Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё пасланьне Пуціну простае. Мы ня сыдзем. Мы ня схілімся». Што сказаў прэзыдэнт Байдэн у Кангрэсе ЗША


Джо Байдэн выступае ў Кангрэсе ЗША
Джо Байдэн выступае ў Кангрэсе ЗША

«Гэта было ня так даўно, калі прэзыдэнт-рэспубліканец Рональд Рэйган грымеў: «Містэр Гарбачоў, зьнясі гэтую (Бэрлінскую) сьцяну», — нагадаў Байдэн і прадоўжыў: «Цяпер мой папярэднік, былы прэзыдэнт-рэспубліканец, кажа Пуціну: „Рабі, чорт вазьмі, што хочаш“».

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн выступіў перад Кангрэсам з дакладам аб становішчы ў ЗША.

Як паведаміў «Голас Амэрыкі», ён падкрэсьліў свае рознагалосьсі з Дональдам Трампам у замежнапалітычных, сацыяльных і эканамічных пытаньнях, у прыватнасьці, у пытаньні аб падатках для багатых.

Штогадовы выступ прэзыдэнта ЗША прайшоў увечары 7 сакавік. Адпаведна патрабаваньню Канстытуцыі прэзыдэнт павінен «час ад часу» даваць справаздачу перад Кангрэсам аб становішчы у краіне.

Падчас выступу Байдэна ў Кангрэсе ЗША
Падчас выступу Байдэна ў Кангрэсе ЗША

Падтрымка Украіны ў абароне ад расейскай агрэсіі

У самым пачатку свайго выступу прэзыдэнт Байдэн заявіў, што Ўкраіна можа спыніць агрэсію пуцінскай Расеі, але для гэтага Вашынгтон павінен працягнуць вайсковую дапамогу Кіеву.

«Калі хтосьці ў гэтай зале думае, што Пуцін спыніцца на Ўкраіне, то, запэўніваю вас, ён гэтага не зробіць. Але Ўкраіна можа спыніць Пуціна, калі мы падтрымаем Украіну і дамо ёй зброю, неабходную для самаабароны. Гэта ўсё, пра што просіць Украіна. Яны ня просяць амэрыканскіх салдатаў», — заявіў Байдэн.

Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што амэрыканскія вайскоўцы не ваююць ва Ўкраіне і ён мае намер трымацца гэтай палітыкі.

Падчас выступу Байдэна
Падчас выступу Байдэна

«Але цяпер дапамога Ўкраіне блякуецца тымі, хто хоча, каб мы адмовіліся ад нашага лідэрства ў сьвеце», — сказаў Байдэн, маючы на ўвазе пазыцыю рэспубліканцаў у Палаце прадстаўнікоў.

Прэзыдэнт таксама вітаў афіцыйнае далучэньне Швэцыі да NATO, якое яшчэ больш згуртавала і ўзмацніла Паўночнаатлянтычны альянс, самы магутны вайскова-палітычны зьвяз у сусьветнай гісторыі, паводле Байдэна.

«Маё пасланьне прэзыдэнту Пуціну простае. Мы ня сыдзем. Мы ня схілімся. Я не схілюся»,— сказаў Байдэн пад гучныя воплескі ў зале.

«Гісторыя глядзіць на нас», — некалькі разоў паўтарыў прэзыдэнт ЗША.

«Гэта было ня так даўно, калі прэзыдэнт-рэспубліканец Рональд Рэйган грымеў: «Містэр Гарбачоў, зьнясі гэтую (Бэрлінскую) сьцяну», — нагадаў Байдэн і прадоўжыў: «Цяпер мой папярэднік, былы прэзыдэнт-рэспубліканец, кажа Пуціну: „Рабі, чорт вазьмі, што хочаш“».

Выступае Джо Байдэн
Выступае Джо Байдэн

Унутрыпалітычны парадак дня

Джо Байдэн пастараўся пазначыць кантраст з Дональдам Трампам, сваім патэнцыйным рэспубліканскім супернікам на выбарах 5 лістапада, і заявіў аб сваёй прыхільнасьці праву жанчын на аборты.

Прэзыдэнт ЗША таксама засяродзіўся на пагрозах для дэмакратыі, якія, на яго думку, нясе Дональд Трамп, бо былы прэзыдэнт паўтарае, паводле словаў Байдэна, ілжывыя сьцьвярджэньні аб сваёй паразе на выбарах 2020 году і зьбіраецца перасьледаваць сваіх палітычных апанэнтаў.

Эканамічны парадак дня

Джо Байдэн падкрэсьліў, што амэрыканская эканоміка хуткімі тэмпамі працягвае аднаўляцца і што «пандэмія больш не кантралюе нашае жыцьцё» дзякуючы масавай вакцынацыі амэрыканцаў.

«Мне дасталася эканоміка, якая стаяла на мяжы краху. Цяпер наша эканоміка выклікае зайздрасьць ва ўсім сьвеце! 15 мільёнаў новых працоўных месцаў было створана ўсяго за тры гады — гэта рэкорд. Узровень беспрацоўя — найніжэйшы за апошнія 50 гадоў», — паведаміў прэзыдэнт ЗША.

Байдэн таксама дадаў, што рэкордная колькасьць амэрыканцаў — 16 мільёнаў чалавек — заняліся малым бізнэсам, адбыўся гістарычна рэкордны рост працоўных месцаў і рост малога бізнэсу сярод афраамэрыканцаў, лацінаамэрыканцаў і азіяцка-амэрыканскіх грамадаў.

«Сёньня больш людзей маюць мэдычную страхоўку, чым калі-небудзь раней. Расавы разрыў у багацьці — мінімальны за апошнія 20 гадоў. Заробкі працягваюць расьці, а інфляцыя працягвае зьніжацца», — заявіў Байдэн.

Паводле прэзыдэнта ЗША, інфляцыя зьнізілася з 9% да 3% — гэта найніжэйшы ўзровень у сьвеце.

Падатак на багацьце

«Каб зрабіць падатковы кодэкс справядлівым, трэба прымусіць вялікія карпарацыі і вельмі багатых людзей нарэшце плаціць сваю частку. У 2020 годзе 55 найбольшых кампаніяў Амэрыкі атрымалі 40 мільярдаў даляраў прыбытку і не заплацілі нічога ў выглядзе фэдэральных падаходных падаткаў. Больш такога ня будзе! Дзякуючы закону, які я склаў і падпісаў, вялікія кампаніі цяпер павінны плаціць як мінімум 15 адсоткаў. Але гэта ўсё роўна менш, чым простыя работнікі плацяць у выглядзе фэдэральных падаткаў», — дадаў ён.

Джо Байдэн
Джо Байдэн

Як заявіў прэзыдэнт, час падняць мінімальны карпарацыйны падатак прынамсі да 21 %, «каб кожная вялікая карпарацыя нарэшце пачала плаціць справядлівы ўнёсак».

«Я таксама хачу скончыць з падатковымі льготамі для вялікіх фармацэўтычных і нафтавых кампаніяў, прыватных самалётаў і велізарных заробкаў кіраўнікоў кампаніяў!», — паабяцаў гаспадар Белага дому.

«У Амэрыцы 1000 мільярдэраў. Ведаеце, якая сярэдняя стаўка фэдэральнага падатку для гэтых мільярдэраў? 8,2 працэнта! Гэта нашмат менш, чым плаціць пераважная большасьць амэрыканцаў. Ніводны мільярдэр не павінен плаціць падатак меншай стаўкі, чым настаўнік, працаўнік санітарных службаў, мэдсястра! Вось чаму я прапанаваў увесьці мінімальны падатак для мільярдэраў у 25 %. Усяго 25 %. Гэта дазволіць сабраць 500 мільярдаў даляраў цягам наступных дзесяці гадоў», — падкрэсьліў Джо Байдэн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG