Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Белсату“ давядзецца зьліквідаваць шмат перадачаў», — Агнешка Рамашэўская-Гузы пра скарачэньне фінансаваньня тэлеканалу


Агнешка Рамашэўская-Гузы
Агнешка Рамашэўская-Гузы

Новы ўрад Польшчы істотна скарачае бюджэт тэлеканалу «Белсат». Так вынікае з дакумэнту, які апублікавала МЗС Польшчы. Дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы называе гэта «фактычнай ліквідацыяй» Белсату. У інтэрвію Свабодзе яна растлумачыла, што адбываецца.

Ужо 16 гадоў тэлеканал «Белсат» фінансуецца праз адзін з дэпартамэнтаў Міністэрства замежных справаў. Штогод гэты дэпартамэнт публікуе плян разьвіцьця, у якім запісаны і бюджэт. Апошні быў апублікаваны ўвечары 7-га сакавіка і даступны ў інтэрнэце. На 34-й старонцы расьпісаныя выдаткі на 2024 год і пазначаная меншая, чым раней, сума для тэлеканалу «Белсат», кажа Рамашэўская.

«Польскае фінансаваньне можа зьменшыцца і для іншых беларускіх мэдыя»

«Гэты дакумэнт падпісаны міністрам замежных справаў, адсюль я раблю выснову, што гэта сума нашага бюджэту. Для тэлевізіі „Белсат“ там прадугледжана 40 мільёнаў злотых (летась 63 мільёны). Розьніца — амаль 6 мільёнаў даляраў. Раней кіраўніцтва „Белсату“ штогод запрашалі ў МЗС і мы дыскутавалі пра кірунак нашага разьвіцьця. Сёлета такой сустрэчы не было. Мне паведамілі, што нехта з Польскай тэлевізіі такія размовы вядзе, але хто — ня ведаю. Таму я ня ведаю дэталяў, бо са мной практычна ніхто не размаўляе. А новыя ўлады тэлевізіі ня ў курсе, як мы працуем, бо яны толькі прыйшлі», — гаворыць дырэктарка «Белсату».

Рамашэўска кажа, што каб зрабіць фінансаваньне каналу больш надзейным, у мінулыя гады яна прапаноўвала запісваць яго асобна ў бюджэт краіны. Але да гэтай ідэі не прыслухаліся.

«Фінансаваньне запісанае ў асобны дакумэнт МЗС. Але калі паглядзець бюджэт Польшчы на 2024 год, то ў частцы пад назвай „МЗС“ ёсьць пункт „Дзейнасьць тэлевізіі і радыё“. На яе прадугледжана 209 мільёнаў злотых. Менавіта з гэтай сумы 40 млн мае пайсьці на „Белсат“. На што пойдзе рэшта — ня маю паняцьця».

Рамашэўская мяркуе, што польскае фінансаваньне можа зьменшыцца і для іншых беларускіх СМІ. Рэч у тым, што бюджэт Фонду міжнароднай салідарнасьці, які фінансаваў «Радыё Рацыя», а таксама «Эўрарадыё» і «Радыё Ўнэт», таксама зьменшаны — на 9 мільёнаў злотых.

Фармальна «Белсат» ёсьць часткаю грамадзкай польcкай тэлевізіі TVP. Летась яна дадала да бюджэту каналу 11 мільёнаў злотых. Ці адбудзецца такое сёлета — невядома. Структура TVP у вялікім эканамічным крызісе. Прыбыткі ад рэклямы зьмяншаюцца, а фінансаваньне праз абанэмэнт гледачоў прыпыненае.

«Пасьля зьмены ўраду ў Польшчы тэлевізія пакуль фінансуецца з рэзэрвы прэм’ер-міністра. І я магу сказаць з упэўненасьцю на 99%, што для „Белсату“ з гэтых сродкаў ніхто ня дасьць ані граша», — лічыць Рамашэўская.

Што азначае меншы бюджэт

Новы бюджэт, пра які ідзе гаворка, на думку Рамашэўскай, азначае фактычную ліквідацыю каналу. Яна спасылаецца на пастаянныя выдаткі «Белсату», якія нават пасьля звальненьня часткі супрацоўнікаў не паўплываюць на зьмяншэньне сумы.

«Мы выкарыстоўваем тэхнічную інфраструктуру і плацім за яе. Няважна, колькі там працуе чалавек, 5 ці 15, мы плацім за яе столькі ж сама. Няважна, колькі людзей працуе ў памяшканьні, 40 ці 180, мы ўсё роўна плацім за арэнду такую ж суму. Розьніца можа быць, але яна будзе мізэрнай. Для параўнаньня, на цыклічныя перадачы „Белсату“, такія як „Двубой з Цыганковым“, „Плян B“, „Вячэрні шпіль“, мы выдаткоўваем 17 мільёнаў злотых. Гэта палова таго, што нам зьбіраюцца абрэзаць. Людзі часам не разумеюць, колькі каштуе тэлевізія. Гэта выдаткі на тэхніку, спадарожнік, студыі», — гаворыць Агнешка Рамашэўская.

Яна кажа, што не разумее матывацыі МЗС і намагаецца даведацца дэталі такога рашэньня. Дапускае, што сытуацыя можа быць зьвязаная з плянамі новага тэлеканалу TVP World, які хочуць зрабіць аналягам шматмоўных каналаў Deutsche Welle ці BBC.

«Магчыма, ад нас хочуць забраць расейскамоўныя праграмы. Але не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Мы маем расейскамоўнага гледача, больш за 1,3 мільёна падпісчыкаў на Youtube. У нас працуюць спэцыялісты, якія гэта пасьпяхова робяць. Навошта нешта мяняць, калі ўсё працуе — загадка», — лічыць Агнешка Рамашэўская.

Калі захаваецца бюджэт, пра які тут гаворка, то бок 40 мільёнаў злотых, то каналу давядзецца зьліквідаваць шмат перадачаў, кажа Рамашэўска.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG