Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт праводзіць новую акцыю падтрымкі беларускіх палітвязьняў


Будынак Эўрапарлямэнту
Будынак Эўрапарлямэнту

На пленарнай сесіі Эўрапейскага Парлямэнту ў Страсбуры 11-14 сакавіка праходзіць другая акцыя ў рамках ініцыятывы #EPSTANDSBYYOU.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», эўрапарлямэнтары могуць падпісаць паштоўку з назвай ініцыятывы і выявай пераможнага жэсту. Акцыя накіравана на «прыцягненьне ўвагі да цяжкай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», да становішча палітвязьняў, якіх «нелегітымны рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ў турмах паводле надуманых абвінавачаньняў, паддаючы іх пастаяннаму жорсткаму абыходжаньню і трымаючы ў нечалавечых умовах», піша «Позірк».

У ініцыятыўную групу ўваходзяць восем дэпутатаў: ад Польшчы — Анджэй Галіцкі, Ганна Фатыга; ад Літвы — Юозас Олекас, Пятрас Аўштравічус, Раса Юкнявічэне, Андрус Кубілюс; ад Нямеччыны — Віёля фон Крамон-Таўбадэль; ад Нідэрляндаў — Тэйс Рэтэн. Яны рэпрэзэнтуюць усе галоўныя палітычныя групы парлямэнту.

Першая акцыя ініцыятывы #EPSTANDSBYYOU прайшла ў сьнежні 2022 году. На 12 сакавіка праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі 1.418 чалавек, хоць насамрэч рэпрэсаваных з палітычных матываў больш.

Падпісаць паштоўку заклікала дэпутатаў 11 сакавіка прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала, выступаючы на адкрыцьці сесіі ЭП. Паводле яе, «25 лютага ў Беларусі прайшоў чарговы раўнд фіктыўных парлямэнцкіх і мясцовых выбараў падчас працяглых рэпрэсіяў і штораз горшых парушэньняў правоў чалавека». Эўрапарлямэнт «ніколі не заплюшчыць вочы на тое, як Лукашэнка душыць іншадумства, як людзей арыштоўваюць, катуюць і зьнявольваюць у турмах з палітычна матываванымі абвінавачаньнямі», дадала Мэтсала.

8 лютага ЭП прыняў рэзалюцыю «Новая хваля масавых арыштаў актывістаў апазіцыі і іхных сем‘яў у Беларусі», у якой, паміж іншага, заклікаў ЭЗ і міжнародную супольнасьць не прызнаваць вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў — праз брак празрыстасьці, свабоды й справядлівасьці.

Эўрапарлямэнт заклікаў неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, іхных сямейнікаў і адвольна затрыманых. Яны павінны быць адноўлены ў правах і атрымаць кампенсацыю.

На думку эўрапейскіх дэпутатаў, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі маюць быць больш жорсткімі, у тым ліку стасоўна тавараў, вырабленых з выкарыстаньнем прымусовай працы палітвязняў. Неабходна таксама ўзмацніць фінансавыя санкцыі і абмежаваньні для адказных за «сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека», у тым ліку высокапастаўленых чыноўнікаў і сілавікоў.

Эўрапарлямэнтары выступілі за далейшае скарачэньне дыпляматычнай прысутнасьці Беларусі ў Эўразьвязе, працяг падтрымкі ахвяраў рэжыму праз спэцыяльныя інструмэнты, якія дазваляюць ім атрымліваць візы і дазвол на жыхарства ў ЭЗ.

Яны заклікалі Эўракамісію і дзяржавы ЭЗ і далей «падтрымліваць дакумэнтаваньне парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі», «ператварыць аналіз сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, які праводзіць Управа Высокага камісара ААН у правах чалавека, у цалкам незалежны мэханізм расьсьледаваньня», «падтрымліваць мандат спэцыяльнага спавяшчальніка ААН аб правах чалавека ў Беларусі» і «ўзмацніць адказнасьць праз экстэрытарыяльную і ўнівэрсальную юрысдыкцыю».

ЭП заявіў аб салідарнасьці з народам Беларусі і падтрымцы яго «законных памкненьняў да дэмакратычнай і эўрапейскай будучыні», а таксама пацьвердзіў «прыхільнасьць да нястомнай працы з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасьцю і незалежнымі СМІ, каб прынесьці карысьць народу Беларусі».

Рэзалюцыю падтрымалі 459 дэпутатаў, супраць выступілі 14, устрымаліся 33.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG