празь месяц зноў камісія: «Праўду шукаеш? Я тут начальнік: хачу адпушчу, хачу — не».
Пятро Кучура сьцьвярджаў, што начальнік калёніі ўласнаручна яго біў, ударыў разоў пяць, маўляў, «калі не перастанеш пісаць скаргі, я цябе вызвалю ў драўляным касьцюме».
Расказваў Кучура і аб правакацыі, якую яму ўчынілі ў ПК-15 пры пераводзе ў магілёўскую турму № 4.
«Начальнік калёніі паклаў на стол 4 тамы справы — вось колькі на мяне папер панапісвалі, і кажа: „Прапануецца накіраваць Кучуру на 3 гады ў турму“. Камісія — 6 жанчын, усе галасуюць „за“. Прычым усе дакумэнты на турму былі падрыхтаваныя загадзя. Я абурыўся: „Што за цырк? Усё гатова, навошта было разыгрываць гэты спэктакль? Навошта тады камісія?“ Кажу: „Дайце хоць азнаёміцца з дакумэнтамі“. Даюць тэчку, а там ляжыць лязо. Я ўзяў лязо, схаваў паміж пальцамі. Выйшаў. Стаіць супрацоўнік рэжымнага аддзелу і кажа: „Чаго ты не ўскрываесься? Чаго чакаеш? Самы добры момант!“
У мяне нейкі туман у галаве, памутненьне: ніколі б такога не зрабіў! Аднак бяру лязо — і 9 разоў паласнуў па руцэ. Заламалі рукі, завялі ў кабінэт рэжымнікаў. Прыбягае начальнік турмы, такі задаволены, радасны: „Нарэшце я дачакаўся, што Кучура „ўскрыўся“!“ Які ў мяне ўдалы дзень — двайное сьвята!» — успамінае палкоўніка Лазарэнку Пятро Кучура.
Праўда, усе праверкі ў дачыненьні начальніка калёніі Лазарэнкі скончыліся безвынікова, парушэньняў з боку кіраўніка не знайшлі.
Што да палітычных, да іх у Лазарэнкі асаблівае стаўленьне. Вось як апісвае сваю першую сустрэчу з Лазарэнкам былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч:
«Чалавек з чырвоным тварам падымае вочы ад папер і з паўшэпту адразу пераходзіць на роў: „Што, журналіст? Радыё Свабода? Вы каго мне прывезьлі? Адвакаты і журналісты — самыя дрэнныя людзі... Ну ты папаў! Ты за ўсё мне адкажаш, рыхтуйся! Ты чаго сюды прыехаў? Вяртайся ў сваю Амэрыку!“. Пасьпяваю ўставіць, што я грамадзянін Беларусі і заўсёды жыў тут. „Маўчаць! Рот свой паганы закрый!“ — палкоўнік пераходзіць на шалёны крык».
Пасьля першага знаёмства Лазарэнка адправіў журналіста на 10 дзён у ШЫЗА. Падчас другой размовы з Алегам Грузьдзіловічам Аляксей Лазаранка параіў журналісту не на працу прасіцца, а лепш кніжкі чытаць.