Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанціна Кальцова пахаваюць у Менску


Канстанцін Кальцоў у складзе зборнай Беларусі. 2009 год
Канстанцін Кальцоў у складзе зборнай Беларусі. 2009 год

Былая жонка Канстанціна Кальцова ўпэўненая: ён не зьбіраўся паміраць. І назвала шэраг чыньнікаў, якія пра гэта сьведчаць.

Экс-хакеіст зборнай Беларусі Канстанцін Кальцоў загінуў у 42 гады. Трагедыя здарылася ў гатэлі ў Маямі, дзе спыняўся беларус. Гэта здарылася празь дзень пасьля звальненьня з уфімскага «Салавата Юлаева», у якім ён працаваў памочнікам трэнэра.

Кальцоў зьбіраўся на тэніс, каб падтрымаць сваю дзяўчыну Арыну Сабаленку, якая будзе гуляць на Miami Open, што стартаваў 19 сакавіка.

Паліцыя пацьвердзіла Свабодзе, што Кальцоў забіў сябе. Але былая жонка Канстанціна Юлія Міхайлава адзначае, што гэта можа быць пасьпешлівай высновай.

«Люстэрка» зьвязалася з былой жонкай Кальцова, якая жыве зь дзецьмі ў ЗША, і тая расказала дэталі трагедыі. Былая жонка і дзеці жывуць прыкладна ў гадзіне язды ад таго гатэлю, у якім з гаўбца ўпаў экс-хакеіст.

«Сьледзтва ўзяло матэрыялы на таксыкалягічныя аналізы. Усе вынікі будуць гатовыя цягам месяца. У паліцыі застаўся таксама тэлефон і ноўтбук Канстанціна — да завяршэньня расьсьледаваньня. У гэты момант нельга дакладна сьцьвярджаць, быў гэта суіцыд ці няшчасны выпадак».

Сама былая жонка перакананая, што гэта было апошняе і Канстанцін не зьбіраўся паміраць. Ейную вэрсію аб здарэньні ўскосна пацьвярджаюць лісты Кальцова, на якія Міхайлава спасылаецца.

«У нас застаўся стары сямейны кампутар з электроннай поштай Канстанціна. Я ведала паролі і ўдалося адкрыць некаторыя лісты. У Канстанціна былі далей зарэзэрваваныя апартамэнты ў іншым месцы. Былі аплачаныя пакупкі, якія яшчэ не прыйшлі. Надоўга арандаваная машына. То бок ён не зьбіраўся паміраць. Усякае, вядома, можа ў галаву стрэльнуць, але трагедыі нічога не прадказвала».

Яна лічыць, што беларускія журналісты выдалі здагадку паліцыі за факт і таму напісалі пра самазабойства. Але гэта яшчэ ня вызначана на сто адсоткаў. Колішняя жонка Кальцова мяркуе, што ён быў вельмі п’яны, а ў пакоі знайшлі пустыя пляшкі.

Яшчэ ў размове з журналістамі яна назвала Арыну Сабаленку «прыемнай дзяўчынай» і расказала пра пахаваньне Канстанціна. Зараз зьбіраюцца ўсе дакумэнты, каб пасьля завяршэньня ўсіх працэдураў адправіць парэшткі Канстанціна ў Менск, дзе яго і пахаваюць. Зь вядомых прычын (экспэртызы) дата пахаваньня яшчэ ня можа быць вядомай.

Сама Юлія гаворыць, што пакуль застаецца зь дзецьмі з ЗША, але час пакажа, дзе сям’я апынецца. Дзеці ходзяць у школу, а ёй неабходна вырашаць шмат пытаньняў, зь якімі раней не сутыкалася. Ускладняе сытуацыю тое, што паўсюль трэба хадзіць са старэйшым (18-гадовым) сынам Даніілам, бо менавіта ён, а не яна, лічыцца спадчыньнікам Кальцова. Таму старэйшы сын расьпісваецца ва ўсіх дакумэнтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG