Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін абмяркоўваў абмен Навальнага ў дзень яго сьмерці,— расейскае выданьне «Агентство»


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абмяркоўваў абмен апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага ў дзень яго сьмерці ў ямальскай калёніі. Аб гэтым піша «Агентство» з спасылкай на крыніцы.

Абмен абмяркоўваўся падчас асабістай сустрэчы Пуціна зь бізнэсмэнам Раманам Абрамовічам за некалькі гадзін да паведамленьня аб гібелі апазыцыянэра, гавораць два суразмоўцы «Агентства», у тым ліку знаёмы з Абрамовічам. Адзін зь іх сьцьвярджае, што Пуцін на словах пагадзіўся з угодай.

Тое, што Пуцін ухваліў абмен, дапускае і журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў.

«З таго, што мы ведалі ў апошнія дні да забойства, было ўражаньне, што ён пагадзіўся», — сказаў Грозеў «Агентству».

Пры гэтым журналіст лічыць, што згода Пуціна была прытворнай.

Паводле зьвестак «Агентства», перамовы пра абмен ішлі зь вясны 2023 году. Усе чатыры суразмоўцы выданьня гавораць, што на абмене Навальнага настойвала яго сям’я. Увосень 2023 году, пасля артыкула The Wall Street Journal пра магчымы абмен Навальнага на пажыцьцёва асуджанага ў Нямеччыне кілера Вадзіма Красікава, перамовы прыпыніліся. Аднавіліся яны зімой, калі Навальнага этапавалі ў калонію «Палярны воўк»: сямʼя апазыцыянэра пераканала заходніх палітыкаў, што пачалася падрыхтоўка да нечага дрэннага.

З словаў суразмоўцаў «Агентства» і — раней — паводле зьвестак ангельскамоўных мэдыя, Расея была гатовая вызваліць Навальнага, амэрыканскага журналіста Эвана Гершковіча і адстаўнога амэрыканскага марскога пяхотніка Пола Ўілана. Узамен Пуцін атрымаў бы Красікава і яшчэ «кагосьці з асуджаных у ЗША расейцаў».

Ува ўрадзе Нямеччыны абмен не камэнтавалі. Прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў казаў, што ня мае інфармацыі пра перамовы аб такім абмене.

Навальны загінуў 16 лютага ў калёніі асаблівага рэжыму «Палярны воўк».

У пасьведчаньні аб яго сьмерці сказана, што палітык памёр ад натуральных прычын. Прыхільнікі палітыка лічаць, што яго забілі.

Пасьля гібелі Навальнага ў гарадах Расеі і замежжа прайшлі шматлікія акцыі ў памяць палітыка. Сотні былі затрыманыя і арыштаваныя. На пахаваньне палітыка ў Маскве прыйшлі больш за 16 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG