Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з гуртом «Бі-2» ў Вільні


Фота прэс-службы Сьвятланы Ціханоўскай
Фота прэс-службы Сьвятланы Ціханоўскай

15 сакавіка дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з удзельнікамі гурту «Бі-2» ў Вільні, куды яны прыехалі з канцэртам.

Падчас сустрэчы музыкі падзякавалі Сьвятлане Ціханоўскай за падтрымку ў справе іх вызваленьня з тайскай турмы. Ціханоўская выказала словы павагі музыкам ад беларусаў за іх антываенную пазыцыю, і папрасіла не забываць сваё беларускае паходжаньне, паведамляе прэс-служба беларускай дэмакратычнай лідэркі.

Музыкі «Бі-2» распавялі Ціханоўскай, што хацелі ў 2020-м выступіць каля Стэлы ў Менску, але не пасьпелі. Ціханоўская запытала, ці выступяць музыкі пасьля перамогі ў Менску. Яны сказалі, што абавязкова.

У Вільні адбыўся першы канцэрт «Бі-2» пасьля падзеяў у Тайляндзе, калі іх затрымалі на запыт расейскіх уладаў.

Музыкаў прыйшлі паслухаць і падтрымаць шмат беларусаў. Падчас канцэрту ў залі былі бел-чырвона-белыя сьцягі.

На запрашэньне фронтмэнаў гурта Лёвы і Шуры Ціханоўская засталася на канцэрт, музыкі прывіталі беларусаў са сцэны.

«Вельмі прыемная сустрэча са Святланай Ціханоўскай перад канцэртам! Вільня, дзякуй!» — напісаў у сваім Інстаграме Лёва «Бі-2» і апублікаваў фота сустрэчы.

15 сакавіка, перад канцэртам у Вільні, саліст «Бі-2» Лёва (Ягор Бортнік) даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода:

  • «Бі-2» — расейскамоўны рок-гурт, утвораны ў 1988 годзе ў Бабруйску. Заснавальнікі і ўдзельнікі — Шура Бі-2 (Аляксандар Уман — гітара, вакал) і Лёва Бі-2 (Ягор Бортнік — асноўны вакал). У склад каманды таксама ўваходзяць Андрэй Званкоў (гітара), Макс Лакмус (бас-гітара), Барыс Ліфшыц (ударныя, пэркусія) і Ян Нікаленка (бэк-вакал, клявішныя, флейта, пэркусія).
  • У 2020-м музыкі «Бі-2» падтрымалі пратэсты ў Беларусі.
  • Неўзабаве пасьля пачатку вайны гурт «Бі-2» быў вымушаны спыніць канцэрты ў Расеі і Беларусі.
  • У красавіку артысты адмовіліся выступаць у Омску, бо ў залі быў плякат «Zа президента», пасьля гэтага ўсе іх канцэрты ў РФ скасавалі або надоўга адклалі.
  • Музыкі рок-гурту «Бі-2» правялі па 5-6 дзён у тайскай турме. Іх затрымалі 25 студзеня. Афіцыйнай прычынай арышту стала тое, што яны выступалі ў Тайляндзе з канцэртамі без адпаведнага дазволу. Расейскі кансулят у Тайляндзе дамагаўся дэпартацыі музыкаў у Расею. Урэшце ўсіх музыкаў вызвалілі і яны змаглі пакінуць Тайлянд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG