Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка пра пагрозы жыцьцю і прынцыповую розьніцу паміж беларускім і расейскім грамадзтвам


Павал Латушка на канфэрэнцыі ў Варшаве, жнівень 2023
Павал Латушка на канфэрэнцыі ў Варшаве, жнівень 2023

У Вільні на расейскага апазыцыянэра Леаніда Волкава напалі з малатком. У арганізацыі нападу ён абвінаваціў Пуціна. Наколькі рэальныя пагрозы ад рэжыму Лукашэнкі беларускім палітыкам у эміграцыі? Пра гэта гаворыць кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

  • Лукашэнка пачаў забіваць сваіх апанэнтаў з 90-х гадоў. Ужо тады было вядома аб стварэньні так званых «эскадронаў сьмерці». Потым стала вядома і аб стварэньні структуры, якая займаецца палітычнымі забойствамі па-за межамі Беларусі.
  • Пасьля падзеяў 2020 году мы не аднойчы чулі публічныя выказваньні як з боку самога дыктатара, гэтак і з боку генэральнага пракурора, кіраўніцтва Сьледчага камітэту, сакратарыяту Савету бясьпекі, старшыні КДБ і іншых прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, што яны будуць дзейнічаць так, як дзейнічаў НКВД.
  • У свой час сам Лукашэнка сказаў мне: «Я цябе задушу ўласнымі рукамі, калі ты здрадзіш мне». Гэта было яшчэ падчас маёй працы міністрам культуры ў 2010 годзе, калі я ўступіўся ў размове зь ім за Ўладзімера Някляева.
  • За апошнія гады я асабіста ўвесь час атрымліваю пагрозы, іх было ўжо больш за сто — як публічныя, гэтак і прыватныя. Толькі за апошні месяц было чатыры пагрозы мэйлам на мой пэрсанальны адрас, што людзі, якія займаюцца маёй ліквідацыяй, ужо знаходзяцца ў Варшаве. Але гэта не ўплывае на маю дзейнасьць як палітыка. Я працягваю працаваць і змагацца з гэтым жудасным рэжымам.
  • Паўтара года таму на акцыі каля расейскай амбасады ў Варшаве да мяне падышоў чалавек у масцы і сказаў: «А вы не баіцеся хадзіць на такія акцыі? Бо вы павінны разумець, што ў любы момант вам могуць усадзіць нож у сьпіну».
  • Тады я падаў заяву ў польскую пракуратуру пра пагрозу забойства. І я рэгулярна перадаю такую інфармацыю ў адпаведныя праваахоўныя органы. Але дэталі расьсьледаваньняў я альбо ня ведаю, альбо абмежаваны канфідэнцыйнасьцю сьледчых дзеяньняў.
  • Трэба фільтраваць сваю камунікацыю і разумець, хто вас куды запрашае і зь якой мэтай, ці варта туды ісьці або ехаць. Я гэта ведаю яшчэ з працы амбасадарам і дыпляматам.
  • Разумна заўсёды самому адкрываць бутэльку вады і піць з гэтай бутэлькі. У нас тут ёсьць былыя афіцэры, мы маем камунікацыі з былымі афіцэрамі і ў Беларусі, і яны тлумачаць, што самы просты спосаб ліквідаваць палітычнага апанэнта для рэжыму Лукашэнкі — гэта атручваньне.
  • Палітычныя зьмены ў Беларусі бязь зьмены рэжыму ў Расеі больш складаныя, але гэта нельга называць нерэалістычным сцэнарам. Нам трэба прасоўваць тэзіс «Мо варта пачаць зь Беларусі».
  • Большасьць беларусаў — супраць Лукашэнкі і супраць вайны. Гэта прынцыповая розьніца паміж беларускім і расейскім грамадзтвам. Большасьць расейцаў — за Пуціна і за вайну супраць Украіны, таму нейкіх крытычных зьменаў у Расеі не адбудзецца.
  • Калі нехта спрабуе нас пакласьці ў адзін кошык з Расейскай Фэдэрацыяй, ён робіць тое самае, што рабілася на працягу апошніх стагодзьдзяў, каб усе беларускія пытаньні вырашаліся ў Маскве. Хопіць. Мы нацыя, мы народ, мы эўрапейская краіна, мы хочам жыць па эўрапейскіх прынцыпах і стандартах.

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG